Вы тут

Разважанні мастака Ільі Гічана пра межы і магчымасці сучаснага мастацтва


У мастацкай галерэі Беларт праходзіць персанальная выстаўка Ільі Гічана «Пошукі фактуры», якую можна параўнаць з экалагічнай сцежкай, дзе розум адпачывае, а сэрца напаўняецца любоўю і спакоем. Экспазіцыя адлюстроўвае разважанні мастака пра межы і магчымасці сучаснага мастацтва. Аўтар праз свае творы расказвае пра звычайныя паўсядзённыя рэчы, якія на самай справе іграюць важную ролю ў жыцці кожнага. 


«Кабаны».

Ілья Гічан скончыў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў і ўжо ў 2018 годзе адкрыў сваю студыю ў Мінску. Малады мастак мае педагагічны вопыт і актыўна выкладае акадэмічны малюнак, жывапіс і скульптуру. Важным дасягненнем для творцы ў мінулым годзе стала ўступленне ў Беларускі саюз мастакоў. 

Выстаўка — пра эксперыменты мастака падчас пошуку неабходных выяўленчых сродкаў, любімай тэхнікі і стылю. Творчая разнастайнасць работ паказвае розныя этапы ў жыцці Ільі Гічана. Прадстаўлены карціны ў традыцыйных жанрах пейзажа, нацюрморта і анімалістыкі. Іх аб’ядноўвае прыродная тэматыка, якая вяртае да родных мясцін і дазваляе адпачыць душой. Нават паветра насычаецца пахам кветак, хвоі і свежасцю вясновага лесу. 

Пейзажы мастака можна аднесці да лясной ці вясковай тэматыкі. Яны адлюстроўваюць прыгажосць беларускай прыроды. Аўтар эксперыментуе з рознымі тэхнікамі, выкарыстоўвае разнастайныя матэрыялы і новыя метады нанясення фарбы. Большасць пейзажных карцін прысвечаны таму, з чым сутыкаецца кожны чалавек, які калі-небудзь жыў ці проста прыязджаў у вёску. Мастак добра перадае атмасферу восеньскага лесу, прыгажосць і небяспечнасць вясновых паводкаў, цеплыню і любоў да вясковых краявідаў. Асабліва прыцягваюць увагу творы «Вуллі. Зіма» і «Вясна. Пасека» з аднолькавым сюжэтам, ды розным успрыманнем. Гледзячы на «Вуллі. Зіма», адчуваеш подых марознага ветру і цішыню пахмурнага зімовага дня. «Вясна. Пасека» выклікае іншыя эмоцыі. Тут ёсць цеплыня, яркія фарбы і гудзенне маленькіх пчолак, якія схаваліся ў жоўтых кветках. Такія сюжэты дапамагаюць паглядзець на адзін і той жа пейзаж з рознага ракурсу і зразумець, што нельга падзяляць свет на чорнае і белае, трэба ўспрымаць з’явы і рэчы ў разнастайных іх праяўленнях. Падобнае ўражанне ад карцін «Від з ракой Іслаччу-1, 2, 3» на звычайных дошках, якія паказваюць адну раку з розных бакоў. Мастак выкарыстоўвае пейзажныя матывы як нагоду для абагульнення і інтэрпрэтацыі, фіксацыі фрагментаў уражання. 

Нацюрморт — адзін з найстарэйшых жанраў у выяўленчым мастацтве. Па меркаваннях мастацтвазнаўцаў, праз нацюрморт творцы могуць паказаць унутраны свет, раскрыць уляўленні пра сувязь жывога і нежывога. 

Прыцягвае ўвагу серыя нацюрмортаў Ільі Гічана «Простыя рэчы». На карціне «Нацюрморт нумар 6» адлюстравана звычайная вясковая печ, на якой стаяць жалезны імбрык і кубак. Твор выкананы ў цёмных колерах і перадае атмасферу зімовай раніцы, калі печка яшчэ крыху цёплая, а гаспадыня гатуе просты, але самы смачны снядак. У серыі прасочваецца настальгічнае зачараванне старымі рэчамі. Ілья Гічан па-мастацку спагадліва адгукаецца на навакольнае асяроддзе, тонка прыкмячае незвычайнае ў паўсядзённым, важнае ў простым.

«Нацюрморт нумар 6». Серыя «Простыя рэчы»

Мастак амаль заўсёды піша з натуры і характарызуе сваю творчасць як стыхійную. «Нават калі вельмі захачу, дзве аднолькавыя работы не змагу напісаць», — сказаў Ілья Гічан на адкрыцці выстаўкі. Галоўнае ўражанне ад работ — радасць жыцця, свежы погляд, лёгкасць і святло. Яркім эксперыментальным момантам для мастака з’яўляюцца скульптуры ў жанры анімалістыкі, вырабленыя з дрэва і гіпсу, якія лагічна дапаўняюць тэму асэнсавання прыроды. Па стылістычных характарыстыках работы Ільі Гічана набліжаны да экспрэсіянізму. У адрозненне ад заснавальнікаў гэтага кірунку, у беларускага мастака экспрэсія ўзнікае не ў выніку ўнутранага канфлікту, трагічнага светадчування, а, наадварот, у выніку энергіі і свабоды, захаплення жыццём, якія аўтар хоча перадаць гледачу. Работы не выклікаюць супярэчлівых пачуццяў, не алюстроўваюць свет праз прызму болю, страху, адзіноты. Творчасць Ільі Гічана ахутвае спакоем, гармоніяй і лёгкасцю. Пейзажы вяртаюць нас да першабытных пачуццяў, калі не было ніякіх абмежаванняў, чалавеку належаў цэлы свет, а сам ён быў часткай некранутай прагрэсам прыроды. У творах мастака можна ўбачыць сімвалічныя нітачкі, якія звязваюць нас з мінулым, даюць апору сёння і дазваляюць з надзеяй глядзець у будычыню.

Пасля наведвання выстаўкі застаецца адчуванне, што сярод сталічных шматпавярховікаў і шуму машын нейкім чынам знайшоўся маленькі кавалачак цішыні, які застаўся ў сэрцы назаўсёды. Сёння ўсе кудысьці спяшаюцца, бягуць, нервуюцца, і такое мастацтва дапамагае знізіць тэмп, запаволіцца і нарэшце паглядзець навокал, каб не прапусціць жыццё.

Выстаўка працуе да 29 лютага. 

Лізавета КРУПЯНЬКОВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.