Вы тут

Самае запаветнае мастака Сяргея Бяляўскага


Любоў да радзімы расце і квітнее ў душы чалавека кожны дзень. Спачатку гэта здаецца звычайнай з’явай і ніяк не ўплывае на жыццё, але, калі прывязанасць перапаўняе сэрца, пачуцці знаходзяць сваё адлюстраванне ў творчасці. Так, на выстаўцы «Тапафілія» ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы можна ўбачыць жывапіс Сяргея Бяляўскага, дзе мастак падзяліўся самым запаветным — замілаваннем роднымі мясцінамі. 


«Асенні дзень»

Тэрмін «Тапафілія» прыйшоў да нас з грэчаскай мовы і дакладна перакладаецца як «прывязанасць да месца». Гэта пачуццё, якое ўзнікае ў вандроўнікаў падчас іх падарожжаў, калі сярод прыгожых, але чужых выдатных мясцін замежнага горада яны пачынаюць сумаваць па родным краі. З часам паняцце «тапафілія» ўвайшло ў многія культаралагічныя дысцыпліны, набываючы новыя рысы. У сярэдзіне ХІХ стагоддзя нават з’явіўся такі літаратурны жанр, як «тапафільная проза», дзе важную ролю ў аповедзе іграе апісанне мясцовасці. Джэймс В. Гібсан у сваёй кнізе «Перабудаваны свет» сцвярджае, што тапафілія з’яўляецца біялагічна абгрунтаванай цеснай культурнай сувяззю з месцам. Пісьменнік лічыць такія сувязі разбуранымі сучаснасцю, аднак «усё больш людзей спрабуюць знайсці іх зноў». Але мастак Сяргей Беляўскі, здаецца, ніколі не страчваў гэтай прывязанасці. У творах аўтар адлюстраваў прыгажосць сваёй малой радзімы — Капыльшчыны, з якой ён цесна звязаны. «Цяпер я разумею, чаму ўвесь час, дзе б я ні знаходзіўся, мяне цягне да майго месца сілы — на радзіму», — кажа мастак. 

Большасць з работ аўтара прысвечна блізкім для многіх вобразам вясновай прыроды, калі толькі пачынае сыходзіць снег. Цяпер, напрыканцы лютага, гэта вельмі актуальна. Любімым мастаком Сяргея Бяляўскага з’яўляецца Вітольд Бялыніцкі-Біруля, рысы творчасці якога можна заўважыць у работах нашага сучасніка. Ён працаваў у жанры імпрэсіянісцкага пейзажа і вылучаўся моцнай любоўю да «пераходных» станаў прыроды, такіх як вясна і восень. Гэтую асаблівасць таксама можна заўважыць на карцінах Сяргея Бяляўскага. У экспазіцыі прадстаўлены яго работы з назвамі «Сон да сакавіка», «Напрадвесні», «Крыгі», «Ралля», «Першыя замаразкі», «Асенні дзень» і іншыя. Для адлюстравання гэтых паэтычных пор года мастак выкарыстоўвае мяккія колеры, якія добра перадаюць настрой такога зменлівага надвор’я, калі адначасова дзьме халодны вецер і грэе ласкавае сонейка. Сяргей Бяляўскі займаецца жывапісам толькі 5 гадоў, як самавучка абапіраецца на вопыт больш масцітых калег. Спачатку мастак піша эскізы, а потым на іх аснове стварае паўнацэнныя карціны. Увазе наведвальнікаў прадстаўлены работы майстра за 2022–2024 гг. Апошняя карціна «Світанне» адлюстроўвае ўзлесак, які яшчэ хаваецца пад белымі сумётамі, але сухая чырвоная трава, чыстае ружовае неба сведчаць пра набліжэнне вясны. Як кажа сам аўтар, ён працуе ў класічным стылі. Яго работы прывабліваюць простымі сюжэтамі і мяккімі колерамі. Гэты «пераходны» перыяд, калі зіма змяняецца вясной ці лета — восенню, часта лічыцца сумным і непрыгожым. Восеньскі дождж выклікае ў людзей апатыю, а шэрай вясновай раніцай хочацца схавацца пад цёплай коўдрай. Але творы Сяргея Бяляўскага паказваюць нам невідавочную прыгажосць гэтай пары. Знаёмыя здаўна пейзажы вяртаюць у дзяцінства, дзе кожны хаця бы раз спрабаваў вымераць глыбіню лужыны сваімі гумавымі ботамі, а потым вяртаўся да бабулі ўвесь брудны, але шчаслівы. 

На выстаўцы таксама прысутнічаюць работы, выкананыя ў жанры нацюрморта: «Першацветы», «Нацюрморт з лімонамі», «Касачы» і «Касачы ў Доктаравічах». Гэтыя творы вылучаюцца больш яркімі колерамі, якія добра кантрастуюць з астатнімі карцінамі. Акрамя нацюрмортаў і пейзажаў, прысвечаных вясне і восені, на выстаўцы можна ўбачыць работы, якія адлюстроўваюць звычайнае вясковае жыццё, напрыклад, паход у царкву ў няделю ці выпас кароў у спякотны летні дзень. Гэтыя сюжэты добра перадаюць атмасферу маленькай вескі, дзе жыццё ціхае і спакойнае. 

«Касачы ў Доктаравічах».

Сяргей Бяляўскі, захапляючыся работамі беларускіх жывапісцаў, лічыць тэму радзімы адной з тых, што падштурхоўваюць творцу да раскрыцця таленту. «Кожны мастак, перш чым стаць сапраўдным і шчырым на палотнах, беручы ў рукі пэндзаль, пісаў вобразы беларускай прыроды. І праз часы, становячыся народнымі, заслужанымі, ганаровымі ці проста знікаючы ў забыцці — на палотнах праз усё мастацкае жыццё праносілі вобразы родных мясцін. Вось яны нас, усіх беларусаў, і аб’ядноўваюць — родныя мясціны, усе падобныя, але ў кожнага свае».

Выстаўка «Тапафілія» працуе да 20 сакавіка. 

Лізавета КРУПЯНЬКОВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.