Вы тут

Аб чым гаварылі на пасяджэнні калегіі Міністэрства адукацыі


У рабоце калегіі прынялі ўдзел намеснік прэм’ер-міністра Ігар Петрышэнка і намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Луцкі. Віцэ-прэм’ер зазначыў, што сёлета будзе праведзена сур’ёзная работа па ўдасканаленні сферы адукацыі, вырашэнні ўсіх пастаўленых перад ёй задач. Таксама ён звярнуў увагу ўдзельнікаў пасяджэння на найбольш актуальныя пытанні.


«Па-першае, неабходна ўдасканаліць сістэму метадычнай падрыхтоўкі кадраў, — адзначыў Ігар Петрышэнка. — Істотнага паляпшэння патрабуе работа Мінадукацыі па падрыхтоўцы праектаў нарматыўна-прававых актаў. Акрамя таго, трэба памятаць, што анансаванне любых навацый дапушчальна толькі пасля грунтоўнай іх прапрацоўкі з усімі зацікаўленымі і прагназавання ўсіх магчымых (у першую чаргу негатыўных) наступстваў. Другое ключавое пытанне — гэта забеспячэнне даступнасці і якасці адукацыі. У сістэме дашкольнай адукацыі неабходна завяршыць перавод у электронны фармат пастаноўкі дзяцей на ўлік для прадастаўлення месца ў дзіцячых садках. Відавочна, што гэта здыме праблему для бацькоў у пастаноўцы дзяцей на такі ўлік, забяспечыць яго празрыстасць. Рашыць задачу неабходна да першага ліпеня».

Гаворачы пра агульную сярэднюю адукацыю, намеснік прэм’ер-міністра зазначыў, што для якаснай адукацыі неабходны якасныя падручнікі. Таму трэба яшчэ раз прааналізаваць новы падручнік па гісторыі для 11-га класа, выданне якога запланавана да пачатку 2024/2025 навучальнага года. Ён павінен цалкам адпавядаць тым патрабаванням, якія выказаў кіраўнік дзяржавы, а таксама адпаведным даручэнням урада: праўдзіва адлюстроўваць гістарычныя факты, уключаць вынікі расследавання Генеральнай пракуратурай крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны. «Гэта звышважна ва ўмовах вялікага аб’ёму неправеранай або скажонай інфармацыі, у тым ліку ў інтэрнэце. Неабходна таксама адыходзіць ад практыкі выдання школьных падручнікаў і іх пастаўкі ў школы пасля 1 верасня», — падкрэсліў Ігар Петрышэнка.

У адносінах да прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі віцэ-прэм’ер даў Міністэрству адукацыі і Рэспубліканскаму  інстытуту прафесійнай адукацыі канкрэтныя даручэнні: распрацаваць да 2 красавіка праграму развіцця прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі на бліжэйшыя тры гады з індыкатарамі для ацэнкі эфектыўнасці яе рэалізацыі.

Што да вышэйшай адукацыі, то задачы, на якіх трэба засяродзіцца сёлета, — гэта запатрабаванасць і якасць айчыннай вышэйшай школы, замацаванне маладых спецыялістаў на месцах, сітуацыя з кадрамі прафесарска-выкладчыцкага складу, а таксама ідэалагічная і выхаваўчая работа са студэнтамі. Акрамя таго, па словах намесніка прэм’ер-міністра, актуальным пытаннем застаецца няпрофільная падрыхтоўка ва ўніверсітэтах. Яшчэ адзін момант, на які ён звярнуў увагу, — гэта выпускнікі ВНУ. «Мы не апякуем іх, не адсочваем. Механізм такі павінен быць. Мы казалі, што рэктар павінен ведаць, дзе яго выпускнік, як ён рэалізаваўся на практыцы. Гэта трэба нам абавязкова зрабіць», — заўважыў Ігар Петрышэнка.

Міністр адукацыі Андрэй Іванец у сваю чаргу адзначыў, што 2024 год у многім павінен стаць знакавым для ўсёй сістэмы адукацыі — вызначана пяць ключавых задач, ад вырашэння якіх залежыць далейшая эфектыўнасць і якасць адукацыі ў краіне. Таксама ён акрэсліў галоўныя задачы і прыярытэты ведамства на бягучы год, агучыў навацыі, якія адбудуцца ў хуткім часе. У прыватнасці, сярод новаўвядзенняў міністр назваў з’яўленне з 1 верасня інтэграванага курса «Гісторыя Беларусі ў кантэксце сусветнай гісторыі» ў 10-х класах. Неабходнасць яго ўвядзення прадыктавана сучаснымі выклікамі, тым, што сёння ёсць спробы перапісаць гісторыю, падагнаць факты пад пэўнае палітычнае меркаванне. Таму надзвычай важна, каб школьнікі крытычна падыходзілі да пабочнай інфармацыі і добра арыентаваліся ў гістарычных працэсах.

Яшчэ адна навіна — з 1 верасня ўсе школы краіны пяройдуць на новыя ўмовы арганізацыі харчавання навучэнцаў. «Вядзецца сістэмная работа па арганізацыі харчавання навучэнцаў. У мінулым годзе па даручэнні ўрада быў рэалізаваны пілотны праект. З 1 верасня 2023 года 67 працэнтаў школ перайшлі на новыя ўмовы арганізацыі харчавання школьнікаў, з 1 студзеня 2024 года — ужо 76 працэнтаў школ. З 1 верасня 2024 года мы павінны поўнасцю перайсці на гэтыя падыходы», — паведаміў Андрэй Іванец. Першапачаткова ў праект былі ўключаны шэсць сельскіх і 15 гарадскіх школ і гімназій, потым яго геаграфія пашырылася. За час эксперыменту каля 300 самых папулярных страў увайшлі ў інфармацыйны зборнік тэхналагічных карт, якім можа скарыстацца любая ўстанова адукацыі.

Закрануў міністр і тэму школьнай формы, адзначыўшы, што ніякіх дадатковых навацый з боку Міністэрства адукацыі на сёння не ўносіцца, працягваюць дзейнічаць раней распрацаваныя падыходы. Аднак, па яго словах, школы сёння выказваюць пажаданні аб уніфікацыі элементаў школьнай формы, што, безумоўна, істотна палегчыць бацькам пошук і выбар элементаў школьнай формы. У якасці прыкладу Андрэй Іванец згадаў пілотны праект у частцы мінскіх школ, дзе выпрацоўваюцца адзіныя так званыя капсулы, уніфікаваныя па колеравай гаме. «Капсула ўключае ў сябе і бомберы — пераважна для хлопчыкаў і дзяўчынак пачатковых класаў, і камізэлькі — больш для сярэдняй школы, і пінжакі — у большай ступені для старшакласнікаў. Усе гэтыя элементы ўніфікавана маглі б выкарыстоўвацца ў школах», — адзначыў кіраўнік адукацыйнага ведамства.

Пяць задач сістэмы адукацыі

  • Першая была пастаўлена Прэзідэнтам на нарадзе з Рэспубліканскім саветам рэктараў — правесці глыбокі аналіз нацыянальнай сістэмы вышэйшай адукацыі, забяспечыць павышэнне яе якасці.
  • Другая задача: рэалізацыя дарожнай карты развіцця сістэмы падрыхтоўкі рабочых і спецыялістаў сярэдняга звяна для эканомікі і сацыяльнай сферы Беларусі.
  • Трэцяй выступае завяршэнне работы па карэкціроўцы вучэбных праграм і навучальных дапаможнікаў на ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі з улікам патрабаванняў і сучасных падыходаў да забеспячэння якасці адукацыйнага працэсу.
  • Чацвёртая задача заключана ў тым, каб вывесці на новы ўзровень работу з дзецьмі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Трэба не толькі забяспечыць іх адукацыю, але і выбудаваць прафесійную траекторыю, далейшую сацыялізацыю і жыццеўладкаванне.
  • Пятая задача — забяспечыць рэалізацыю выхаваўчага патэнцыялу моладзі, падтрымку праектаў і ініцыятыў, якія накіраваны на патрыятычнае выхаванне.

Паводле БелТА

Фота БелТА

Загаловак у газеце: Год знакавы — задачы адпаведныя

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.