Вы тут

Хутка — Масленічны тыдзень


Мы ўжо неяк забываем з часам, а маладзейшыя, можа, і не ведалі, што Масленіца — гэта не адзін дзень масавых гулянняў са спальваннем чучала бабы-зімы, высокім слупом з прызамі наверсе, якія дастаюцца самым моцным ды спрытным, блінамі з маслам ды шкваркамі, шашлыкамі, песнямі-танцамі-гульнямі, а цэлы тыдзень. Гулянне — яно толькі ў апошні, ажно сёмы па ліку, кульмінацыйны дзень святочнай сядміцы, які сёлета прыпадае на нядзелю, 17 сакавіка.


Як жа ладзілі Масленіцу нашы продкі? Звесткі пра гэтая здабываў у старых дасведчаных людзей з добрай памяццю, а дзе што і з іншых крыніц, якіх шмат, каб уявіць сабе цэльную карціну. Здаецца, вымалявалася. 

Панядзелак — першы дзень. Падрыхтоўка да галоўнага свята сустрэчы вясны. Дарэчы, сёлета масленічны тыдзень пачнецца 11 сакавіка. Людзі прыбіралі ў хатах, рыхтавалі сані, ладзілі ледзяныя горкі, усталёўвалі арэлі... 

Другі дзень называўся зайгрышамі. Маладыя дзяўчаты пасля гаспадарчых клопатаў гушкаліся на арэлях, каталіся з горак. А каторая з іх найдалей паляціць, у той лён самы доўгі вырасце ўлетку. 

На трэці дзень дзяўчаты пад вечар пераапраналіся ў цыганоў, бабуль, дзядоў ці яшчэ ў каго і хадзілі па хатах, віншавалі гаспадароў з Масленіцай, вазілі бабульку-павітуху вакол вёскі. Пасля везлі яе ў якую хату па дамоўленасці, каб падзякаваць за тое, што гэтак ладна прымае роды і немаўляты паяўляюцца на свет Божы здаровенькімі. 

Яшчэ ў гэты дзень увечары дзяўчаты вешалі на шыі нежанатых хлопцаў цяжкаватыя калодкі, і калі тыя шчодра не адкупяцца, то будуць насіць іх ажно да заключнага, галоўнага дня Масленіцы. 

Справа ў тым, што перыяд ад Каляд да Масленіцы быў самым багатым на вяселлі. І хто прапусціў гэты перыяд — вось табе калода, маўляў, насі і думай, каб праз год зноў не насіць. 

Чацвёрты дзень называлі чыстым чац¬вяргом, але прысвячаўся ён хатняй жывёле, таму яшчэ яго называлі конскім, а сапраўдны чысты чацвер — заўсёды напярэдадні Вялікадня. Ніхто ў гэты дзень не працаваў. Сяляне апраналі ўсё чысценькае і ранічкою ішлі ў царкву, маліліся, ставілі свечкі святому Уласу. Казалі яшчэ: «Святы Улас на ма¬сла ды бліны лас». Дзякавалі яму за тое, што паклапаціўся, каб жывёла перазімавала як след, здаровая. Пасля выганялі са стайняў на вуліцу маладых жарабцоў, запрагалі, глядзелі, як яны могуць ездзіць, так бы мовіць, аб’язджалі, каталіся. 

На пяты дзень быў цешчын вечар. Зяці хадзілі да сваіх цешч. Абавязкова з падарункамі. А тыя дзякавалі ім, частавалі. 

Шосты дзень — залоўчыны пасядзелкі. Маладыя дзяўчаты наведвалі сваіх заловак, таксама з падарункамі. Сядзелі, гаманілі, адводзілі такім чынам душу. 

Сёмы дзень называлі даравальнай нядзеляй. Раніцай прасілі адзін у аднаго прабачэння за тое, што, можа, на працягу года чым пакрыўдзілі. Спачатку дзеці і жонка прасілі прабачэння ў бацькі. А тады бацька станавіўся на калені і прасіў прабачэння ва ўсёй сям’і. Пасля гэтага сядалі за стол. Багаты як ніколі: шмат мясных разнастайных страў, гара кілбас і яшчэ большая гара бліноў, масла... 

Наядаліся ад пуза. Бо з заўтрашняга дня — Вялікі Пост, у час якога харчаваліся варанай капустай, квасам, салёным гурком, квашанінай, бульбай... 

Ну, а пасля застолля — на вуліцу, да вялікай гары са старых непатрэбных рэчаў, сабраных з усёй вёскі. І тую гару падпальвалі. Каб з гэтага моманту дома было ўсё толькі новае, моцная мэбля, свежая вопратка, тканіна... Вось яна — кульмінацыя! 

Пакуль не патухаў касцёр, спявалі, танцавалі, вадзілі карагоды. А вясёлым гульням канца-краю не было. Адным словам, цешыліся ад душы дапазна. 

Святаслаў БЯРОЗКА

Фота Кастуся Дробава

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.