Вы тут

Крупко правёў прамую лінію ў Мазыры


Уладкаванне паркоўкі на прыдамавой тэрыторыі і з’езда з вуліцы ў Мазыры, работа піцэрыі ў Капаткевічах, добраўпарадкаванне могілак у вёсцы Нараўлянскага раёна — гэтыя і іншыя пытанні агучылі жыхары Гомельскага рэгіёну падчас прамой тэлефоннай лініі і прыёму грамадзян, якія правёў 20 лютага старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко ў Мазыры, перадае БелТА.


Фота: БелТА

На прамую лінію датэлефанавалася мазыранка, якая жыве ў доме, якому ўжо больш за 50 гадоў. «Раней дамы будаваліся без аўтамабільных стаянак. Сёння тыя месцы, дзе паркуюць машыны, — у ямах. Хацелася, каб уладкавалі месца, дзе можна ставіць машыны», — прасіла гараджанка. Яна дадала: на дарогах каля дома неабходны ямачны рамонт.

Як адзначыў Іван Крупко, тэрыторыю абследуюць, правядуць ямачны рамонт. Што датычыцца парковачнай зоны, магчымасці прааналізуюць спецыялісты, пасля чаго будзе прынята рашэнне.

Іншая жыхарка Мазыра прасіла ўладкаваць з’езд з вул. Маякоўскага. «Спуску для транспарту з горкі вясной, восенню, калі дажджы ўсё размываюць, па сутнасці няма. Робяць падсыпку, але гэта не дапамагае», — падзялілася сваімі перажываннямі заяўніца.

«Пасля вывучэння сітуацыі паглядзім, што можна зрабіць», — сказаў губернатар.

Яшчэ адзін жыхар Мазыра паскардзіўся: кожны год падвал дома затаплівае вадой. «Як у лістападзе мінулага года затапіла, так і стаіць вада да гэтага часу. Усё іржавее, усё гніе. А галоўнае — там знаходзяцца электрашчыты», — трывожыцца гараджанін.

«Возьмем дом на кантроль. Вызначым першачарговыя працы і прадумаем рашэнне на перспектыву», — адказаў кіраўнік рэгіёну.

На кантролі застаецца і сітуацыя ў інтэрнаце ў Мазыры, які знаходзіцца на балансе адной з арганізацый. «У нас ужо два тыдні няма гарачай вады. А тут жывуць і маленькія дзеці», — датэлефанавалася на прамую лінію жанчына. Як запэўніў кіраўнік раёна, гарачую ваду павінны даць ужо сёння.

З Петрыкаўскага раёна паступіў званок ад жыхаркі Капаткевічаў. Яна расказала: больш за паўгода ў гарпасёлку не працуе піцэрыя. Рамонт ва ўстанове зрабілі, аднак пасля абнаўлення яна так і не адкрылася. Жанчына звярнула ўвагу і на тое, што ў населеным пункце не пачышчаныя каналы на вул. Меліярацыйнай.

«Каналы пачысцяць. Па піцэрыі пытанне комплексна прапрацуюць спецыялісты», — адзначыў старшыня аблвыканкама.

На прыём з пытаннем аб уладкаванні прыпыначных пунктаў на развязцы трас Р31 і Р35 у раёне в. Гулевічы звярнулася мазыранка. Пры рэканструкцыі маста праз Прыпяць на аўтадарозе Калінкавічы — Мазыр некаторыя маршруты грамадскага транспарту часова змянілі схемы руху, у тым ліку і адзін з самых запатрабаваных маршрутаў № 201 Мазыр — Калінкавічы, які звязвае два раённыя цэнтры. Па гэтым маршруце людзі штодзень ездзяць на працу, вучобу і назад.

«Напрыклад, я зараз саджуся ў Мазыры, еду міма сваёй вёскі Гулевічы ў Калінкавічы, і, зрабіўшы круг, вяртаюся ў вёску», — апісала маршрут пенсіянерка. Яна лічыць, што зэканоміць час пуці дапамогуць дадатковыя прыпыначныя пункты.

Як было адзначана, пры нарастаючым інтэнсіўнасці руху транспарту на гэтым участку знаходжанне на ім пешаходаў небяспечнае. На прыёме абмеркавалі варыянты вырашэння сітуацыі. Выніковае рашэнне прымуць пасля дэталёвага вывучэння.

Яшчэ адну заяўніцу прывяло на прыём да губернатара пытанне добраўпарадкавання грамадзянскіх могілак у Дзяржынску Нараўлянскага раёна. Як адзначыла жанчына, тэма ўзнікла пасля таго, як некалькі гадоў таму каля могілак гарэў лес. Пажар закрануў і могілкі. У 2020 годзе на могілках выдалілі больш за 25 аварыйных дрэў, аднавілі агароджу вакол. Пасля пасля камісійнага абследавання выявілі яшчэ восем аварыйных дрэў. Іх выдаляць сёлета. Цалкам адрамантуюць і плот па перыметры. Піламатэрыялы ўжо закуплены.

Губернатар звярнуў увагу: свой уклад трэба ўнесці і тым, чые сваякі на могілках.

Абмяркоўваліся на прыёме зямельныя спрэчкі і іншыя пытанні. Звароты жыхароў рэгіёну ўзялі на кантроль.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.