Вы тут

У Гродне адкрыўся першы ў вобласці прававы клас «Юны пракурор»


У СШ № 28 г. Гродна ўрачыста адкрылі клас прававой накіраванасці «Юны пракурор», перадае БелТА.


Фота: БелТА

Гэта першы такі клас у Гродзенскай вобласці, у якім будуць вучыцца 27 дзяцей. Упор у навучанні будзе рабіцца на грамадазнаўстве і юрыспрудэнцыі. Як зазначаецца, 10-класнікі змогуць прымаць удзел у розных мерапрыемствах пракуратуры, у тым ліку і ў раскопках, якія праводзяцца па расследаванні крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа.

«Ад усяго сэрца віншую вас з гэтай знакавай падзеяй. Яна важная не толькі ў маштабах Гродзенскай вобласці, Гродна, але і ў цэлым нашай краіны. Сёння стаіць для нас задача па ўсёй рэспубліцы ў кожным рэгіёне адкрыць як мінімум па адным такім спецыялізаваным класе. Гэта вельмі важна не толькі для органаў пракуратуры, але ў цэлым для нашай дзяржавы. Наш Прэзідэнт неаднаразова казаў, што самае каштоўнае, што ёсць у нашай краіне, гэта людзі і асабліва дзеці. Мы разумеем, як важна будучым пакаленням перадаць сілу праўды, слова праўды, таму што сёння вайна ідзе не толькі на палях бітваў — яна ідзе ў інфармацыйным полі, яна ідзе ў розумах і сэрцах найперш нашых дзяцей і тых, хто ў далейшым будзе несці сцяг Рэспублікі Беларусь», — сказаў генеральны пракурор Беларусі Андрэй Швед.

Ён падкрэсліў, што праўда з’яўляецца асноўнай зброяй. «І тое, што цяпер Генеральная пракуратура сумесна з дзяржаўнымі органамі займаецца расследаваннем справы па генацыдзе беларускага народа, гэта таксама вельмі важны элемент таго, што мы называем барацьбой за гістарычную справядлівасць, барацьбой за будучыню нашай краіны», — сказаў генпракурор.

Ён дадаў: «Для нас важна, каб такія класы сталі кузняй кадраў. Для нас важна, каб гэтыя класы выхоўвалі будучых патрыётаў нашай краіны. Няхай не ўсе будуць працаваць у органах пракуратуры. Але галоўнае, што атрыманыя веды будуць з’яўляцца зыходным пунктам для таго, каб маладыя людзі ў далейшым выбралі свой жыццёвы шлях. Няхай яны не будуць працаваць у праваахоўнай сістэме, але будуць працаваць на карысць дзяржавы, будуць працаваць у любой іншай сферы. Мы з вамі будзем разумець, што часцінку патрыятызму, часцінку веры ў нашу краіну мы ў гэтых дзяцей уклалі».

Дарэчы, 27 маладых людзей, якія будуць вучыцца ў прававым класе «Юны пракурор» ва ўрачыстай абстаноўцы прамовілі клятву.

«Рашэнне аб вучобе ў прававым класе „Юны пракурор“ было ўсвядомленым і звязаным з цікавасцю да гэтай прафесіі. Хочацца даведацца законы сваёй краіны, пазнаёміцца бліжэй з Канстытуцыяй і выкарыстоўваць гэтыя веды ў далейшым для абароны сваіх блізкіх. На мой погляд, вельмі важна зараз ведаць законы. І гэта як мінімум цікава», — падзялілася Аліна Іоч.

Дзяўчына ўпэўнена, што шмат чаго набудзе ў прававым класе: «Веды законаў вельмі шмат чаго дае. У цэлым мне заўсёды хацелася дапамагаць людзям. І выбірала я паміж правам і медыцынай, але спынілася ўсё ж на праве. І я ўпэўнена, што прававы клас стане для нас акном у пракурорскую справу, прафесію, пра якую я мару».

Яе прыяцелька Маргарыта Марцішык дзеліцца, што паступленне ў клас «Юны пракурор» на крок наблізіла і яе да мары. «З 7-га класа, калі не было ў нас яшчэ профільных класаў, я марыла стаць юрыстам. У мяне шмат сваякоў у гэтай прафесіі, і я хачу пайсці па іх шляху», — адзначыла Маргарыта Марцішык.

Найбольш цікавіць дзяўчыну ход расследавання крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа. «Мы здавалі іспыт па гісторыі Беларусі ў 9-м класе і ў нас былі білеты аб генацыдзе беларускага народа. Шчыра, гэтая тэма вельмі страшная, і забываць пра гэта сапраўды нельга. І тая праца, якую праводзіць Генеральная пракуратура, яна проста вялізная. Мне б вельмі хацелася паглыбіцца ў гэтае расследаванне. І, думаю, што навучанне ў профільным класе будзе гэтаму спрыяць».

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.