Вы тут

Брэст прыняў эстафету маладзёжнай сталіцы Беларусі


Брэст прыняў у Наваполацка эстафету маладзёжнай сталіцы. Урачыстая цырымонія прайшла 17 лютага, перадае БелТА.


Фота: moladz.by

Брэст стаў дзявятым горадам Беларусі, які ўдастоены такога статусу. «Наваполацк праявіў сябе па-сапраўднаму маладзёжна, крэатыўна, ініцыятыўна. За мінулы год праведзена вялікая колькасць мерапрыемстваў, у тым ліку міжнародных. Мы маем права чакаць, што ў 2024 годзе, які кіраўніком дзяржавы аб’яўлены Годам якасці, Брэст прыкладзе асаблівыя намаганні. Для гэтага ёсць усе неабходныя ўмовы», — сказаў міністр адукацыі Андрэй Іванец.

Ён падкрэсліў, што моладзі ў краіне ўдзяляецца пільная ўвага, ствараюцца ўмовы для самарэалізацыі. «Самае галоўнае — будучыня знаходзіцца ў вашых руках. Толькі вашай працай, розумам, жаданнем і ідэямі, якія неабходна рэалізаваць, мы зможам атрымаць моцную, квітнеючую і незалежную Беларусь», — адзначыў міністр.

Маладзёжную сталіцу выбіраюць па конкурсе. Традыцыйна паступае шмат заявак, пры разглядзе якіх улічваецца комплекс фактараў: план прапанаваных мерапрыемстваў, знакавыя падзеі. У прыватнасці, сёлета Брэсцкая вобласць адзначае 85-годдзе, Брэсту спаўняецца 1005 гадоў. Адмысловае значэнне мае 80-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Горад над Бугам і яго легендарная цытадэль першымі прынялі ўдар ворага, сваім супрацівам тут жа пачалі каваць Перамогу.

«Можа, нехта хоча забыцца ці сцерці старонкі нашай слаўнай гісторыі. Мы проста не дапусцім гэтага. Безумоўна, той факт, што будаўніцтва Рэспубліканскага патрыятычнага цэнтра аб’яўлена Усебеларускай маладзёжнай будоўляй, унясе свой уклад, каб менавіта моладзь ганарліва несла сцяг пераможцаў і вызваліцеляў нашай Радзімы, — перакананы Андрэй Іванец. — Вядома, мы чакаем, што 2024 год пройдзе ў Брэсце якасна, на самым высокім узроўні, і наша моладзь будзе мець магчымасць сябе праявіць абсалютна ва ўсіх сферах».

Ва ўрачыстай абстаноўцы пераходны сімвал маладзёжнай сталіцы ў выглядзе ключа перададзены старшыні Брэсцкага гарвыканкама Сяргею Лабадзінскаму. «Вялікі гонар прыняць гэтую эстафету. Хачу пажадаць, каб мы не падкачалі. У нас з’яўляецца новы слоган: „У любімым Брэсце толькі разам“. Па праве перадаю гэты сімвал моладзі, якая будзе паказваць клас, каб яшчэ раз даказаць, што мы адзіныя і моцныя», — рэзюмаваў мэр Брэста.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.