Вы тут

Гонар Віцебшчыны — у сталіцы Расіі


З 2 да 26 лютага паўночны рэгіён прэзентуе свой прамысловы, турыстычны і культурны патэнцыял у беларускім павільёне на ВДНГ у Маскве. Эстафету прэзентацый абласцей Беларусі на галоўнай расійскай выстаўцы Віцебшчына прыняла ў Брэсцкай вобласці, якая дэманстравала тут свой патэнцыял практычна ўвесь студзень. На працягу паўгода свае экспазіцыі на ВДНГ у Маскве пакажуць усе вобласці Беларусі і горад Мінск.


Фота БелТА

Як адзначыла намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Анжаліка Нікіціна, у аснове канцэпцыі выстаўкі ляжыць гісторыя станаўлення і развіцця як Віцебскай вобласці, так і ў цэлым беларускай дзяржаўнасці. «Гэта і старажытныя рамёствы, і касцюм віцебскага шляхціца, і гісторыя першага беларускага трамвая. Асобны стэнд прысвечаны партызанскаму руху на Віцебшчыне ў гады Вялікай Айчыннай вайны, у тым ліку жыццю і подзвігу аднаго з найбольш вядомых партызан краіны Міная Піліпавіча Шмырова. Дарэчы, цяпер па матывах біяграфіі партызана-героя здымаецца беларуска-расійскі фільм. На выстаўцы прадстаўлена таксама экспазіцыя, якая расказвае аб аднаўленні прамысловасці ў пасляваенны час: першыя цагліны, якія рабілі ў Віцебскай вобласці, прадукцыя фабрык лёгкай прамысловасці са знакам якасці СССР», — расказала Анжаліка Аляксандраўна.

Прамысловасць вытворчых флагманаў Віцебшчыны прадстаўлена ў гандлёвых пунктах беларускага павільёна на ВДНГ. Гэта і беларускі лён вытворчасці Аршанскага льнокамбіната, які мае багатую гісторыю, і абутковы холдынг «Марка», і прадпрыемствы харчовай прамысловасці. Усе вырабы суправаджаюцца спецыяльнымі QR-кодамі, якія дазваляюць даведацца ў цэлым аб прадпрыемстве і ўсёй прадукцыі, што выпускаецца на ім.

У рамках правядзення Дзён Віцебскай вобласці тэматычныя інтэрактыўныя пляцоўкі змяняюцца, каб паказаць гасцям выставы ўсе магчымасці рэгіёна. Так, харчовыя прадпрыемствы праводзілі майстар-класы па размалёўцы пернікаў, былі розыгрышы ад брэнда «Віцьба» і народныя промыслы.

Да вытокаў і традыцый паўночнай сталіцы госці і жыхары Масквы могуць дакрануцца разам з майстрамі падчас вырабу гравюр, саломапляцення, ткацтва. Увесь беларускі каларыт паказваюць народныя фальклорныя творчыя калектывы. Асаблівае месца на выстаўцы займае прэзентацыя брэнда Віцебска і Беларусі — пляцоўка Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар». 15 лютага тут пройдзе канцэрт, падрыхтаваны дырэкцыяй фестывалю з удзелам артыстаў, якія ў розныя гады выходзілі на сцэну віцебскага форуму мастацтваў. Акрамя гэтага, арганізатары выставы прадстаўляюць шэраг іншых міжнародных фестываляў і конкурсаў, у прыватнасці «Вішнёвы фестываль» у Глыбокім.

У беларускім павільёне можна ўбачыць і ўнікальныя экспанаты з музейных устаноў вобласці: старажытны княскі касцюм, карціны Марка Шагала, сапраўдны Полацкі летапіс. А вось станок для гравюр XVІІ стагоддзя працуе дагэтуль, такіх ва ўсім свеце захавалася ўсяго два.

Шостага лютага выстаўку наведалі паслы краін СНД, сярод якіх былі прадстаўнікі Казахстана, Таджыкістана, Узбекістана, Арменіі. Гасцям распавялі пра старажытную гісторыю паўночнага рэгіёна Беларусі, пачаставалі пернікамі ручной работы і нашым сметанковым марозівам.

«Кожны наведвальнік зможа пазнаёміцца з культурай і гісторыяй Віцебскай вобласці, даведацца пра сучаснае жыццё, выйграць нейкі памятны сувенір. Думаю, што ўсе госці, якія нас наведаюць, затым абавязкова захочуць прыехаць у Віцебскую вобласць», — заключыла Анжаліка Нікіціна.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.