Вы тут

Калі людзі разводзяцца ў сталым узросце


Па статыстыцы, у мінулым годзе на кожную тысячу шлюбаў прыпадала 587 разводаў. Калі скасоўваюць шлюб маладыя, яны ўпэўнены, што яшчэ здолеюць знайсці сабе пару. Але разводзяцца і людзі ва ўзросце 50+. Спецыялісты кажуць, што ім значна цяжэй даецца такі крок. Жыццё пасля разводу складваецца па-рознаму. Паводле той жа статыстыкі, у мінулым годзе ў Беларусі ўзялі шлюб 1216 жанчын і 1883 мужчыны, якім споўнілася 60 і больш гадоў.


Лепш раней, чым пазней

— Усё пачалося з ковіду. За год я двойчы хварэла, другі раз ляжала ў бальніцы, — успамінае 51-гадовая Надзея. — Тэлефаную адтуль мужу, ён кажа, што не паедзе ў інфекцыйную бальніцу, бо баіцца захварэць і заразіць сваю маму. Да мяне ездзілі дачка і зяць, а муж — ні разу. Пасля хваробы вельмі доўга не магла аднавіцца. Тры тыдні на бальнічным — тыдзень на працы, і гэтак тры месяцы. Потым звольнілася, таму што сіл не было зусім...

І вось у адзін з дзён тэлефануе свякруха і кажа: маўляў, ты ўсё роўна не працуеш, дык з’ездзі на маё лецішча, бо там будуць выносіць на вуліцу электралічыльнік. Паехала. Побач са мной у маршрутцы сядзелі дзве жанчыны, якія дзяліліся навінамі аб дачніках.

Мацнейшы стрэс адчувае той, ад каго сыходзяць

— У якім бы ўзросце ні адбывалася скасаванне шлюбу — гэта заўсёды стрэс. Наймацнейшае псіхічнае напружанне адчувае не толькі той, ад каго сыходзяць, але і сам ініцыятар разводу атрымлівае магутны адмоўны імпульс, — каментуе сямейны псіхолаг Таццяна Шаранда. — Але ўсё ж больш пакутуе той, ад каго сыходзяць, як правіла, у пары гэта больш слабы партнёр.

Разрыў адносін прыводзіць не толькі да страты партнёра, але і да змены статусу, да кардынальнай змены планаў на будучыню. Часам увесь жыццёвы сцэнарый чалавека перакрэсліваецца і патрабуецца шмат сіл, каб прыняць гэтыя змены.

Дадайце да гэтага, што ў сталым узросце развод яшчэ афарбоўваецца абясцэньваннем пражытага («...ён сапсаваў усё маё жыццё», «...калі б не яна, то я б зараз мог быць...» і г. д.) і часта суправаджаецца нарастаючым пачуццём віны, страху, адзіноты і стратай сэнсу жыцця.

Аднак дакументы аб разводзе, падпісаныя пасля сумеснага жыцця працягласцю ў 30–40 гадоў, не гарантуюць, што муж і жонка раз і назаўжды забудуцца адно пра аднаго. Хутчэй наадварот: эмацыянальны развод пасля столькіх гадоў сумеснага жыцця пачынае губляць сваю насычанасць — партнёр працягвае жыць жыццём свайго «былога».

Мужчыны і жанчыны па-рознаму перажываюць развод, і з узростам гэтае адрозненне толькі павялічваецца. У маладзейшым узросце ўсё ж ёсць больш шанцаў на пабудову новых адносін.

Пры разводзе ў сталым узросце жанчына можа сысці з галавой у клопат аб дзецях і ўнуках, хоць гэта варыянт не з лепшых, але на нейкі час можа быць выратаваннем. Пакінуты мужчына можа ўцячы да сваёй мамы, але вельмі часта становіцца сур’ёзна залежным ад алкаголю. Розныя жыццёвыя сцэнарыі пасля разводу напрамую залежаць ад асобасных якасцяў самога чалавека, ад напрацаваных навыкаў выжываць у экстрэмальных сітуацыях.
І сярод гэтых сцэнарыяў ёсць і такі, калі чалавек у 50+ і нават у 70+ знаходзіць сабе пару. Калі памылкі мінулага шлюбу асэнсаваны, дык цалкам магчыма, што новы шлюб будзе ўдалым.

Адна з іх кажа: маўляў, у нявесткі N. (прагучала імя маёй свякрухі) рак, яна хутка памрэ. Як удавец, сын N. атрымае «усю хату»... Мне стала смешна. Бо ўладальнік кватэры, у якой мы жылі — мая мама. Праз пяць гадоў пасля гібелі таты ў аварыі яна выйшла замуж і жыла ў мужа, а перапісваць кватэру на мяне мы не бачылі неабходнасці. Мой муж усяліўся ва ўжо прыватызаванае жыллё.

У той жа вечар сказала мужу, што разводзімся. Заява ў суд была гатова на наступны дзень. Запатрабавала падзяліць сумесна нажытую маёмасць — аўтамабіль. Муж лічыў, што гэта ён купіў аўто, таму што два гады «збіраў» на яго грошы — проста пераводзіў заробак у валюту. І вось суддзя пытаецца: дзе ён у гэты час жыў, хто плаціў за кватэру, што ён еў, за якія грошы набывалася адзенне і гэтак далей. Аказваецца, усё гэта рабілася за мой заробак. Вердыкт: я маю права на паўмашыны. Справа дайшла і нават да лыжак ... Свякруха хацела абскардзіць рашэнне суда: як гэта яе Пецечку не дасталася паўкватэры? З сястрой цяпер ужо былога мужа ў мяне былі і засталіся добрыя адносіны. Яна і растлумачыла сваёй маці, што калі хто і павінен ёй дапамагаць, дык уласныя працаздольныя дзеці.

Шчыра кажучы, праз два гады пасля разводу не хачу ніякіх адносін з мужчынамі, не ўяўляю, што змагу камусьці давяраць. У мяне ўнучка, дачка, мама, зяць, сваты, сяброўкі, нарэшце, сабака, — таму не адчуваю сябе самотным чалавекам. Мусіць, дзіўна гучыць, што рада разводу, але былы муж аказаўся чалавекам ненадзейным: лепш пра гэта даведацца ў 49 гадоў, чым у 69.

З маладой адчуваў сябе старым

— Па нашых мерках я ажаніўся позна — у 36 гадоў. Спачатку хацеў стварыць моцную матэрыяльную базу, — кажа 59-гадовы Віталь.

Ажаніўся з маладзенькай дзяўчынай са звычайнай сям’і. Спачатку ўсё было добра, нарадзілася дачка. Але чым далей, тым больш выразна я бачыў, што 15-гадовая розніца ва ўзросце становіцца катастрофай. Мы размаўлялі толькі на бытавыя тэмы і пра дачку. Пры гэтым не магу сказаць, што Аня не развівалася: яна і ВНУ скончыла, потым былі нейкія бясконцыя курсы то фларыстаў, то візажыстаў...

Калі нашай дачцэ споўнілася 19 гадоў, жонка заявіла, што нам трэба развесціся. Пытаюся, чаму. Яна спакойна адказвае: таму што не жадае быць маладой удавой. Маўляў, у кожным узросце жанчыне патрэбны розныя мужчыны: маладой — старэйшы, дарослай — маладзейшы. Я не пярэчыў, таму што насільна мілы не будзеш. Мірна дамовіліся аб падзеле маёмасці.

Аня хутка зноў выйшла замуж. Я таксама спрабаваў шукаць, але неяк беспаспяхова. Адчуваў няшчырасць, карысць... А пазнаёміўся з жонкай у самых звычайных абставінах, калі ні пра што такое і не думаеш. Мы з Кацяй — аднагодкі. Гэта, аказваецца, так цудоўна, калі ў людзей ёсць агульныя ўспаміны, хоць бы такія, што «ў дзяцінстве на гэтым прыпынку прадавалі газіроўку з сіропам». Я ў 57 гадоў, нарэшце, даведаўся, што жанчына можа быць цікавым суразмоўнікам. Мы ўжо два гады разам, і я ніяк не зразумею, чаму з маладой жонкай адчуваў сябе старым, з аднагодкай адчуваю, што наперадзе яшчэ шмат усяго. Ну вось як у момант, калі Каця, гледзячы на кола агляду, кажа: «А ў адкрытай кабіне я яшчэ і не каталася». Я таксама. Памятаю, як захапляла дух ад вышыні, прыгажосці і ад шчасця...

У Каці таксама ёсць дачка, яна старэйшая за маю, у яе ўжо свая сям’я. Мы пазнаёмілі нашых дзяцей, дзяўчаты пасябравалі, маюць зносіны, як сёстры.

Новы муж Ані маладзейшы за яе на сем гадоў. У іх нарадзіўся сын, пры гэтым яна засталася добрай мамай для нашай дачкі. Новым шлюбам Аня задаволена. Гэта добра, таму што ў мяне перад вачыма шмат прыкладаў, калі людзі разыходзяцца, а потым пачынаюць атручваць жыццё «былым».

Кошт разводу — новае жыццё

— Муж неяк аддаліўся ад мяне, калі дзеці ўжо сталі дарослымі. Першае, што прыходзіць у галаву ў такіх выпадках — сіндром апусцелага гнязда, — разважае 55-гадовая Ніна. — Пакуль яны вучыліся ў ВНУ, мы да іх ездзілі раз на месяц — да сына ў Маскву, да дачкі ў Піцер. Дзеці засталіся працаваць у Расіі, свае сем’і стварылі, а мы апошнія гады два жылі як суседзі. Нават горш. Муж мяне проста не заўважаў. Сказала маме, што хачу развесціся, бо гэта не жыццё. Які яна ўчыніла скандал: муж не п’е, не б’е, дае грошы, што табе яшчэ трэба?

І ўсё ж надышоў дзень, калі я сказала яму: «Давай развядзёмся». У адказ: «Дзякуй, што прапанавала, і прабач, што не хапала смеласці самому папрасіць аб разводзе».

Папраўдзе, у нас было так, што мой заробак — гэта мой, а прыбыткі мужа — на сям’ю. Павел заўсёды быў шчодрым чалавекам. Ён спытаў, ці задаволіць мяне ў якасці жылля фактычна новы сучасны загарадны дом. Некаторую суму перавёў мне на рахунак.

Мы развяліся ў лютым 20-га года. У сакавіку ў дачкі скончылася арэнда кватэры ў Піцеры, і яна з сям’ёй вырашыла назаўжды вярнуцца ў Мінск, а праз два месяцы такое рашэнне прыняў сын. Муж дапамагаў дзецям уладкавацца — ад жылля да працы дачкі і нявесткі: яны не маглі працаваць дыстанцыйна на ранейшых наймальнікаў. Мы часта збіраліся ў маім загарадным доме, хоць у былога мужа ўжо была новая сям’я, нарадзіўся сынок.

Летась ў яго жонкі Лены памерла маці. Везці малое дзіця на пахаванне — не варыянт. І Павел патэлефанаваў мне, спытаў, ці магу выручыць і пабыць два дні з хлопчыкам. Я пагадзілася. Прыехала яго жонка з малым. Расказала, што ёй 42 гады, гэта яе першае дзіця. У мінулым шлюбе нарадзіць не атрымлівалася, яе былы муж адмаўляўся абследавацца, маўляў, гэта жаночыя праблемы. І вось, калі яна страціла надзею стаць мамай, здарыўся цуд...

Мая мама выпадкова даведалася, што ў мяне гасцюе сын Паўла. Які яна закаціла мне скандал! Потым яшчэ радня тэлефанавала, выказаць сваю пагарду.

Праз некалькі дзён прыехалі мае дзеці, якія адпачывалі на Браслаўскіх азёрах. У іх была іншая рэакцыя: «Мамачка, якая ты ў нас класная!».

Вось што я падумала: у мяне было амаль трыццаць гадоў шчаслівага жыцця з мужам, у нас ёсць дзеці, унукі. Не ведаю, як бы перанесла развод у маладосці. 

А зараз упэўнена, што кошт нашага разводу — новае жыццё: дзіця Паўла і Лены будзе расці ў любові і клопаце.

Прыяцелькі пытаюцца: ці збіраюся ўладкоўваць сваё жыццё. Але нежанаты мужчына ў 50+ — вялікая рэдкасць, ды і планка ў мяне высокая. Раптам высветлілася, што я цалкам самадастатковы чалавек: калі хачу ў тэатр, іду адна, таму што прыяцелькам патрэбны тыдзень на зборы. А яшчэ вакол мяне дзеці, унукі, цікавая праца, багатая бібліятэка, так што жыццё ўдалося.

Маргарыта ДРАЗДОВА

Загаловак у газеце: І разышліся, як у моры караблі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.