Вы тут

Дзмітрый Шаўцоў: «Беларускі Чырвоны Крыж не спыніць свайго існавання»


Учора адбылося пашыранае пасяджэнне прэзідыума Беларускага Чырвонага Крыжа, на якім падвялі вынікі дзейнасці арганізацыі за мінулы год і паставілі задачы на наступны. Насуперак заявам, якія распаўсюджваюць замежныя СМІ, Беларускі Чырвоны Крыж не толькі не спыніць свайго існавання, але і плануе пашырыць дзейнасць.


Фота БелТА

У Беларусі дзейнічаюць 8276 пярвічных арганізацый Беларускага Чырвонага Крыжа, а 11,7 % насельніцтва з’яўляюцца членамі таварыства. Летась арганізацыя аказала дапамогу 127 900 чалавекам, больш за 20 % з іх атрымлівалі яе рэгулярна. Традыцыйна асноўнай мэтавай групай арганізацыі былі адзінокія, адзінока пражываючыя пажылыя людзі і людзі з інваліднасцю (39,5 %), шматдзетныя сем’і (19,2 %), людзі з нізкім узроўнем даходу (16 %).

— Мінулы год быў багатым на розныя падзеі — як станоўчыя, так і са знакам мінус. Для нас год пачаўся з землятрусу ў Сірыі і Турцыі. 

Беларускі Чырвоны Крыж прыняў актыўны ўдзел у зборы грашовых сродкаў і накіраванні дапамогі пацярпелым у гэтых краінах. Разам з тым мы працягнулі аказваць дапамогу мігрантам, якія прыбывалі з тэрыторыі Украіны ў Беларусь. У цяперашні час пад апекай Беларускага Чырвонага Крыжа знаходзіцца каля 7200 украінцаў, прычым з іх амаль 2 тысячы — дзеці. Мы працягвалі аказваць дапамогу нерэгулярным мігрантам, якія прыбывалі ў нашу краіну з транзітнымі мэтамі з іншых краін, у асноўным з Блізкага Усходу, — расказаў генеральны сакратар Беларускага Чырвонага Крыжа Дзмітрый Шаўцоў.

У ліку важных падзей мінулага года стала адкрыццё крызіснага цэнтра ў Магілёве, дзе адначасова могуць размясціцца 20 чалавек.

— Мы працягваем развіваць нашы сэрвісы. Сёлета заканчваем аснашчэнне і адкрыццё крызісных цэнтраў. Летась адкрылі вялікі крызісны цэнтр у Магілёве, куды пераехалі гарадская, раённая і абласная арганізацыі. Гэта маштабны комплекс Чырвонага Крыжа, дзе аказваецца дапамога не толькі мігрантам, якім неабходны прыстанак, але і шмат розных сэрвісаў. Сёлета закончым пашырэнне першага нашага крызіснага цэнтра, Гродзенскага. Туды пераедзе дзіцячы цэнтр, дзе праводзяцца заняткі з малымі, якія маюць ментальныя асаблівасці развіцця, і іншыя сэрвісы. Адкрываючы крызісныя цэнтры, мы насычаем іх вялікай колькасцю сэрвісаў, таму што яны павінны працаваць нон-стоп і аказваць дапамогу ў тым ліку і беларусам, якія маюць у ёй патрэбу, — адзначыў Дзмітрый Шаўцоў.

Умацоўваецца матэрыяльна-тэхнічная база арганізацыі.

— За апошнія два гады мы набылі 11 аўтамабіляў — мікрааўтобусаў і легкавых машын. Мы цалкам аснасцілі нашы абласныя і гарадскую арганізацыі і вырашылі транспартнае пытанне. Прычым адбылося гэта дзякуючы замежнай бязвыплатнай дапамозе, — падзяліўся кіраўнік таварыства.

Скончана і аснашчэнне каманд хуткага рэагавання. Сёння гэта 17 каманд, у тым ліку 275 навучаных валанцёраў, якія гатовы правільна аказваць дапамогу ў сувязі з тэхнагеннымі ці прыроднымі катастрофамі. Яны трэніруюцца і павышаюць свой узровень разам з камандамі МНС.

— Нельга не закрануць нашу дапамогу дзецям Данбаса, у сувязі з якой супраць Беларускага Чырвонага Крыжа былі выстаўлены беспрэцэдэнтныя палітычныя санкцыі і з боку нашых замежных партнёраў, і з боку міжнародных палітыкаў і СМІ, — звярнуў увагу Дзмітрый Шаўцоў. — У нас ёсць дагавор аб супрацоўніцтве з дабрачынным фондам. Дзеці з Данецкай і Луганскай народных рэспублік прыязджаюць у Беларусь на аздараўленне, і мы з імі займаемся. Гэта было і летась, працягваецца і сёлета. У наступным, калі дзеці будуць прыязджаць на аздараўленне, мы не застанёмся ўбаку і будзем прымаць удзел, каб малыя акунуліся ў атмасферу любові і клопату, каб зразумелі, што Беларусь — гэта астравок бяспекі, дзе можна адпачыць і аднавіцца. Вядома, мы аказваем дапамогу ў выглядзе цацак і адзення. Самы галоўны пасыл — гэта псіхатэрапія праз гульню, калі мы дапамагаем зняць хранічны стрэс, у якім яны жывуць. І, вядома ж, дапамагае ім аднаўляцца тая атмасфера клопату з боку мясцовых улад, з боку адміністрацый дзіцячых лагераў. Мы будзем і далей прымаць у гэтым актыўны ўдзел.

Дзмітрый Шаўцоў станоўча ацаніў вынікі мінулага года.

— Усе планы, якія ставілі перад сабой, выкананы. Больш за тое, хачу звярнуць увагу, што ў замежных СМІ мусіруецца пытанне, што Беларускаму Чырвонаму Крыжу будзе адмоўлена ў фінансаванні і ён спыніць сваё існаванне. Адзначу, што ўсе грашовыя сродкі, якія выдзяляліся на дапамогу Беларускаму Чырвонаму Крыжу ад нашых міжнародных партнёраў, ішлі непасрэдна на аказанне дапамогі замежным грамадзянам, якія прыбываюць на тэрыторыю Беларусі. Пераважная іх большасць — грамадзяне Украіны. Гэта і грашовая, і ваўчарная, і медыцынская дапамога. Таксама гэта і дапамога нерэгулярным мігрантам. Ніколі нашы міжнародныя партнёры не выдзялялі грашовых сродкаў на развіццё сэрвісаў для Беларусі. Былі некаторыя праекты, але ў мінулым годзе іх тэрмін скончыўся. У сітуацыі, якая склалася, мы бачым канкрэтныя шляхі работы Беларускага Чырвонага Крыжа і ў гэтым годзе, і ў наступным. У нас ёсць планы, якія мы выбудавалі, і ўсе яны з прафіцытам, — падкрэсліў Дзмітрый Шаўцоў.

Сярод прыярытэтных задач, вызначаных на прэзідыуме на наступны год, — узмацненне партнёрскага ўзаемадзеяння з органамі дзяржаўнай улады і кіравання, грамадскімі аб’яднаннямі і бізнес-супольнасцю Беларусі, міжнароднымі партнёрамі, развіццё арганізацыйнага патэнцыялу Беларускага Чырвонага Крыжа для якаснага аказання паслуг і дапамогі, развіццё валанцёрства і павелічэнне колькасці валанцёраў, развіццё дзяржаўнага сацыяльнага заказу.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.