Вы тут

У Гродне вызначаюць будучыню набярэжнай у гістарычнай частцы горада


Да вырашэння гэтай задачы падступаюцца не ўпершыню. Яшчэ гадоў дзесяць таму быў рэалізаваны першы праект па замене аварыйных калектараў і інжынерных сетак. Затым адбылося добраўпарадкаванне тэрыторыі, вызначана пешаходная зона, пастаўлена агароджа, адрамантавана лесвіца, устаноўлены архітэктурныя збудаванні. Але час патрабуе новых падыходаў. Гродна развіваецца як турыстычны горад, і набярэжная можа стаць яшчэ адной унікальнай лакацыяй горада над Нёманам.


Звязаць мінулае і сучаснае

У інстытуце «Гроднаграмадзянпраект» гэта тэма ў ліку прыярытэтных. У кабінеце галоўнага архітэктара, намесніка дырэктара па архітэктуры і горадабудаўніцтве Аляксандра Захарчука эскізамі і макетамі гродзенскай набярэжнай занятая ўся сцяна. Якіх тут толькі няма прапаноў! «Вось бы гэтыя ідэі ўвасобіць у жыццё», — падумалася мне як жыхарцы абласнога цэнтра. Ды і гасцям горада гэта месца прыйдзецца даспадобы. А іх з кожным годам у Гродне прыбывае. Асаблівую цікавасць сёння выклікае Стары замак, які быццам белы карабель навіс над самым схілам набярэжнай Нёмана. Крыху далей — старажытная Каложская царква.

Варта толькі падняцца па лесвіцы, каб апынуцца ў самым цэнтры гістарычнага Гродна. І гэта яшчэ не ўсё. Унізе вядзецца маштабная рэканструкцыя былога піўзавода пад зону фуд-корта. Мяркуецца, што ў наступным сезоне гэты аб’ект запрацуе.

Што датычыцца самой набярэжнай, тут таксама ёсць цікавыя прапановы.

Аляксандр Захарчук найперш звяртае ўвагу на схему генеральнага плана, дзе вызначаны ўчастак пад добраўпарадкаванне. Тэрыторыя даволі вялікая і доўжыцца ад Старога моста да Новага. Але цяпер уся ўвага засяроджана на ўчастку самой набярэжнай у некалькі сот метраў. Менавіта тут павінна адбыцца добраўпарадкаванне з азеляненнем.

— Я даўно працую з гэтай тэмай і ведаю гістарычны выгляд тэрыторыі, — тлумачыць Аляксандр Захарчук. — Набярэжная здаўна была любімым месцам гараджан. На здымках 20–30-х гадоў мінулага стагоддзя можна ўбачыць, што адхоны да Нёмана выкладзены брусам, ёсць барты з колатых камянёў, гэта захавалася. Дарэчы, тэрыторыя тады прыводзілася ў парадак за кошт саміх гараджан. Тут і агароджа была, і азеляненне. Такім чынам, мы бачым, што гэты аб’ект цікавы з гістарычнага пункту гледжання. Яго нават можна разглядаць як помнік архітэктуры, як ахоўную зону.

У ахоўным рэжыме архітэктар прапануе правесці і наступны этап рэканструкцыі.

Злучыць два берагі

Галоўнай фішкай, на яго думку, павінен стаць новы пешаходны мост праз Нёман. Чаму гэта важна? Па словах суразмоўніка, мост звяжа два прыгожыя ландшафты, бо і на тым баку ёсць утульная паркавая зона, але яна часцей за ўсё бязлюдная. Калі з’явіцца пешая сувязь, то гэтыя два аб’екты ажывуць. Да таго ж гэта самае вузкае месца ракі — 65 метраў. Калісьці тут быў наплыўны мост, ён карыстаўся папулярнасцю ў гродзенцаў.

Архітэктар прапаноўвае некалькі варыянтаў моста. Кожны праект улічвае суднаходнасць ракі, таму ў ім прадугледжаны рухомыя канструкцыі. Мост можа быць паваротным і рэгулявацца з дапамогай рычагоў, можа падымацца па тыпе мастоў у Пецярбургу альбо быць тэлескапічным па тыпе шафы-купэ. Такая рухомасць моста таксама можа стаць свайго роду атракцыяй для публікі.

— Мост, які будзе мець лёгкія металічныя канструкцыі, добра ўпішацца ў агульны ландшафт з абрысамі Старога замка і Каложы. Мяркуецца, што ён будзе ў 3,5 метра над вадой. Упэўнены, што гараджане і госці будуць спецыяльна прыходзіць сюды на шпацыр, — зазначае суразмоўнік.

Наогул, добраўпарадкаванне набярэжнай пацягне за сабой нямала перспектыўных кірункаў. У першую чаргу, развіццё воднага турызму. Пакуль акваторыя ў гэтым сэнсе выкарыстоўваецца слаба. Час ад часу прадпрымальнікі арганізоўваюць катанне на катары ці лодках. Некалькі гадоў таму па Нёмане хадзіла сапраўдная ладдзя. Сёння ў распараджэнні турыстаў толькі невялікі цеплаход, але з-за абмялення ракі ён швартуецца на Аўгустоўскім канале. А вось малым плавальным сродкам тут ёсць дзе разгарнуцца. Праект прадугледжвае навядзенне парадку як на тэрыторыі порта, так і на месцах паркоўкі воднага транспарту. Па словах архітэктара, гэта не патрабуе вялікіх затрат.

Водны маршрут можа быць надзвычай цікавы. Непадалёку — месца абрушэння сцяны Каложы падчас паводкі ў сярэдзіне пазамінулага стагоддзя. Аляксандр Захарчук упэўнены, што тут ляжаць рэшткі старажытнай сцяны. Яна была даволі масіўнай і не магла быць далёка аднесена цячэннем. Па ўсёй бачнасці, яе занесла пяском. Праплыць над сцяной Каложы цікава кожнаму падарожніку.

Ёсць і праект добраўпарадкавання пляжнай зоны з выратавальнай станцыяй. Сама станцыя ў выглядзе драўлянага доміка — таксама аб’ект гістарычны. Ёй больш за сто гадоў, і гэта першая выратавальная станцыя ў Беларусі. Калісьці разглядалася пытанне платнага пляжа з устаноўкай альтанак, летняга кафэ, але ніхто не ўзяўся за гэтую справу. Часткова зону добраўпарадкавалі падчас рэканструкцыі Старога моста.

Зрабіць набярэжную пешай зонай

Гэта яшчэ адна прынцыповая пазіцыя праекта Аляксандра Захарчука.

Цяпер аўтамабільны рух стварае нязручнасці для прагулак. Пытанне аб забароне праезду прыватнага транспарту ўздымалася неаднойчы. Але аўтамабілі па-ранейшаму пануюць на гарадской набярэжнай. Частка з іх едзе да жылога сектара, але нямала прыязджае сюды шумнымі калонамі, і тады аб спакойным шпацыры можна забыць. А летнім вечарам тут сапраўды надзвычай прыгожа.

Гродзенскі архітэктар трымаецца думкі, што гэта зона павінна быць свабоднай ад аўтамабілістаў. Такая пазіцыя апраўдана і гістарычнай асаблівасцю старой часткі горада. Набярэжная стане лагічным працягам пешаходнай вуліцы Леніна, якая лічыцца адной з самых ажыўленых. Ніводны турыст не міне вуліцу, якая вядзе да Замкавай гары і славутых палацаў. Ад іх прыгожая лесвіца ідзе да набярэжнай. Дарэчы, лесвіцу гараджане называюць «Лесвіцай кахання». Яна працяглая, бо і сама Замкавая гара надзвычай велічная. Неаднойчы прымаліся меры для ўмацавання крутых схілаў, каб прадухіліць спаўзанне грунту.

Сама ж лесвіца — любімае месца для фотасесій. Яе рамантавалі, цяпер яна выглядае рэспектабельна і нядрэнна аздабляе прыбярэжную зону. Архітэктар прапаноўвае завяршыць яе агляднай пляцоўкай, дзе можна пасядзець і палюбавацца навакольным пейзажам.

На яго думку, менавіта гістарычны кантэкст патрабуе надаць гэтай зоне турыстычны выгляд. А значыць, зрабіць яе пешаходнай. Магчыма, з веласіпедным рухам.

Аляксандр Захарчук дэманструе макет аб’екта, які, на яго погляд, удала ўпішацца ў асяроддзе. Ён прадугледжвае пешаходную алею з дрэвамі і кустамі. Расліны размеркаваны па зялёных астраўках з брукам, вакол якіх стаяць драўляныя лаўкі. Робіцца разлік на 6-7 зон адпачынку. Газоны прадугледжаны за кошт праезджай часткі, а пешаходная прастора стане значна большай.

— Калі тут навесці парадак, гэта прастора таксама можа стаць артыстычнай, як і наша пешаходная вуліца горада. Сюды прыйдуць і музыканты, якіх многа ў нашым горадзе, нават можна будзе рабіць нейкія прадстаўленні, — раскрывае сваё бачанне перспектывы суразмоўнік.

Ён ідзе яшчэ далей і прапаноўвае размясціць тут летні амфітэатр. Дарэчы, такія ідэі тут меркавалі ажыццявіць яшчэ 30 гадоў таму, калі шукалі месца для правядзення фестывалю «Славянскі базар». Гродна таксама быў у ліку прэтэндэнтаў, але не знайшлося месца для вялікай канцэртнай пляцоўкі. Іншая рэч — камерны амфітэатр. Але гэта больш аддаленая перспектыва.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота аўтара

Загаловак у газеце: З пешаходным мостам і зонай адпачынку

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.