Вы тут

Выстаўка-фотааповесць «Крык птушкі» Анатоля Кухарчука


Побач з экспазіцыяй фотаклуба «Мінск» у галерэі Савіцкага — персанальная выстаўка-фотааповесць «Крык птушкі» Анатоля Кухарчука. У экспазіцыі прадстаўлены 52 фотаработы, падзеленыя на чатыры раздзелы («Стварэнне свету», «Шуканні», «Пераадоленні» і «Знаходжанне новай надзеі»), што суправаджаюцца аўтарскімі каментарыямі.


Фрагмент экспазіцыі.

У аснове праекта — параўнанне душы чалавека і птушкі. Фатограф праз метафару і алегорыю адлюстраваў жыццёвы шлях чалавека. Кожная з работ выяўляе пэўны эпізод гісторыі існавання асобы, паказвае звычайнае імгненне як неад’емную частку вялікай карціны свету. Гэта паслядоўны аповед, аднак яго складнікі адрозніваюцца сэнсава і эмацыянальна. Чалавек нараджаецца, жыве, сталее... Разам з гэтым змяняюцца станы душы. Анатоль Дзмітрыевіч нарадзіўся ў вёсцы Тэўлі Кобрынскага раёна, скончыў факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Цяпер з’яўляецца кіраўніком камерцыйнага прадпрыемства. Здымаць 

Анатоль Кухарчук вучыўся на журфаку, але доўгі час не займаўся фатаграфіяй. І толькі ў даволі сталым узросце пачаў актыўна здымаць. Першая выстаўка Анатоля Кухарчука адбылася ў 2021 годзе. Тады ж ён быў прыняты ў народны калектыў «Фотаклуб «Мінск»». 

— Калі я працаваў над гэтым праектам, часта звяртаўся да радкоў Антона Паўлавіча Чэхава, — расказаў аўтар праекта «Крык птушкі». — Пісьменнік казаў, што па сутнасці жыццё любога чалавека — усяго толькі сюжэт для невялікага апавядання. Несуцяшальная, на першы погляд, выснова... Але, на маю думку, калі жыццё чалавека склалася хаця б у аповед, то яно пражыта не марна. Між тым я ўзяў на сябе смеласць назваць праект аповесцю, бо паспрабаваў прадставіць гісторыю жыцця чалавека — ад пачатку да фіналу. Былі сумненні: а ці не можа праект здацца занадта драматычным, трагічным? Вядома, жыццё кожнага чалавека цудоўнае, але трагізм у тым, што, на жаль, яно мае сваё завяршэнне. Тым не менш імкнуўся ўкласці ў фатаграфію ўласнае бачанне, разуменне, стаўленне да быцця, хацеў паказаць, што жыццё цудоўнае. Гэта найвялікшая каштоўнасць, якую варта берагчы і ўсяляк змагацца за тое, каб чалавек не пакідаў гэты свет дачасна. 

На думку калег і крытыкаў, творчую манеру фатографа вызначаюць вобразнасць выявы, стройнасць кампазіцыі, вывераная прапрацоўка дэталей, святлоценявы лаканізм чорна-белага здымка. «Крыку птушкі» гэта таксама ўласціва. Дарэчы, толькі два творы выстаўкі-фотааповесці каляровыя. Гэта ключавыя для праекта «Стварэнне свету» і «Над сонцам», уступная і фінальная работы. У чорна-белым варыянце былі б страчаны ідэі абедзвюх, ды і канцэпцыя вымагала фарбаў у кожным з выпадкаў. Без некаторых здымкаў, на першы погляд, можна было абысціся, але з надрукаванай аповесці не выкрасліш слова, а з жыцця не выкінеш эпізод мінулага. Кожны кадр, пры дэтальным разглядзе, не падаецца выпадковым. Пра гэта сведчыць найперш удумлівы падыход аўтара да храналогіі, да стварэння пазнавальнай гісторыі, якую, думаецца, многім захочацца перачытаць па зразумелых і невытлумачальных прычынах. 

Выстаўкі «Ціхія гісторыі» і «Крык птушкі» будуць працаваць да 3 сакавіка. Дарэчы, фотааповесць Анатоля Кухарчука існуе ў выглядзе календара. Экзэмпляр аўтар падарыў Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага. 

Яўгенія ШЫЦЬКА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.