Вы тут

Духоўная адукацыя для асуджаных — новы сумесны праект МУС і Праваслаўнай царквы


У кастрычніку 2022 года ў сістэме Дэпартамента выканання пакаранняў Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі стартаваў праект «Праваслаўе ў дапамогу тым, хто пакутуе», які даў магчымасць атрымання духоўнай адукацыі для людзей, якія знаходзяцца ў месцах пазбаўлення волі. З восені 2023 года праект атрымаў развіццё. Яго ініцыятарам выступіў Дэпартамент выканання пакаранняў МУС. Ажыццяўляецца ён сумесна з Беларускай праваслаўнай царквой. «Звязда» распытала арганізатараў і ўдзельнікаў праекта пра тое, як праходзіць яго рэалізацыя, у чым яго мэта і асаблівасці.


«Я ўбачыў у гэтым папраўчы патэнцыял»

Гутарка з начальнікам аддзела выхаваўчай работы са спецкантынгентам у папраўчых установах, следчых ізалятарах і лячэбна-працоўных прафілакторыях упраўлення арганізацыі папраўчага працэсу Дэпартамента выканання пакаранняў МУС Рэспублікі Беларусь падпалкоўнікам унутранай службы Дзянісам Паўленкам.

— Дзяніс Аляксеевіч, раскажыце, як нарадзілася ідэя атрымання духоўнай адукацыі ва ўстановах сістэмы выканання пакаранняў МУС?

— Я ўсё жыццё працую ў сістэме выканання пакаранняў: заканчваў крымінальна-выканаўчы факультэт Акадэміі Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь, магістратуру на кафедры крымінальна-выканаўчага права і крыміналогіі гэтага факультэта і дысертацыю пішу на гэтай кафедры. Уся мая служба звязана з выхаваўчым блокам. Мая прафесія — выхаванне тых, хто спатыкнуўся. Мы заўсёды шукаем новыя падыходы да змянення асобы чалавека.

Законы педагогікі кажуць, што адным толькі прымусам выправіць чалавека немагчыма. Папраўчы працэс мае на ўвазе матывацыю чалавека да асэнсаванай работы над сабой. Пра гэта кажуць многія пенітэнцыярныя псіхолагі і педагогі савецкага і іншых перыядаў. Чалавек павінен імкнуцца да добрага, і яму павінна быць цікава. Заўсёды шукаем такія кірункі. Адзін з іх — праваслаўная вера. Я шмат цікавіўся вопытам Расійскай Федэрацыі, у прыватнасці, работамі псіхолага Міхаіла Хасьмінскага, прафесара Аляксея Восіпава.

Мяне зацікавіла тое, што Хрыстовы запаведзі супадаюць з падыходамі псіхалогіі. Напрыклад, хрысціянства называе зайздрасць грахом і вучыць ад яе пазбаўляцца. Псіхалогія лічыць зайздрасць самай таксічнай эмоцыяй, якая разбурае яе ўладальніка. Дараванне людзям іх правінаў на мове псіхалогіі азначае — не захрасай на крыўдзе. Акцэнтуіраваны тып асобы — гэта той, хто не дараваў. Нездарма хрысціянскія ісціны называюць нормамі сацыяльнай гігіены, яны неабходныя для захавання здаровай асобы і здаровага грамадства.

Я ўбачыў у гэтым папраўчы патэнцыял. А калі даведаўся, што існуе дыстанцыйны фармат навучання на біблейска-багаслоўскіх курсах Гомельскай епархіі Беларускай праваслаўнай царквы і пазнаёміўся з выкладчыкам Мінскай духоўнай семінарыі Сяргеем Калдзекам, то агучыў яму ідэю наладжвання падобнага фармату для выкладання асноў праваслаўнай веры для падапечных нашага дэпартамента. Лічу, што пра Біблію павінен расказваць прафесіянал, і расказваць сістэмна, а не агульнымі словамі.

У сістэме выканання пакаранняў ёсць вопыт дыстанцыйнага атрымання адукацыі. Мы, дарэчы, сталі ў гэтым аднымі з першапраходцаў на постсавецкай прасторы. У 2015 годзе ў жаночай калоніі адкрылі першы цэнтр дыстанцыйнага доступу да электроннага адукацыйнага асяроддзя, і асуджаныя з таго часу атрымалі магчымасць навучацца ў ВНУ. Да 2023 года такая магчымасць была ўжо ва ўсіх калоніях. Таму ідэя дыстанцыйнага атрымання багаслоўскай адукацыі з’явілася не на голым месцы.

Сяргей Калдзека данёс нашу ідэю архіепіскапу Навагрудскаму і Слонімскаму Гурыю і той падтрымаў. Так з’явіліся дзевяцімесячныя курсы Мінскай духоўнай семінарыі, заняткі на якіх праходзяць па суботах цягам дзвюх гадзін з дапамогай платформы ZOOM. Гэта — пачатковая духоўная адукацыя. На курсы маглі паступіць усе ахвотныя. Стартавалі яны 1 кастрычніка 2022 года. Спачатку запісаліся 300 чалавек, пазней засталіся 200 з 32 устаноў. Гэта і ЛПП, і калоніі для асоб, якія раней адбывалі пакаранне, і калоніі для асоб, якія ўпершыню адбываюць пакаранне, і выхаваўчыя калоніі, і жаночая, і калонія асобага рэжыму. Ад 1 да 20 чалавек ад кожнай. Самыя вялікія групы склаліся ў ВК № 15 і ВК № 2.

— Адбору сярод ахвотных не было?

— Было невялікае сумоўе. Галоўны крытэрый — наяўнасць жадання. Вядома, мы адразу звярнулі ўвагу слухачоў, што калі яны абралі вывучаць багаслоўе, то і ў паўсядзённым жыцці павінны кіравацца адпаведнымі каштоўнасцямі. Бо не лагічна разважаць пра чысціню душы і, скажам, брыдкасловіць. Дарэчы, там, дзе сфарміраваліся вялікія групы — 15-20 чалавек, склалася і адпаведнае мікраасяроддзе, дзе гэты прынцып стаў натуральным.

Мы не абмяжоўваем людзей па відах злачынстваў. Калі мы накіроўвалі дакументы ў духоўныя адукацыйныя ўстановы для залічэння, то не ўказвалі артыкул Крымінальнага кодэкса, па якім чалавек асуджаны, і нават установу не ўказвалі — толькі горад.

Па заканчэнні курсаў тыя слухачы, якія жадалі, маглі пісьмова здаць комплексны дыферэнцыраваны экзамен. Такіх аказалася 165 чалавек. Было дазволена карыстацца канспектамі. Усе здалі паспяхова і атрымалі сертыфікат за подпісам правячага архіерэя — архіепіскапа Гурыя. Працэнтаў 15 атрымалі адзнаку «выдатна», працэнтаў 35 — «добра», астатнія — «здавальняюча».

Чаканы эфект апраўдаўся. Упэўніўся ў гэтым сам, бо ўдзельнічаў ва ўсіх занятках, бачыў слухачоў, чуў іх пытанні. Гэта пацвярджаюць і супрацоўнікі ўстаноў: сярод слухачоў не было парушальнікаў рэжыму. 

Таксама дзякуюць сваякі нашых падапечных, яны таксама адзначаюць станоўчыя перамены. Нарэшце, задаволенасць відавочная з боку саміх выпускнікоў. Выдача сертыфікатаў атрымалася ўрачыстай. Адзін з выпускнікоў курсаў пасля вызвалення паступіў у Мінскае духоўнае вучылішча на вочную форму навучання.

У 2023 годзе мы набралі другую групу, дзе ўступным экзаменам стала эсэ на тэму «Як я прыйшоў да Бога». Адзнаку, як і ў выпадку выпускнога экзамену, выстаўлялі выкладчыкі семінарыі. Аднак для тых, хто такія курсы скончыў, з’явілася патрэба працягнуць навучанне на больш высокім узроўні. І тады Сяргей Калдзека пазнаёміў мяне з дырэктарам Мінскага духоўнага вучылішча айцом Іаанам Задарожыным, які пагадзіўся залічыць асуджаных у сваю ўстанову.

Такім чынам, у Мінскае духоўнае вучылішча паступілі 103 сертыфікаваныя выпускнікі Багаслоўскіх курсаў. У якасці ўступнага выпрабавання былі вызначаны сачыненне і сумоўе. Яны паступілі ўжо на двухгадовую праграму па паглыбленым вывучэнні асноў праваслаўнай веры і хрысціянскай маралі. Фармат навучання ў вучылішчы больш напружаны: па чатыры акадэмічныя гадзіны ў суботу і ў нядзелю. Гэта, насамрэч, цяжка для ўсіх: для супрацоўнікаў, навучэнцаў і выкладчыкаў. Таму некалькі чалавек адсеяліся. Разам з тым, калі ўцягваешся, то ўзнікае ў такіх занятках патрэба, бо тэмы на іх разглядаюцца глыбокія, важныя і жыццёвыя. Па выніках выпускнікі атрымаюць пасведчанне, якое дасць права на праходжанне скарочанай праграмы для атрымання дыплома. Ёсць ідэя працягнуць навучання на катэхізатарскім аддзяленні вучылішча яшчэ на год, тады ўсё духоўнае навучанне зойме 4,5 года.

— Якое ваша ўражанне ад праекта?

— Вельмі добрае. Па-першае, вельмі высокі ўзровень педагогаў. На Багаслоўскіх курсах выкладаюць такія таленавітыя педагогі, як іераманах Яўстафій (Халіманкоў), протадыякан Генадзь Малееў... Яны расказваюць простай і зразумелай мовай і робяць акцэнт на тым, што праваслаўе — гэта рэлігія практычная. Яно дапамагае жыць.

Разам з тым, яно «не зручнае». Нездарма прафесар Восіпаў любіць паўтараць радкі нямецкага паэта Фрыдрыха Логау: «Так, бой з сабой самім — ёсць самы цяжкі бой, // Перамога з перамог — перамога над сабой». Любому чалавеку ўласціва сябе апраўдваць: «У мяне ўсё дрэнна, бо ўсе вакол вінаватыя». Праваслаўе вучыць шукаць крыніцу праблемы ў сябе. Калі гэты прынцып трансліраваць на псіхалогію, то ён будзе гучаць наступным чынам: вылечванне ад любой залежнасці пачынаецца з прызнання гэтай залежнасці. Праграма «12 крокаў» па вылечванні ад алкагалізму, напрыклад, пачынаецца з прызнання свайго дыягназу. Псіхалогія кажа: твае няўдачы ў мінулым становяцца тваім вопытам толькі тады, калі ты бярэш за іх адказнасць на сябе. Калі прызнаў, пражыў, прапрацаваў, тады гэта становіцца рэсурсам, ад якога можна адштурхнуцца.

Праваслаўе «не зручнае» і тым, што вучыць разумець — ты горш за іншых. Хочаш некага асудзіць? Паглядзі на сябе — ты значна горш, чаго вартыя толькі твае думкі! Гэтыя рэчы працуюць. Яны вельмі важныя для выпраўлення, для матывацыі работы над сабой. Матывацыя — гэта ўнутраная патрэба, яна фарміруецца на падставе эмоцый.

Хлопцы, якія навучаюцца ў вучылішчы, атрымліваюць поспех сацыяльна прымальным спосабам. Краевугольны камень выпраўлення — рабі нешта годнае і атрымаеш прызнанне. У дадзеным выпадку, сертыфікат, пасведчанне, дыплом аб духоўнай адукацыі — гэта прызнанне поспеху.

Вядома, праект новы, і час ад часу ўзнікаюць патрэбы ў пэўнай карэкціроўцы. Вырашаем пытанне з літаратурай і іншыя. Але шурпатасці непазбежныя ў любой новай справе.

«Наша задача — насычаць людзей не толькі ведамі, але і духоўна»

Гутарка з дырэктарам Мінскага духоўнага вучылішча протаіерэем Іаанам Задарожыным, загадчыкам аддзялення катэхізатараў Мінскага духоўнага вучылішча Андрэем Гаранскім і загадчыкам аддзялення дадатковай адукацыі Мінскага духоўнага вучылішча Святланай Мандрык.

Андрэй Гаранскі: Сёлета Мінскаму духоўнаму вучылішчу спаўняецца 35 гадоў. Яно было заснавана яшчэ ў Савецкім Саюзе ў 1989 годзе і было самай першай падобнай навучальнай установай на ўсёй тэрыторыі вялікай краіны. Заснавана яно было па благаславенні мітрапаліта Мінскага і Беларускага Філарэта (Вахрамеева).

Першапачаткова накіраванасць Мінскага духоўнага вучылішча была рэгенцка-пеўчая. На той час была вострая неабходнасць у памочніках для свяшчэннаслужыцеляў — менавіта ў рэгентах, пеўчых, псаломшчыках. У 2014 годзе было прынятае рашэнне сярэднія духоўныя школы аб’яднаць і на іх базе арганізаваць аддзяленні. Такім чынам атрымалася тры аддзяленні: рэгенцка-пеўчае, катэхізатараў і званароў. У 2022 годзе адкрылася аддзяленне царкоўнага мастацтва, дзе маюцца два кірункі: царкоўнае мастацтвазнаўства і іканапіс.

Летась адкрылася пятае аддзяленне — дадатковай адукацыі, бо з’явілася неабходнасць афармляць праекты з розных аддзяленняў, якія выходзяць за рамкі стандартнага навучальнага працэсу. Размова пра царкоўную фларыстыку, курсы для экскурсаводаў паломніцкіх паездак з праваслаўнай накіраванасцю, кагнітыўную і сямейную псіхалогію і праваслаўную дапамогу тым, хто пакутуе — знаходзіцца ў месцах пазбаўлення волі.

— Адукацыйны курс «Праваслаўная дапамога тым, хто пакутуе» распачаты ўпершыню?

Прот. Іаан: Так, прычым не толькі ў практыцы Беларускай праваслаўнай царквы, але, падобна, у больш шырокіх межах. У Расіі такога няма. Нашы выпускнікі атрымаюць пасведчанне пра тое, што яны праслухалі курс і атрымалі залік па пэўным наборы прадметаў.

Андрэй Гаранскі: Мы вырашылі пакуль не выдаваць ім дыплом і не рабіць дыферэнцыраваную сістэму адзнакі, бо дыплом Мінскага духоўнага вучылішча мае на ўвазе, што чалавек, які яго атрымаў, працуе па названай спецыяльнасці. Калі гэта катэхізатарская работа, значыць, ён можа працаваць на прыходзе з дарослымі, моладдзю — на высокім узроўні і на сучаснай, зразумелай мове сведчыць аб праваслаўным веравучэнні і хрысціянскай маралі. Што датычыцца чалавека, які знаходзіцца ў папраўчай калоніі, то мы не ведаем, як ён сябе будзе паводзіць, калі адтуль выйдзе. Але мы даём яму магчымасць пасля вызвалення завяршыць навучанне ў Мінскім духоўным вучылішчы і атрымаць дыплом.

Прот. Іаан: Духоўная школа мае на ўвазе ў першую чаргу духоўнае ўзрастанне — у малітве, зносінах з Богам. Наша задача — насычаць людзей не толькі ведамі, але і духоўна.

— Ці ёсць адваротная сувязь з вашымі навучэнцамі, якія знаходзяцца ў ізаляцыі ад грамадства?

Святлана Мандрык: Так, мы адчуваем зацікаўленасць. Узровень пытанняў, якія задае аўдыторыя, дастаткова сур’ёзны. Бачна, што тое, пра што яны пытаюцца, іх сапраўды хвалюе. Напрыклад, яны папрасілі больш падрабязна разгледзець тэму пра прычыну зла ў нашым свеце. Відавочна, што яны над гэтым разважаюць, часам самі і адказваюць на свае пытанні. Да таго ж яны шчыра дзякуюць за адказы і за лекцыі.

Андрэй Гаранскі: Такія пытанні ім баляць, падобна як рэагуе на дотык адкрыты нерв.

Для гэтай аўдыторыя больш выразны інтарэс: як атрыманыя веды праламляюцца ў духоўным жыцці, на практыцы. Аж да аскетыкі. Гэта здзіўляе.

Прот. Іаан: У абмежаваных умовах чалавек заўсёды разважае больш інтэнсіўна і глыбока пра сябе, пра сваё духоўнае жыццё, пра абставіны, якія яго прывялі ў месцы пазбаўлення волі. І мы ў гэтым упэўніваемся.

— Як хрысціянства ставіцца да зняволеных?

Прот. Іаан: Хрыстос у прытчы пра Страшны Суд расказаў, як Сын Чалавечы і Цар будзе судзіць усе народы і аддзеліць адных ад іншых, і адным скажа сярод іншага: «У цямніцы быў, і вы прыйшлі да Мяне». Бог будзе судзіць нас не па тым, як мы шмат маліліся і наколькі строгі трымалі пост. Ён будзе судзіць нас па тым, ці накармілі мы галоднага, ці напаілі сасмяглага, ці прынялі падарожнага, ці адзелі голага, ці адведалі хворага і ці прыйшлі да зняволенага. Тут размова ідзе не пра родных, а пра тых, хто мае ў такой падтрымцы патрэбу. Таму цалкам зразумела, што мы павінны быць уважлівымі да тых, хто знаходзіцца ў цяжкіх абставінах, каму патрэбная дапамога.

Калі мы ходзім у храм, трымаем пост і молімся, але жывём толькі для сябе, і заклапочаныя толькі ўласным камфортам, і нікому не аказваем міласці, то ўзнікае пытанне: якія мы хрысціяне? Тады словы Хрыста: «Быў галодны Я, вы не далі Мне есці; быў сасмяглы, і вы не напаілі Мяне; быў падарожны, і не прынялі Мяне; быў голы, і не адзелі Мяне; хворы і ў цямніцы, а не адведалі Мяне», — будуць адносіцца да нас. Не заўсёды патрэбна наша матэрыяльная дапамога, часцей людзям патрабуецца наша ўвага, падтрымка словам.

Дзякуй Богу, што мы ажыццяўляем гэты праект і Мінскае духоўнае вучылішча дапамагае людзям, якія знаходзяцца ў зняволенні. Мы ўдзячныя кіраўніцтву Дэпартамента выканання пакаранняў і Мітрапаліту Мінскаму і Заслаўскаму Веніяміну, Патрыяршаму Экзарху ўсяе Беларусі, які благаславіў гэты праект.

— Праект называецца нечакана: «Дапамога тым, хто пакутуе». Чаму менавіта тым, хто пакутуе, а не, скажам, асуджаным, зняволеным?

Прот. Іаан: Месцы пазбаўлення волі — не тыя, дзе знаходзіцца лёгка. Чалавек, які праходзіць там праз выпрабаванні, пакутуе. Любы грэх — гэта пакута перш за ўсё ўнутры сябе. Людзі, якія здзейснілі нейкую правіннасць, яны пакутуюць унутры і звонку. Яны знаходзяцца ў смутку. Мы можам дапамагчы прайсці гэтыя выпрабаванні без азлаблення, без нянавісці. Мы можам дапамагчы нашым навучэнцам лепш сябе асэнсаваць, напоўніць, накіравацца на шлях Хрыстовы.

— У гэтым мэта курса?

Прот. Іаан: Так.

Андрэй Гаранскі: Гэты курс адкрывае сэнс самой пенітэнцыярнай сістэмы, бо poenіtentіa — гэта «раскаянне» на лацінскай мове. Сістэма закліканая не калечыць людзей, не рабіць іх яшчэ больш азлобленымі, каб яны потым яшчэ больш прымушалі пакутаваць усіх вакол сябе, але мяняліся праз poenіtentіa — раскаянне, і прыходзілі адтуль іншымі.

Вы пытаецеся, чаму яны «тыя, хто пакутуе», але мы казалі пра пытанні, якія ім баляць — гэтыя пытанні сведчаць пра тое, што гэтыя людзі пакутуюць. Як пакутуе чалавек ад болю. У іх не проста боль, у іх боль духоўны.

Прот. Іаан: Мы ўсе тыя, хто пакутуе ад сваіх грахоў. Людзі, якія па-за Царквой, пакутуюць ад таго, што не ведаюць сэнсу свайго жыцця. Калі ёсць сэнс жыцця, калі бачыш побач Хрыста, тады разумееш усё: мэту, абставіны. І тады становішся свабодным. У кнізе «Нязгасная лампада» апісана, як людзі з верай, унутраным стрыжнем, якія траплялі ў лагеры, на Салаўкі, дзе найжудаснейшыя ўмовы, заставаліся свабоднымі і гэтую свабоду прапаведавалі. Усім рэкамендую гэтую кнігу. Асабліва ўражвае раздзел пра фрэйліну трох расійскіх імператрыц, якая з раскошных палацаў трапіла туды і засталася вернай сабе, захоўвала вакол сябе чысціню і парадак, трымалася гігіены ў нечалавечых умовах. Спачатку яе прыніжалі, а потым яе правілы распаўсюдзіліся на ўвесь барак.

«Хацеў бы, каб яны адчулі смак сапраўднай свабоды»

Гутарка з выкладчыкам прадмета «Асновы праваслаўнага веравучэння» для праекта «Праваслаўная дапамога тым, хто пакутуе» іерэем Давідам Бабровым.

— Айцец Давід, раскажыце пра ваш папярэдні педагагічны вопыт.

— Я скончыў у Санкт-Пецярбургу свецкі педагагічны каледж і пасля магістратуры ў Духоўнай акадэміі — магістратуру Расійскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Герцэна па спецыяльнасці «Педагагічная тэалогія». У мяне быў вопыт выкладання дарослым на Вышэйшых епархіяльных курсах святога Іаана Кранштацкага і дзецям — у гімназіі святога прападобнага Амвросія Опцінскага. Акрамя таго, шмат выкладаў анлайн.

— Выкладанне ў праекце «Праваслаўная дапамога тым, хто пакутуе» адрозніваецца?

— Напэўна, тут я больш хваляваўся. Больш думаў пра тое, як мяне ўспрымуць. Потым зразумеў, што ў гэтай сітуацыі важна быць, а не здавацца. Перада мной людзі, якім цікава больш даведацца пра Хрыста. Мая задача — гэтыя веды даць. Стараюся быць максімальна шчырым і зразумелым. Акрамя таго, імкнуся, каб веды, якія даю, навучэнцы маглі выкарыстоўваць у жыцці. Раблю ўхіл на практыку. І па лістах, якія яны пішуць на прыход, бачу, што вынік ёсць.

Не ведаю гэтых людзей асабіста, але рэакцыя, якую бачу — светлая. Хацеў бы, каб у выніку маіх заняткаў яны адчулі Хрыста побач з сабой, каб адчулі смак сапраўднай свабоды, каб калі яны выйшлі, то выйшлі з Хрыстом, і далей у гэтай свабодзе ўдасканальваліся. Лічу, што праект вельмі важны для соцыуму.

Тымі, хто прыходзіць вывучаць багаслоўе, рэальна рухае нешта светлае. Нават калі нехта прыходзіць таму, што яму сумна, ён атрымлівае самае неабходнае для чалавечага жыцця.

— А калі чалавекам рухае нейкі карысны інтарэс?

— Многія прыходзяць да Хрыста з-за карысных намераў: мы хочам, каб Ён вырашыў нашы праблемы, залячыў нашы раны, сцішыў наш боль, пазбавіў ад тугі і смутку. Мы звяртаемся да Бога, калі хочам цуду, хочам змяніць сваё жыццё. Нават калі чалавек прыходзіць толькі дзеля таго, каб зарэкамендаваць сябе ў вачах іншых людзей і ў спадзяванні, што гэта станоўча паўплывае на яго далейшае жыццё — гэта добры шлях.

— Што вы скажаце пра дыстанцыйную форму выкладання?

— У гэтым ёсць перавага. Дыстанцыйная форма мае на ўвазе пэўную аўтаномію для навучэнцаў — кожны сам стварае сабе ўмовы для слухання. Я звяртаюся да ўсіх, і калі нехта не слухае, мне гэта не перашкаджае. Я не выдаткоўваю час на барацьбу за ўвагу.

Думаю пра тое, што перада мной людзі, кожны з якіх улюбёны Богам. Яны могуць гэтага не ведаць, але я павінен ім казаць так, каб яны гэта адчулі. Стараюся звяртацца да кожнага канкрэтнага чалавека. Звяртаюся да Хрыста ў чалавеку, каб чалавек пажадаў Яго адчуць, сустрэць.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.