Вы тут

Падтрымаць сем'і, вярнуць спакой пенсіянеру і падарыць радасць дзецям


У пошуках вырашэння набалелага пытання людзі вельмі часта звяртаюцца па дапамогу да парламентарыяў. Сваімі жыццёвымі гісторыямі, калі водгук на просьбы аб дапамозе не прымусіў сябе чакаць, з карэспандэнтам «Звязды» падзяліліся жыхары Гомельшчыны. Пасля агучвання праблемы на самым высокім узроўні хвалюючыя сітуацыі гэтых людзей зрушыліся з месца.


Надзея на выздараўленне

Шматдзетная мама Марына Чыкіна — адна з тых, хто шукаў дапамогі ў вырашэнні сваёй складанай жыццёвай сітуацыі падчас правядзення адзінага дня прыёму грамадзян членамі Савета Рэспублікі ў Гомельскай вобласці.

Гамяльчанка і яе муж выхоўваюць дзіця-інваліда. Іх дачцэ Настассі 8 гадоў. Тры гады таму ў дзяўчынкі выявілі рэдкае генетычнае захворванне, якое выклікае збоі імуннай сістэмы. Малой жыццёва неабходныя дарагія лекі.

— Больш за 20 тысяч рублёў каштуе адзін укол прэпарату, а яго трэба рабіць кожныя восем тыдняў, — тлумачыць мама дзяўчынкі.

У сям’і Чыкіных трое дзяцей. Бацькі ніяк не маглі самастойна набываць дарагія лекі.

— Спачатку нам дапамог дабрачынны фонд. Але прэпарат закупілі толькі на год, — кажа Марына Чыкіна. — Мы былі вымушаныя прасіць дапамогі і звярнуліся ў Савет Рэспублікі, а паралельна і ў Міністэрства аховы здароўя. Нам адказалі, што міністэрства будзе імкнуцца заключыць дагавор на пастаўку прэпарату ад вытворцы. Летам 2023 года па хадайніцтве Міністэрства аховы здароўя Беларускі дзіцячы фонд закупіў 7 ампул прэпарату. Уводзяць яго дачцэ ў Мінску, адзін укол робяць двум дзеткам, — дадае мама дзяўчынкі.

Марына не можа стрымаць эмоцый, калі згадвае, як ёй патэлефанавалі і пацвердзілі закупку неабходнага для яе дачкі прэпарату.

— Мы так радаваліся ўсе, што цяжка перадаць. Мы ведаем, што гэтыя лекі дапамагаюць дачцэ. Пасля ўводу прэпарату яна радзей хварэе, пачала нарэшце набіраць вагу, расці. Мы памятаем радасць нашай дачушкі, калі пасля першага года лячэння яна змагла выходзіць гуляць на вуліцу. Да гэтага тое было немагчыма, бо малая адразу хварэла, здараліся страшныя прыступы ліхаманкі, тэмпература — больш за 40 градусаў... Таму нам важна не спыняць лячэнне. Урачы робяць добрыя прагнозы, што дачка зможа «выйсці ў рэмісію». Магчыма, нават пойдзе пайсці вучыцца ў школу. Цяпер дачка ў трэцім класе на хатнім навучанні, — тлумачыць Марына Чыкіна.

Лекі для Настассі закуплены да лета бягучага года. Сітуацыя сям’і з Гомеля застаецца на кантролі ў Савеце Рэспублікі.

— Мы, вядома, хвалюемся, перажываем, бо вельмі не хочацца, каб дачка зноў вярнулася ў той стан, калі ёй не аказвалася лячэнне. Мы спадзяёмся, што нашу сям’ю не пакінуць сам-насам са складанай сітуацыяй. Не магу выказаць, наколькі важная такая падтрымка сем’ям, дзе дзеці хварэюць на рэдкія захворванні, калі бацькі не могуць ніяк фінансава «пацягнуць» іх лячэнне, — перадае Марына Чыкіна.

Вольга Арцёменка, член Савета Рэспублікі з 1996-га да 2000-га, сён­ня актыўна прымае ўдзел  у рабоце Ма­зыр­ска­га ра­ён­на­га Са­ве­та ве­тэ­ра­наў.

Шматдзетная маці не можа не падзяліцца радасцю і ад таго, як дзякуючы звароту ў Савет Рэспублікі іх сям’я неспадзявана для сябе вырашыла і жыллёвае пытанне. У той самы дзень адзінага прыёму грамадзян членамі Савета Рэспублікі сенатар Таццяна Рунец даведалася, што сям’я Чыкіных даўно стаіць у чарзе на пашырэнне жылплошчы.

— У нас з мужам на той момант было двое дзяцей-інвалідаў (у старэйшай дачкі інваліднасць нядаўна знялі) і маленькая трэцяя дачушка. Жылі мы ў аднапакаёўцы. Вядома, не маглі нават марыць пра новую кватэру. Прама падчас прыёму сенатара ад кіраўніцтва Адміністрацыі нашага Навабеліцкага раёна нам прапанавалі трохпакаёвую кватэру. Гэта сацыяльнае жыллё. Пытанне вырашылі літаральна на працягу тыдня. Мы з мужам зрабілі рамонт і ўжо праз пару месяцаў перасяліліся, — расказвае гамяльчанка.

Святу быць

Ганаровы грамадзянін Мазырскага раёна, член Савета Рэспублікі з 1996-га да 2000-га, Вольга Рыгораўна Арцёменка сёння — намеснік старшыні Мазырскага раённага Савета ветэранаў. Іх арганізацыя аб’ядноўвае больш за 20 тысяч чалавек.

— Трэці год праходзіць рэспубліканскі конкурс дзіцячага малюнка «Нам мір завешчана берагчы». Мы ў раёне конкурс актыўна падтрымліваем. Тэма вельмі кранальная, патрыятычная, і юныя мастакі адгукаюцца заўсёды. Прымаюць удзел дзеці розных узроставых груп. Вызначаем пераможцаў у розных намінацыях, якія ўжо далей удзельнічаюць у конкурсе на ўзроўні вобласці, краіны, — распавяла Вольга Арцёменка.

Для пераможцаў конкурсу Мазырскі раённы Савет ветэранаў традыцыйна рыхтуе свята, узнагароджанне дыпломамі і падарункамі. Вольга Рыгораўна звярнулася асабіста да члена Савета Рэспублікі Алега Слінько, каб ён аказаў дапамогу ў арганізацыі і правядзенні раённага этапу рэспубліканскага конкурсу.

— Сенатар асабіста прыехаў на свята да дзяцей, уручыў пераможцам конкурсу дыпломы і падарункі. Мы вельмі ўдзячныя за такую падтрымку, ганаровы грамадзянін Мазырскага раёна.

Прапанова аб працы змяніла ўсё

Ураджэнец гарадскога пасёлка Акцябрскі Гомельскай вобласці Іван Лузай у свой час скончыў Беларускую дзяржаўную сельскагаспадарчую акадэмію, атрымаў дыплом зоаінжынера. Пасля выпуску пэўны час працаваў па спецыяльнасці, чатыры гады быў намеснікам дырэктара ў адной з гаспадарак Акцябрскага раёна. Але апошнія гады Іван Іванавіч працаваў вальшчыкам лесу ў лясгасе ў сваім раёне.

— Я працягваў шукаць работу па спецыяльнасці, час ад часу глядзеў аб’явы, прапановы на «біржы» працы. Год таму ўбачыў, што ёсць вакансіі ў гаспадарцы ў Мазырскім раёне, — тлумачыць Іван Лузай. — Вырашыў звярнуцца да кіраўніка «Саўгаса-камбіната «Зара» — сенатара Алега Слінько. Мне адразу прапанавалі на выпрабавальны тэрмін працаўладкавацца на пасаду кіраўніка аддзялення. Пагадзіўся з радасцю, сям’я маё рашэнне падтрымала. Паехаў дадому, звольніўся і прыехаў адразу працаваць.

Іван Іванавіч амаль год як працуе кіраўніком аддзялення № 1 Барбароў «Саўгаса-камбіната «Зара». Яго ўчастак работы — гэта малочнатаварная ферма з дойным статкам на 400 галоў і комплекс па дарошчванні маладняку на амаль тысяч галоў.

— Прайшоў выпрабавальны тэрмін, потым калі ўжо заключылі кантракт, перавёз сям’ю з Акцябрскага. Нам далі службовае жыллё — кватэру ў Мазыры. Жонка таксама знайшла работу, працуе ў дзіцячым садку, — расказвае Іван Іванавіч і прызнаецца: не чакаў, што жыццё яго сям’і так пераменіцца пасля звароту да сенатара.

«Нарэшце змог спакойна заснуць»

Жыхар Мазыра Алег Андрэевіч Філіпкоў таксама шукаў дапамогі ў парламентарыя. Крыху больш за год таму пажылы мужчына аўдавеў. Да гадавіны планаваў добраўпарадкаваць пахаванне жонкі, устанавіць помнік. Па паслугу звярнуўся ў прыватную фірму.

— Заключылі дагавор у чэрвені. Унёс перадаплату 2200 рублёў. Я не настойваў, каб рабілі тэрмінова. Мне прапанавалі пазначыць у дагаворы, што тэрмін выканання — 10 верасня, я пагадзіўся, — згадвае Алег Андрэевіч. — У жніўні стаў цікавіцца, калі пачнуць работы на пахаванні, хваляваўся, бо час падыходзіў. Калі звяртаўся, кармілі абяцанкамі, як кажуць. Умяшаўся сын, размаўляў з дырэктарам фірмы. Зноў толькі абяцанні.

Алег Андрэевіч прызнацца: ён настолькі знерваваўся, што наогул страціў надзею, перастаў спаць. Па дапамогу пенсіянер звярнуўся да члена Савета Рэспублікі Алега Слінько.

— Літаральна праз 20 дзён пасля звароту прыватная фірма ўсё выканала, як дамаўляліся. Лічу, што парушаць тэрміны выканання дагавору — гэта не норма. Магчыма, варта пазбаўляць ліцэнзіі такіх прадпрымальнікаў. Таму што, выходзіць, кліент павінен за імі бегаць. Лічу, што ў службах, якія аказваюць паслугі рытуальнага кшталту, павінны працаваць людзі, якія могуць суперажываць, спачуваць, бо іх кліенты, страціўшы блізкіх, і так вельмі моцна перажываюць. І ў такую сітуацыю можа трапіць любы чалавек, — звяртае ўвагу жыхар Мазыра.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота з архіва герояў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.