Штогод школьнікі сярэдняй школы № 2 г. Капыля імя Цішкі Гартнага становяцца ўдзельнікамі рэспубліканскіх этапаў алімпіяды па інфарматыцы. У гэтым навучальным годзе на 3-м, абласным, этапе адразу трое вучняў адзначаны высокімі ўзнагародамі: васьмікласнік Віталь Туравец і дзесяцікласнік Іван Берднік атрымалі дыпломы першай ступені, а таксама адзінаццацікласнік Радамір Ткачэнка ўзнагароджаны дыпломам першай ступені. Пасля заканчэння школы нямала яе выпускнікоў паступаюць у ВНУ на прэстыжныя і запатрабаваныя спецыяльнасці, звязаныя з праграмаваннем.
— Выяўленне, навучанне і развіццё асобы высокаматываваных і адораных дзяцей — адна з першачарговых задач сучаснай школы, — кажа дырэктар школы № 2 г. Капыля Ірына Абас. — У нас для гэтага ствараюцца ўсе ўмовы: умацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы, псіхолага-педагагічнае суправаджэнне падрыхтоўкі, супрацоўніцтва з бацькамі, усебаковая падтрымка як настаўнікаў, так і вучняў.
Поспех вучняў — заслуга найперш педагагічнага калектыву. 27 настаўнікаў, а таксама дырэктар Ірына Абас і яе намеснікі — выпускнікі гэтай жа школы. Як і Дзяніс Ляшчэвіч, настаўнік інфарматыкі. Менавіта ён заснаваў сваю сістэму падрыхтоўкі, якая і прыносіць высокія вынікі.
Дзяніс Міхайлавіч скончыў педагагічны клас па спецыяльнасці «матэматыка і інфарматыка» сярэдняй школы № 2 г. Капыля імя Цішкі Гартнага ў 1997 годзе, пасля — педагагічны ўніверсітэт. Пачынаў працаваць педагогам-арганізатарам, з 2004 года выкладае інфарматыку. Акрамя таго, праводзіць стымуляцыйныя заняткі, дзе ўсе ахвотныя, хто цікавіцца інфарматыкай, могуць удасканальваць свае веды пад кіраўніцтвам педагога.
— Сістэма простая: кожны вучань павінен засвоіць тэму. Пакуль ён не разабраўся ў ёй, да наступнай не прыступаем.
Інфарматыка — той прадмет, дзе ўсе тэмы звязаны: калі не засвоіў адну, наступную не зразумееш. Ад вучня таксама патрабуецца шчыра прызнаць, што не засвоіў. Абсалютна любы вучань здольны зразумець тэму, проста для кожнага патрабуецца свой час, — упэўнены Дзяніс Міхайлавіч.
Заняткі наведвае ад 10 да 15 школьнікаў з розных класаў.
Да кожнага ў настаўніка індывідуальны падыход. І ніякага прымусу: калі вучань раптам перастаў хадзіць на заняткі, у яго ёсць магчымасць падумаць і вызначыцца. Як правіла, праз пэўны час цікавасць да прадмета бярэ верх, і вучні зноў вяртаюцца. Прычым заняткі працягваюцца і летам.
І гэта, між іншым, самы плённы час — няма іншых урокаў, і новыя веды засвойваюцца хутчэй.
Падрыхтоўка да алімпіяды ў кожнага вучня ідзе ў сваім тэмпе.
Хтосьці рыхтуецца за год, некаму дастаткова пазаймацца два месяцы, а ёсць вучні, якім неабходна два-тры гады.
— Не трэба нікога спісваць з рахункаў. Магчыма, нехта марудна засвойвае, але затое гэтыя веды застануцца на ўсё жыццё, — упэўнены настаўнік.
Як правіла, вучні Дзяніса Міхайлавіча паступаюць у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі, і ў іншыя ўніверсітэты на спецыяльнасці, звязаныя з праграмаваннем, а яны, як вядома, вызначаюцца высокім конкурсам.
— Што дае інфарматыка? Структураванае мысленне. Узяць праблему ці задачу, раздрабніць яе на падзадачы і вырашыць, — кажа настаўнік, дадаючы, што вучні апошнім часам змяніліся.
Новае пакаленне часта не мае той руплівасці, якой патрабуюць дакладныя навукі.
— Калі за пяць хвілін вучань не дасягнуў поспеху, яму псіхалагічна складана. Гэта праблема камп’ютарных гульняў ці таго, што паўсюль для школьніка стараюцца стварыць сітуацыю поспеху, — заўважае Дзяніс Ляшчэвіч. Але і з гэтым — навучыць школьніка працаваць над задачай — ён паспяхова спраўляецца.
У рамках уласнай сістэмы выкладання настаўнік стварыў унутраны сайт для вучняў школы, дзе ў кожным курсе, разбітым на тэмы, сабраны базавыя задачы, якія школьнік павінен рашыць. Дарэчы, іх настаўнік стварыў сам.
— Дзякуючы гэтаму ў мяне ёсць статыстыка, як кожны вучань іх рашаў, што ў яго атрымліваецца, а што — не. Калі вучань нейкі час адсутнічаў, не трэба задаваць яму пытанні, каб высветліць, што ён памятае з той ці іншай тэмы. Паспяховасць кожнага вучня збіраецца ў агульны базавы рэйтынг. І я бачу, як кожны з іх спраўляецца з задачамі, што засвоіў добра, а што не ведае.
Акрамя інфарматыкі, на сайт настаўнік дадае і іншыя прадметы. Напрыклад, яго сістэмай кантролю ведаў ужо карыстаюцца настаўнікі замежнай мовы.
Алена КРАВЕЦ
Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА
З мастацтвам па жыцці.
Баявое ўзаемадзеянне найвышэйшага ўзроўню.
«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».