Вы тут

Рувім Мазэль з Віцебска вучыў жывапісу туркменскіх мастакоў


Гавораць, што жыццё настаўніка, педагога тады нечага вартае, калі яго ўрокі, яго досвед увасобіліся ў вучнях, іх жыццях і адкрыццях... У нашага земляка Рувіма Мазеля (1890 — 1967), які нарадзіўся ў Віцебску, былі яркія настаўнікі. Першасную мастацкую адукацыю ён атрымаў у Юдэля Пэна. Легендарную віцебскую Школу малявання і жывапісу Рувім закончыў у 1906 годзе. І паступіў ў Пецярбургскую школу малявання Таварыства заахвочвання мастакоў... 


Таварыства заахвочвання мастакоў распачало сваю гісторыю яшчэ ў 1821 годзе, калі генерал-маёр Леў Кіль і начальнік корпуса ваенных тапографаў палкоўнік Фёдар Шуберт склалі "Асноўныя правілы для кіраўніцтва да дзейнасці Таварыства заахвочвання мастакоў"...Дзякуючы намаганням таварыства былі арганізаваны паездкі на вучобу ў замежжы К. Брулова, А. Брулова, А. Іванова. Таварыства паспрыяла вызваленню таленавітых прыгонных мастакоў ад прыгоннай залежнасці (браты Чарняцовы, Т. Р. Шаўчэнка, А. Агін і іншыя)... Намаганнямі Таварыства пачалося тыражаванне эстампа: літаграфіі і ксілаграфіі, тым самым шырэй прапагандавалася мастацтва па ўсёй Расіі... На пачатку новага, XX-га, стагоддзя выкладчыкамі ў Пецярбургскай школе малявання і жывапісу Таварыства выкладчыкамі працавалі Мікалай Канстанцінавіч Рэрых (1874 — 1947), які займаў пасаду дырэктара школы, і Аляксандр Бенуа (1870 — 1960)... Іх урокі, несумненна, шмат далі пачынаючаму мастаку, які яшчэ шукаў свой шлях у творчасці... 

У 1910 годзе Рувім вырашыў прадоўжыць вучобу ў Еўропе. І паступіў у Мюнхенскую акадэмію мастацтваў у клас гравюры Петэра Хальма. Правучыўся ў Германіі малады чалавек да 2014 года. У гэты час Рувім ажыццявіў некалькі паездак у Германію. Канешне ж, маладога творцу цікавілі здзяйсненні мастакоў Адраджэння. Убачыць іх карціны ўжывую — гэта ўжо сама па сабе выдатная школа. Вяртанне ў Расію супала з пачаткам Першай Суветнай вайны... Мастака амаль што адразу ж прызвалі на службу ў войска. Часць, у якую ён патрапіў, перавялі на Поўдзень, у Закаспійскую вобласць. Такім чынам Рувім патрапіў у Асхабад (так называлася тады сённяшняя сталіца Туркменістана). 

І ўжо амаль на цэлае дзесяцігоддзе лёс нашага земляка аказаўся прывязаным да гарачай Каракумскай старонкі. Як толькі прыйшла змена ўлады, разам з А. Владычуком Рувім Маісеевіч пры палітаддзеле Туркестанскага фронта арганізоўвае «Ударную школу мастацтваў Усходу». Да 10 верасня 1920 года фронтам камандаваў Міхаіл Фрунзэ. А следам, да 8 сакавіка 1921-га, — Рыгор Сакольнікаў, затым камандуючым Туркестанскага фронта быў прызначаны беларус Уладзімір Лазарэвіч, легендарная асоба... У імператарскай арміі Лазарэвіч даслужыўся да падпалкоўніка, меў мноства ордэнаў. У Чырвонай Арміі — з 1918 года. Быў камандзірам 3-й арміі ў наступленнні на Варшаву... Камандаваў арміяй і ў наступленні на Врангеля... Магчыма, недзе і сутыкаліся мастакі, якія імкнуліся прыўнесці новую культуру ў мусульманскі свет, і высокія ваеначальнікі..?

Разам з рускімі вучнямі арганізатары школы запрасілі да навучання і туркменскую моладзь. Самым яркім з вучняў аказаўся Бяшым Нуралі (1900 — 1965). Для яго, як і для іншых туркменаў, складана было прераадолець кансерватыўнае мышленне нацыянальнага асяроддзя. У выпадку з пачаткам творчага лёсу Нуралі мула з яго роднага аўла Хазыдарк загадаў пакараць маладога мастака, а ўсе яго працы — знішчыць!.. З 1923 года Бяшым Нуралі ўжо ўдзельнічае ў мастацкіх выстаўках. А ў 1926 — 1930 гг. вучыцца жывапісу ў Маскве... Сярод ашхабадскіх вучняў нашага земляка — Вольга Мізгірова, Сяргей Бегляраў, Лізавета Скобліна і іншыя таленавітыя асобы. 

У 1925 годзе Ударную школу зачынілі. Прычынай стаў паклёп, які быў адпраўлены на адрас партыйных уладаў. Праўда, Мазель на той час ужо пераехаў у Маскву.

З 1930-х па 1950-я гады Рувім Маісеевіч удзельнічаў у розных экспедыцыях у Дагестан і Туркменістан. 

Масштаб творчасці нашага земляка даволі шматабсяжны. Некаторы час ён знаходзіўся пад уплывам так званага мюнхенскага мадэрну. Пераехаўшы ў Ашхабад, шмат маляваў на ўсходнія матывы. Асноўным рэзультатам творчасці Мазеля ў ашхабадскі перыяд жыцця лічыцца кніга-альбом «Дывановыя казкі». Гэтая праца выканана як «фрэска ў мініяцюры». Мазель лічыў «Дывановыя казкі» плёнам васьмігадовай творчасці ў Туркменістане... Да 1916 — 1918 гадоў адносяцца «Узоры персідскага горада». Гэта — цыкл акварэляў. У 1922 годзе мастак выканаў серыю малюнкаў «Шахсей — Вахсей». Шахсей-Вахсей, альбо Ашура — гэта комплекс абрадавых дзеянняў у ісламе. Адбываецца ў першую дэкаду першага месяца мусульманскага каляндара Мухаррам. Яшчэ так называюць страву. Звычайна яе гатуюць як нешта салодкае... У дзень Ашуры выбачаюць усе грахі мінулага года. Лічыцца, што непасрэдна ў дзень Ашуры — дзясятага дня месяца Мухаррам быў створаны свет... Увага да рэлігійных матываў і надалей была ў полі зроку мастака. У 1930-я гады Мазелем быў створаны цыкл прац на біблейскія матывы. 

1923-м годам датаваны «Аўтапартрэт у час малярыі». Працы ўраджэнца Віцебска і зараза знаходзяцца ў Дзяржаўным музеі мастацтва народаў Усходу, Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі, Каракалпакскім дзяржаўным музеі мастацтваў імя І. Савіцкага ў Нукусе (Узбекістан). Ды і ў Беларусі таксама — у музеі Марка Шагала ў Віцебску. 

Памёр Рувім Мазель у 1967 годзе. Пахаваны ў Маскве на могілках Данскога манастыра. 

Мікола БЕРЛЕЖ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.