Вы тут

Што можа стараста вёскі?


Звычайна на пачатку года ў раёнах праходзяць сходы стараст, якія арганізуюць райсаветы. На гэтых невялікіх форумах падводзяць вынікі работы, абагульняюць вопыт самых лепшых, уручаюць прэміі і каштоўныя падарункі. Асабліва актыўных стараст заахвочваюць таксама па выніках абласных аглядаў. Цяпер, калі мяняецца састаў дэпутатаў сельскіх Саветаў, важна захаваць гэты актыў.


Пётр Навумчык каля помніка ахвярам пажару

Дзеля памяці, для нашчадкаў

Некаторыя сапраўды працуюць цікава, як цяпер кажуць, крэатыўна. У асобных ёсць свае «фішкі», ёсць справы, да якіх яны здолелі прыцягнуць аднавяскоўцаў. Сёння гаворка менавіта пра такіх.

І першы ў гэтым шэрагу — Пётр Іосіфавіч Навумчык. 

Ён быў старастай вёскі Буса Іванаўскага раёна шмат гадоў. Той самай шматпакутнай Бусы, жыццё якой перамянілася ў лістападзе 1957 года, калі на пажары загінулі 65 чалавек, у большасці сваёй дзяцей і падлеткаў. Там загарэлася школа падчас кінасеанса. І за лічаныя хвіліны юнацтва і надзея вёскі пайшлі ў вечнасць па недарэчнай выпадковасці. Пётр Навумчык страціў на тым пажары бацьку і сястру, яму было тады 12 гадоў.

У вёсцы, вядома, жыла памяць пра трагедыю. Але ж змянілася пакаленне, маладыя з’ехалі ў горад, стаў прыходзіць у заняпад стары помнік. У канцы 90-х гадоў Пятра Навумчыка выбіраюць старастай, і ён пачынае літаральна бударажыць грамадскасць наконт устаноўкі новага помніка. Пётр Іосіфавіч ідзе ва ўстановы і арганізацыі, наведвае заможных прадпрымальнікаў, расказвае пра наступствы пажару, і многія людзі адгукаюцца. Паступова збіраюцца грошы, і ў 2002 годзе ў Бусе адкрываюць новы помнік з прозвішчамі на мармуровай пліце, з адпаведным добраўпарадкаваннем тэрыторыі. З таго часу ў гадавіну трагедыі ў вёсцы з падтрымкай райвыканкама праводзяць жалобныя мерапрыемствы.

Помнік франтавікам Бусы

Але стараста не спыняецца на дасягнутым. Ён узнімае грамаду, і паступова з’яўляецца помнік землякам, якія загінулі на франтах Вялікай Айчыннай, і тым, якія ваявалі. На пліце, прымацаванай да валуна, змешчаны два спісы. Адзін пад назвай «Яны загінулі за Радзіму», другі — «Яны змагаліся за Радзіму». Такім чынам увекавечылі памяць усіх франтавікоў-землякоў. Потым узяліся за помнікі невядомым воінам і партызанам, якія з даўняй пары былі на вясковых могілках. Іх таксама абнавілі, прывялі ў парадак. Вядома, актыўнаму старасце заўсёды аказваў падтрымку райвыканкам, раённы Савет, памагала мясцовае сельгаспрадпрыемства. Але ж ільвіную долю работы ён браў на сябе. Як і цяпер, даглядаць помнікі Пятру Навумчыку дапамагаюць яго дзеці і ўнукі. А калі па стане здароўя ён не змог выконваць абавязкі старасты, эстафету падхапіла жонка Ганна Андрэеўна…

Адной з галоўных сваіх спраў стараста вёскі Задуб’е Ганцавіцкага раёна Ірына Валасюк лічыць збор і абагульненне звестак пра гісторыю населенага пункта, найперш пра ваенныя гады. Ірына Барысаўна — бібліятэкар, ваеннай тэмай цікавілася даўно. А калі ў Задуб’і закрылі школу, то ўсе матэрыялы, якія беражліва захоўвалі настаўнікі-краязнаўцы, перадалі ў бібліятэку. Да іх Ірына Валасюк дадала газетныя выразкі, што збірала шмат гадоў, уласныя нататкі. Ірына Барысаўна паспела апытаць і запісаць успаміны некалькіх ветэранаў вайны, а таксама відавочцаў падзей таго часу. Задуб’е — вёска асаблівая, карнікі палілі яе два разы: першы раз у канцы 1943 года, другі — у пачатку 1944-га. 

За два разы знішчылі 149 хат, забілі 48 чалавек.

Два гады таму пачалі ўзводзіць новы памятны знак на месцы трагедыі вёскі, рыхтаваліся памятныя мерапрыемствы, і вельмі спатрэбіліся матэрыялы, сабраныя старастай. Цяпер яна занятая клопатамі па захаванні гістарычнай памяці пра вёску, пераводзіць сабраныя матэрыялы з паперы ў лічбу.

У сямейнай камандзе

За гады работы не раз даводзілася сустракацца з актыўнымі старастамі. І заўважала, што часцей за ўсё тыя з іх паспяховыя, хто працуе ў сямейнай камандзе, то-бок у каго муж альбо жонка становіцца першым памочнікам, як і ў выпадку з Пятром і Ганнай Навумчыкамі. У Камянецкім раёне ёсць стараста Ванда Раслякова. Ванда Паўлаўна ў вёсцы Галоўчыцы на гэтай грамадскай пасадзе без малога сорак гадоў. Як высветлілася, давер ёй аказалі землякі яшчэ з савецкага часу. З той пары яна нязменны вясковы лідар. Але з яе расказу пра справы апошніх гадоў вынікала, што асноўны груз работы нярэдка бярэ на сябе муж Аляксей Міхайлавіч. Летась, напрыклад, калі прыбіралі старыя аварыйныя дрэвы, ён некалькі тыдняў шчыраваў разам з работнікамі дарожных службаў, уласнымі механічнымі прыстасаваннямі вывозіў галлё і дробныя драўляныя адходы. У яго ёсць веласіпед з маторам, які выручае з мабільнасцю, калі трэба аб’ехаць аднавяскоўцаў альбо тэрмінова наведацца ў сельсавет.

У Кобрынскім раёне адзін са старастаў на тэрыторыі Дзівінскага сельсавета расказаў мне, як жонка вядзе ўлік спраў у вялікіх сшытках-журналах. Там запісваюцца грошы, якія ахвяруюць людзі на агульныя клопаты, напрыклад, добраўпарадкаване могілак. Занатоўваецца кожная капейка, як у графе «прыход», так і ў раздзеле «расход». Таму любы ахвотны можна заўсёды правесці рэвізію і атрымаць падрабязную справаздачу. А яшчэ жонка старасты запісвае, у каго юбілеі, круглыя даты, у сшытку ёсць інфармацыя пра ўдзельнікаў вайны і кавалераў дзяржаўных узнагарод, нават тых, каго даўно няма ў жывых. «Усё можа спатрэбіцца на свята вёскі, яшчэ на якія мерапрыемствы. Важна, каб было пад рукой», — гаварыла жонка старасты.

Дарога для вёскі

Ёсць нямала старастаў, якія ўмеюць і любяць ствараць прыгажосць. Такіх як Любоў Гугнюк, стараста вёскі Клепачы Пружанскага раёна. Да выхаду на пенсію Любоў Мікалаеўна ўзначальвала мясцовы ўчастак камунальнай гаспадаркі. Тое, што было яе прафесіяй, цяпер стала яе хобі. На пасадзе старасты яна мабілізавала аднадумцаў, у асноўным з асяродку равесніц. Пачынаючы з вясны жанчыны высаджваюць кветкі, упрыгожваюць вуліцы роднага пасёлка. Шмат чаго зрабіла для прыгажосці вёскі Падкраічы Бярозаўскага раёна яе стараста Раіса Чапайла. Нават прэмію, якую атрымала за перамогу ў абласным спаборніцтве, яна патраціла на грамадскія патрэбы. І такіх старастаў можна знайсці ў кожным раёне.

Ванда і Аляксей Расляковы

Старшыня Веляміцкага сельскага Савета Святлана Пашкевіч нядаўна расказала мне пра старасту вёскі Старына Столінскага раёна, па ініцыятыве якога ўзвялі дарогу паміж двума населенымі пунктамі. Дакладней, зрабілі з камянёў брукаванку. Іван Ільіч Слуцкі цяпер пенсіянер, з канца 90-х ён быў старастай у Старыне на працягу 15 гадоў. Дык вось яго і выбралі старастай пасля таго, як ён узняў грамаду і ўзначаліў работу па будаўніцтве дарогі. Старына — вёска асаблівая, яна ўзнікла ў сярэдзіне 60-х, лічы, на роўным месцы, калі звезлі былыя хутары. Не было ў вёсцы ні школы, ні магазіна, ні ФАПа, ні клуба, ні бібліятэкі. Па ўсё трэба было хадзіць у Велямічы. А навакол лясы, балоты, дарога ж — адны слёзы. Іван Ільіч тады калгасным брыгадзірам працаваў. Папрасіў старшыню калгаса дапамагчы пераадолець бездарожжа. Калгаснай тэхнікай прывозілі камень з Мікашэвіч. А мясцовыя жыхары, мабілізаваныя Слуцкім, разбівалі тыя камяні на дробныя кавалкі, каб потым можна было брукаваць дарогу. Калгас яшчэ і будаўнічую брыгаду выдзеліў. Так пракладвалі тую дарогу працягласцю ў шэсць з паловай кіламетраў усе разам некалькі тыдняў. І цяпер ёй карыстаюцца. Праўда, летась зверху насыпалі гравій. А ў наступным годзе запланавана асфальтаванне дарогі. Але Івану Ільічу да гэтай пары аднавяскоўцы ўдзячныя за добрую справу.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.