Вы тут

У Мінску адкрылася выстаўка памяці Аркадзя Куляшова


«Перад сабой і светам будзь праўдзівы...» Такім паэтычным радком Аркадзя Куляшова названа літаратурна-дакументальная выстаўка да 110-годдзя паэта, якая адкрылася 7 лютага ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва. З гэтай нагоды прайшла вечарына з удзелам сваякоў паэта і даследчыкаў яго творчасці.


Сярод слухачоў на вечарыне прысутнічалі вучні 40-й гімназіі горада Мінска, якія, як і ўсе беларускія школьнікі, вывучаюць у школе творчасць Куляшова, у тым ліку знакаміты верш «Бывай». Дырэктар архіва-музея Алена Макаранка нагадала, што, хоць гэты верш датаваны 1928 годам, тады і быў упершыню надрукаваны, але той варыянт, які мы ведаем, з’явіўся, калі паэт грунтоўна перапісаў твор ужо ў сталым узросце, пакінуўшы некранутымі пару радкоў. Слухачы атрымалі магчымасць параўнаць абодва варыянты верша, якія агучылі супрацоўнікі архіва.

— Самы знакаміты твор Аркадзя Куляшова на ваенную тэматыку — паэма «Сцяг брыгады», яе рукапіс захоўваецца ў нашым архіве, перададзены дачкой паэта Валянцінай. Гэта рэдкасць, таму што Куляшоў не захоўваў рукапісы. Як толькі твор быў гатовы, чарнавікі знішчаў, — распавяла Алена Макаранка. — Калі паглыбляешся ў вывучэнне дакументаў, адкрываеш шмат нечаканага. Напрыклад, аказалася, што Куляшоў цікавіўся касмічнай тэматыкай. Заўсёды даводзіў у спрэчках Максіму Танку і Пімену Панчанку, што жыццё на Марсе ёсць. Увогуле, быў вельмі шматпланавы... Пісаў артыкулы пра спорт, быў вельмі добрым шахматыстам і гульцом у гарадкі.

Шмат цікавага распавёў пра свайго дзядзьку пляменнік Аркадзя Куляшова Віталь Маслоўскі. Паэт любіў футбол, хадзіў на матчы, куды браў і малога пляменніка, зацята хварэў за «Спартак». Дзядзька браў Віталя і на рыбалку — меў уласную маторную лодку і цэлую калекцыю матораў. 

А дзеці ў Саматэвічах вельмі чакалі прыезду сваяка са сталіцы, бо была магчымасць пакатацца на яго машыне.

Згадаў Віталь Іванавіч і пра Алесю Карыткіну, прататып Алесі з твораў паэта. Калісьці маці Віталя Маслоўскага напісала Карыткінай, у замужжы Белазоравай, ліст з паведамленнем, што Куляшоў памёр. Завязалася перапіска. Але гэтую перапіску Віталь Іванавіч знайшоў толькі нядаўна. Дзесяць лістоў былі надрукаваныя ў студзеньскім часопісе «Полымя» гэтага года, а самі лісты, а ўсяго іх сямнаццаць, Віталь Маслоўскі пад канец вечарыны перадаў Беларускаму дзяржаўнаму архіву-музею літаратуры і мастацтва.

У Аркадзя Куляшова было сем унукаў. Старэйшы з іх, Уладзімір Бярбераў, таксама падзяліўся ўспамінамі. Сярод іншага — пра тое, што яго дзед расказваў пра падзеі, апісаныя ў паэме «Сцяг брыгады». Менавіта пабачанае ў час, калі паэт з сябрамі выбіраўся пад бамбёжкамі з Беларусі, прывялі да першага інфаркту, пра які ніхто не ведаў. А тады, уражаны адным жахлівым відовішчам, Куляшоў упаў з прыступам, і сябры тры дні яго неслі. Потым пайшоў сам, так і перанёс на нагах. Дабраліся да Оршы, дзе нарэшце знайшлі ваенкамат, адкуль атрымалі накіраванні на фронт.

— Дзед цікавіўся абсалютна ўсім. Акрамя побыту — вось побыт яго крышачку раздражняў. У шахматы нават першаразраднікі яму прайгравалі. У хаце быў маўклівы, увесь у сваіх думках. Мог ляжаць на канапе і глядзець у столь гадзінамі. Пасля падымаўся і з хуткасцю сакратаркі-машыністкі пачынаў друкаваць — складаў цэлыя раздзелы паэмы ў галаве і запісваў, пакуль не забыўся. Ніколі не рваўся ў прэзідыум, на трыбуну. Лічыў, што чалавек павінен быць сціплым.

Вядомая даследчыца Тэрэза Голуб, аўтар летапісу жыцця і творчасці Аркадзя Куляшова, распавяла, як працавала з сямейным архівам Аркадзя Куляшова, які перадалі сваякі паэта. Выказала і думку, якую падтрымалі ўсе: неабходна выдаць збор твораў народнага паэта Беларусі Аркадзя Куляшова з навуковымі каментарыямі, які, як ні прыкра, дасюль не з’явіўся. Літаратуразнаўца Міхась Кенька расказаў пра Куляшова-перакладчыка, як пільна той працаваў над словам — падрабязнасці паэт сам маладому дысертанту распавёў.

На вечарыне прысутнічаў і народны мастак Беларусі Іван Якімавіч Міско, які таксама падзяліўся ўспамінамі:

— З Аркадзем Куляшовым я пазнаёміўся ў мастацкім музеі, ён заўсёды прыходзіў на выставы. Тады па маладосці я не наважваўся падысці, схапіць яго за руку: пайшлі ў майстэрню, ляпіць буду... Таму, працуючы над яго помнікам, мемарыяльнай дошкай, давялося працаваць па ўспамінах, па фота.

Іван Якімавіч падзяліўся ідэяй: на Нарачы, дзе знаходзіліся лецішчы некалькіх славутых пісьменнікаў, у тым ліку Аркадзя Куляшова, зрабіць мемарыяльны комплекс. На лаўцы сядзяць Аркадзь Куляшоў, Максім Танк і Міхась Лынькоў, якія не раз бавілі разам час у Нарачанскім краі. Гэта быў бы выдатны турыстычны аб’ект.

— Чаму б не абвясціць творчы конкурс на помнік гэтым волатам? — прапанаваў Іван Якімавіч.

На выстаўцы прадстаўлена шмат унікальных дакументаў, напрыклад, лісты аднакласнікаў Куляшова, якія жылі ў той «камуне восем і адна», якую ён апісвае ў сваёй паэме «Далёка ад акіяна», — юны Аркадзь, які застаўся адзін у бацькоўскай хаце, запрасіў жыць да сябе аднагодкаў. Для архівістаў тут ёсць і загадка — у адным з лістоў гаворыцца, што Куляшоў «спаў у калясцы дзеда» і раніцай будзіў іншых «камунараў» на зарадку, падкотваючы да ложкаў у гэтай калясцы. Што гэта за каляска? Пакуль не высветлілі дакладна. Прадстаўлены і мсціслаўскі перыяд Куляшова, калі ён вучыўся ў педтэхнікуме, шмат дакументаў пра сяброў паэта, Юлія Таўбіна і Змітрака Астапенку, якія былі рэпрэсіраваны і пра якіх ён да канца жыцця ўспамінаў са скрухай, прысвяціў ім паэму «Маналог». Можна пабачыць і перапіску Куляшова ваеннага часу — з калегамі, са сваякамі: Куляшоў доўга не ведаў пра лёс сваёй сям’і, шукаў родных. Прадстаўлены і дакументы, якія расказваюць пра пасляваеннае жыццё паэта, ушанаванне яго памяці.

Наведаць выстаўку можна ў чытальнай зале архіва-музея.

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.