Вы тут

Як крочыць у будучыню старажытны Навагрудак


Сёлета горад адзначае 980 гадоў існавання. Праграма свята абяцае быць насычанай і самабытнай. Але зразумела, што правесці свята без эканамічнага фундамента наўрад ці магчыма. Аб тым, што спрыяе развіццю Навагрудчыны і з чым тут звязваюць далейшы рух наперад, наша размова са старшынёй Навагрудскага райвыканкама Сяргеем Чаркоўскім.


— Сяргей Сяргеевіч, несумненна, сённяшні стан эканомікі выцякае з папярэдняга года. Ці задаволены вы тым, як склаўся сельскагаспадарчы год для раёна?

—— Мінулы год для Навагрудскага раёна склаўся даволі паспяхова. Асноўныя прагнозныя паказчыкі сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёна выкананы. Усе выдатна папрацавалі на агульны вынік.

Аграрыі яшчэ раз пацвердзілі, што могуць забяспечыць харчовую бяспеку краіны. У 2023 годзе сельскагаспадарчымі арганізацыямі атрымана звыш чым 92 тысячы тон збожжавых і зернебабовых культур пры ўраджайнасці амаль 50 цэнтнераў з гектара. Гэта больш, чым у папярэдні год. Парадаваў рапс, якога мы таксама сабралі рэкордны ўраджай. Добра ўрадзілі цукровыя буракі, іх мы атрымалі амаль 73 тысячы тон, каля 8 тысяч тон сабралі бульбы.

У раёне значная ўвага надаецца кармавой базе. Яе таксама нарыхтавана больш, чым у 2022-м. А раён па гэтым паказчыку заняў першае месца ў вобласці. На пачатак снежня ў гаспадарках раёна нарыхтавана 160 тысяч тон кармавых адзінак, што на 5% больш чым запас папярэдняга года. Такім чынам, сёлета на адну ўмоўную жывёлу назапашана 34 цэнтнеры кармавых траў, і гэта самы вялікі аб’ём сярод раёнаў вобласці.

Зразумела, што за ўсімі гэтымі станоўчымі вынікамі і дасягненнямі стаіць вялікая праца людзей, якія любяць сваю зямлю. І вялікі ім за гэта дзякуй. Разам з тым, у нас нямала планаў на далейшае развіццё аграрнай галіны.

— Навагрудак — даволі трывалы рэгіён у прамысловым плане. Спажыўцы добра ведаюць многія харчовыя брэнды, у тым ліку малочную, рыбную прадукцыю. Якія прадпрыемствы спрацавалі найбольш удала?

— Станоўчыя вынікі можна адзначыць у сферы вытворчасці, гандлю і паслуг. Аб’ём вытворчасці прамысловай прадукцыі ў фактычных цэнах склаў 571 мільён рублёў, індэкс фізічнага аб’ёму вытворчасці 105,5%.

Сярод «кітоў» нашай вытворчасці — філіял «Навагрудскія Дары» прадпрыемства «Лідскі малочна-кансервавы камбінат», які забяспечвае 41% агульнага аб’ёму прамысловасці. У тройку лідараў таксама ўваходзяць Навагрудскі завод газавай апаратуры і сумеснае прадпрыемства «Леор Пластык». Гэта самыя моцныя нашы вытворцы, якія забяспечваюць 85% усяго аб’ёму прамысловай вытворчасці. 

І ў мінулым годзе яны не здалі сваіх пазіцый, а наадварот, умацавалі фінансавае становішча. А два прадпрыемствы: Навагрудскі завод газавай апаратуры і Навагрудскі завод металавырабаў — сталі ўладальнікамі ГРАН-пры міжнароднай бізнес-прэміі «Лідар года — 2023».

Мы маем нядрэнныя экспартныя пазіцыі. Амаль 70% прадукцыі было адпраўлена ў 17 краін свету. У цэлым экспарт тавараў у раёне склаў 120 мільёнаў долараў ЗША. Па асобных таварных пазіцыях адкрыты новыя рынкі збыту ў такія краіны, як Ірак, Іран і Таджыкістан.

— Як правіла, устойлівая эканоміка дае магчымасць развіваць сацыяльную сферу. У якім кірунку будзе зроблены акцэнт?

— Сёлета будзе зроблены значны крок у мадэрнізацыі медыцыны. Пры падтрымцы абласной улады будзем займацца рамонтам паліклінікі, праект ужо распрацаваны. Летась у раёне пачаў дзейнічаць модульны ФАП, а ў хуткім часе будзе адкрыта яшчэ чатыры.

— Навагрудак славіцца сваёй гісторыка-культурнай спадчынай, у першую чаргу, Навагрудскім замкам. Ведаю, што работы па рэстаўрацыі тут вядуцца даволі даўно…

— Зараз на Замкавай гары працягваецца кансервацыя руін трох вежаў ХІV-XVІ стагоддзяў, а таксама ідзе фарміраванне схілаў. Большая частка гэтых работ зроблена. Магчыма, сёлета пачнецца аднаўленне былой цэнтральнай вежы замка. Яна захавалася лепш за іншыя вежы і з’яўляецца самай пазнавальнай на руінах. Яе плануюць аднавіць поўнасцю і арганізаваць там музейную экспазіцыю. Праект павінен прайсці дзяржаўную экспертызу.

— Раён умацоўвае сяброўскія сувязі з гарадамі-пабрацімамі, набывае новых партнёраў. Наколькі шырокі дыяпазон такога супрацоўніцтва і ці ёсць намер прырастаць замежнымі сувязямі?

— Летась мы ў Навагрудку сустракалі дэлегацыі з гарадоў-пабрацімаў з нагоды 225-годдзя Адама Міцкевіча. Раздзяліць свята прыехалі прадстаўнікі Велікаболдзінскага муніцыпальнага раёна Ніжагародскай вобласці, муніцыпальнага ўтварэння «Вяземскі раён» Смаленскай вобласці і Светлагорскай гарадской акругі Калінінградскай вобласці Расійскай Федэрацыі.

У лістападзе мінулага года падпісана пагадненне аб устанаўленні пабрацімскіх адносін з горадам Дуньхуан правінцыі Ганьсу Кітайскай Народнай Рэспублікі. Сфера дзейнасці шырокая. Гэта і гандлёва-эканамічныя стасункі, і супрацоўніцтва ў галіне культуры, турызму і аховы навакольнага асяроддзя. Зараз мяркуем заключыць дагавор з турэцкай правінцыяй.

— Сёлета Навагрудак адзначае 980-гадовы юбілей. Як плануеце святкаваць? Што цікавага прапануеце месцічам і гасцям горада?

— Праграма абяцае быць вельмі насычанай, з элементамі старажытнасці, адбудзецца фестываль гістарычнай рэканструкцыі з рыцарскімі баямі, гэта заўсёды відовішчна і цікава. Падмацавацца можна падчас гастранамічнага фестывалю. Важнай асаблівасцю стане марафон добрых спраў, у выніку якога кожная арганізацыя зробіць гораду падарунак у выглядзе нейкага аб’екта — гэта можа быць устаноўка дзіцячых атракцыёнаў, лавак, агароджаў, турнікоў, скульптур і гэтак далей. Адбудзецца маладзёжны конкурс відэаролікаў «Любімы горад», пройдзе пленэр маладых мастакоў. Лагатып з юбілейнай датай будзе размешчаны на ўпакоўках прадукцыі. У праграме яшчэ шэраг цікавых імпрэзаў.

Знакавай падзеяй стане 80-я гадавіна вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Традыцыйна будуць рэалізоўвацца праекты і праграмы, прымеркаваныя да святкавання значнай даты ў гісторыі нашай краіны.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.