Вы тут

Майстар вытворчага навучання такарнай справе: Заняткі павінны праходзіць выключна ў пазітыўным ключы


Прэм’ера рубрыкі! Быць прафесіяналам — важна, а вышэйшы пілатаж — уменне дзяліцца сваім майстэрствам з маладым пакаленнем. Прычым рабіць тое, натхняючы на вынікі, абуджаючы жаданне ўдасканальвацца і расці ў выбранай сферы — гэта ўжо рэдкі талент. У Год якасці «Чырвонка. Чырвоная змена» распачынае праект «Вітражы майстэрства», у якім мы будзем знаёміць вас з тымі людзьмі — выкладчыкамі, настаўнікамі, майстрамі, — якія штодзень запальваюць агонь любові да працы ў вачах сваіх навучэнцаў. Знаёмцеся, а таксама падказвайце нам новых герояў для публікацый, бо вы лепш за ўсіх ведаеце, хто яны — вашы сапраўдныя аўтарытэты ў прафесіі.

Віктар Мікалаевіч Аўраменка ўжо больш за 30 гадоў працуе майстрам вытворчага навучання такарнай справе ў філіяле БНТУ «Мінскі дзяржаўны машынабудаўнічы каледж». Ён перакананы: майстар — творчая натура і яго заняткі павінны праходзіць нязмушана — выключна ў пазітыўным ключы. 

Карэспандэнт «Звязды» наведаў адзін з урокаў вытворчага навучання, які праходзіў пад кіраўніцтвам Віктара Аўраменкі. Уражанняў — мора, але пра ўсё па парадку.


Падчас практычных заняткаў майстар заўсёды дэманструе, як выконваць заданне. Так, тут адбываецца паказ вымярэння індыкатарным нутрамерам

Адчыняеш дзверы ў майстэрню і як быццам трапляеш у зусім іншы свет. На сцяне — надпіс: «Нельга ў працы сумяшчаць мікроны дакладнасці і тоны бруду», а вакол — станкі і моладзь, якая імкнецца да тых самых мікронаў дакладнасці ў такарнай справе. Тут, у майстэрнях, навучэнцы каледжа атрымліваюць дадатковую спецыяльнасць. Спачатку на другім курсе яны прыходзяць сюды на азнаямленчую практыку на тры тыдні, а ўжо на трэцім курсе працуюць тут 2,5 месяца, каб здаць на трэці разрад і атрымаць новую працоўную прафесію.

— Гэтая група ў мяне надзвычайная. У іх асноўная спецыяльнасць «Рухавікі ўнутранага згарання», — расказвае Віктар Аўраменка, назіраючы за працай падапечных. — Ды і наогул навучэнцы мне ў асноўным добрыя трапляюцца. Мае выпускнікі неаднаразова першыя месцы займалі на конкурсе прафмайстэрства на Мінскім трактарным заводзе.

Разам з тым майстар перакананы, што на першым занятку навучэнцаў абавязкова трэба напалохаць. А ўжо на ўсіх наступных паступова здымаць стрэс. Чаму так?

Работа Віктара Аўраменкі, з якой ён заняў прызавое месца на рэспубліканскай выставе тэхнічнай творчасці

— Такарная справа вельмі цікавая, але найперш трэба памятаць пра ахову працы, — тлумачыць суразмоўца. — Нельга, каб у працэсе прытупілася асцярожнасць. Навучэнцы павінны адчуваць, што працуюць у зоне павышанай небяспекі. Таму кожны раз паўтараю сваім вучням бяспечныя прыёмы працы і караю, калі гэта не выконваецца.

Гучыць сурова, аднак, як аказалася, самая суровая мера — гэта атрыманне «пакета», што азначае ганаровае права на пазачарговую прыборку майстэрні.

Урок вытворчага навучання такарнай справе пачынаецца а 8-й і доўжыцца да 14 гадзін дня. Самае першае па праграме — уступны інструктаж. У класе майстар тлумачыць тэму ўрока, паказвае адукацыйныя фільмы, адказвае на пытанні. А далей — асноўная частка занятку, якая праходзіць у майстэрні, дзе навучэнцы атрымліваюць заданне і самастойна адпрацоўваюць прыёмы.

А што рабіць для таго, каб на ўсіх этапах навучання хлопцы не толькі слухалі, але і чулі майстра? Віктар Мікалаевіч на гэта мае адназначны адказ: трэба быць прафесіяналам у сваёй справе.

— Яны прыйшлі вучыцца, і калі бачаць перад сабой прафесіянала, — гэта для іх найвышэйшы аўтарытэт. Таму майстру-практыку прасцей весці заняткі, чым выкладчыку, — разважае суразмоўца.

Прафесіяналізм самога Віктара Аўраменкі заўважны на занятках няўзброеным вокам. За плячыма ў майстра — восем гадоў працы токарам-універсалам на Мінскім трактарным заводзе. Таксама ён мае вышэйшую педагагічную адукацыю, шматлікія прызавыя месцы на конкурсах прафесійнага майстэрства, ганаровую грамату ад Міністэрства адукацыі і дзівосныя работы, гледзячы на якія ўзнікае толькі адно пытанне: як гэта можна было зрабіць на звычайным такарным станку?

Дарэчы, Віктар Мікалаевіч паказаў мне адзін з конкурсных «твораў». Гэта два шары з суцэльнага кавалка металу. У першым майстар, як у матрошцы, вывастрыў па чарзе тры дванаццаціграннікі, а ў другім — тры кубы. Такія работы — паказчык прафесіяналізму і кваліфікацыі майстра, якім можа пазайздросціць нават самы дасведчаны токар.

Яшчэ Віктар Аўраменка перакананы, што ў яго вельмі творчая прафесія. На занятках ён і сцэнарыст, і рэжысёр, і акцёр, і псіхолаг.

— Майстар павінен мець жалезнае цярпенне. Ніколі нельга абражаць навучэнца, як бы гэта цяжка ні было. Трэба заўсёды паважаць чалавека. А то, не дай бог, павысіш голас — вучань замкнецца, і занятак тады ўжо ўсім будзе не ў радасць, — дзеліцца думкамі наш герой.

Майстар разам з навучэнцамі 3-га курса спецыяльнасці «Рухавікі ўнутранага згарання»

Таму Віктар Мікалаевіч на працягу ўсёй сваёй працы імкнецца знаходзіць кантакт з моладдзю, ісці ў нагу з часам, пастаянна развівацца, захапляць навучэнцаў такарнай справай і, канешне, да ўсяго ставіцца з гумарам.

Лізавета ГОЛАД

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.