Прэм’ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка на сустрэчы са старшынёй Калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі Бакытжанам Сагінтаевым абазначыў задачы, якія трэба вырашыць у рамках ЕАЭС да 2025 года, перадае БелТА.
«У нас ёсць шэраг задач, якія мы павінны вырашыць у кантэксце еўразійскай інтэграцыі да 2025 года. Гэта дастаткова складаныя пытанні, у іх ліку інтэграцыйнае ўзаемадзеянне ў сферы энергетыкі, энергетычнай бяспекі. Таксама даволі напружаная тэма — тэхнічнае рэгуляванне. Нам трэба абараняць рынак ЕАЭС ад прадукцыі з трэціх краін, асабліва з непацверджанай бяспекай. У СМІ часта паведамляюць аб выяўленні няякасных тавараў, якія трапляюць на наш агульны рынак і потым бесперашкодна перамяшчаюцца. Гэта пытанне ў першую чаргу здароўя і бяспекі нашых грамадзян», — сказаў Раман Галоўчанка.
Паводле яго слоў, на гэтым фоне зацягванне прыняцця некаторых тэхнічных рэгламентаў — не вельмі дапушчальная сітуацыя. «На мой погляд, Камісіі ЕЭК трэба праяўляць тут большую прынцыповасць», — падкрэсліў прэм’ер-міністр.
Акрамя таго, важнае пытанне — афармленне электронных пашпартоў самаходных машын і іншых відаў тэхнікі. «Прыняты план мерапрыемстваў па ўдасканаленню структуры сістэмы электронных пашпартоў. Ёсць рознае разуменне ў бакоў гэтага працэсу, як далей рухацца. Мы ўпэўнены, што трэба дакладна выканаць план, які прыняты па ўдасканаленню гэтай структуры», — заявіў Раман Галоўчанка.
Прэм’ер-міністр таксама адзначыў, што ў ЕАЭС «крыху адышлі» ад пытання біялагічнай бяспекі. Казахстан раней выступаў, каб гэтая тэма разглядалася ў рамках АДКБ. На думку кіраўніка беларускага ўрада, найбольш правільная пляцоўка для вырашэння гэтай задачы — гэта ЕАЭС. «Мы не павінны адкідаць гэта пытанне. Мы яшчэ з 2021 года гаварылі аб гэтым, але пакуль рашэнне не знойдзена. У тым ліку актыўнай работы і ў рамках АДКБ не вядзецца. Мне здаецца, трэба ўзяць гэта пытанне ў свае рукі», — акцэнтаваў увагу ён.
Што да лічбавага парадку дня ў ЕАЭС, Раман Галоўчанка адзначыў, што гэта той інструментарый, той механізм, які закліканы на справе рэалізаваць дамоўленасці аб бясшвовых транзакцыях, руху тавараў, паслуг, грузаў і г.д. «На жаль, працэсы таксама даволі глейка ідуць. Колькасць агульных працэсаў, да якіх падключаны ўсе краіны, невысока — каля чвэрці. Трэба рухацца ў гэтым напрамку», — падкрэсліў ён.
«Прамысловая кааперацыя — той практычны складальнік нашай еўразійскай інтэграцыі, дзе краіны-ўдзельніцы змогуць поўнасцю раскрыць свой патэнцыял. Рашэнні па фінансавай падтрымцы такіх ініцыятыў ужо прыняты, — сказаў прэм’ер-міністр. — У прыватнасці, Беларуссю ініцыяваны праект па стварэнню еўразійскага электробуса. Яго можна рэалізаваць у кароткі тэрмін і паказаць на справе магчымасці нашай інтэграцыі ў прамысловасці. Гэта адна з галоўных мэт, дзеля якой ствараўся наш саюз».
Фота: БелТА
З мастацтвам па жыцці.
Баявое ўзаемадзеянне найвышэйшага ўзроўню.
«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».