Вы тут

«Ракурсы творчасці» Паўла Масленікава прадстаўлены ў Нацыянальным мастацкім музеі


Жывапісец Павел Масленікаў шмат падарожнічаў. Вынікам кожнай паездкі станавіліся шматлікія творы, серыі карцін, напрыклад, «Алтайская» і «Прыбалтыйская». Аднак большасць яго работ прысвечаны роднай Беларусі, яе прыроднаму хараству і трагічнаму мінуламу. Тое, як народны мастак бачыў нашу краіну і далёкія ад яе краявіды, можна прасачыць на часовай выстаўцы ў Нацыянальным мастацкім музеі. 


«Паводка», 1981 г.

Выстаўку «Ракурсы творчасці: зямля, вада, неба» прысвяцілі 110-годдзю майстра лірыка-эпічнага пейзажа, тэатральнага жывапісца, мастацтвазнаўца і таленавітага педагога. На цырымонію адкрыцця завіталі аматары творчасці Паўла Масленікава, у тым ліку старшыня Беларускага саюза мастакоў Глеб Отчык, дырэктар гімназіі № 75 г. Мінска імя П. В. Масленікава Васіль Ананька і дырэктар Магілёўскага абласнога мастацкага музея імя П. В. Масленікава Яўген Белавусаў. Выступіў падчас урачыстасці і заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, прафесар, загадчык кафедры жывапісу і графікі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, сын мастака Уладзімір Масленікаў. 

«Зіма», 1960 г.

— Павел Васільевіч — асоба вельмі шматгранная і адораная. Феномен гэтай асобы можна зразумець праз погляд на дзейнасць і яе вынікі, якімі ён паспеў на працягу ўсяго свайго жыцця паслужыць нашай радзіме, — падкрэсліла падчас адкрыцця генеральны дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Ганна Конанава. — Выдатны жывапісец, яркі каларыст і разам з тым майстар складанага батальнага жывапісу, віртуозны тэатральны мастак, майстар манументальна-мастацкай дэкарацыі, які паспеў аформіць вялікую колькасць значных спектакляў паводле выбітных твораў усёй гісторыі чалавецтва. Таленавіты педагог, які ўмеў заразіць сваіх вучняў і паслядоўнікаў любоўю да жыцця, Радзімы, жывапісу, прафесійнага шляху. Рэдкі грамадскі дзеяч, які валодаў дарам кіраўніка. Ён узначальваў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут каля чатырох гадоў і выступаў з ініцыятывамі па адкрыцці новых спецыяльнасцей. Вядома, асобна трэба сказаць, што ён патрыёт, які прайшоў ад пачатку да канца Вялікую Айчынную вайну, меў медалі за абарону Масквы і перамогу над Германіяй, а таксама ордэн Вялікай Айчыннай вайны II ступені. 

Пра ўнікальнасць асобы творцы гэтым вечарам разважаў і заслужаны дзеяч мастацтваў Уладзімір Пракапцоў: 

— Павел Масленікаў ні дня не жыў без мастацтва. Безумоўна, дзякуючы характару ён працаваў, не шкадуючы сябе, і дасягнуў такіх вынікаў, што на яго малой радзіме быў створаны помнік-бюст і адкрыты музей у яго гонар. Гэты мастак — прыклад вернага служэння сваёй прафесіі і краіне. 

У экспазіцыі, што размясцілася ў галоўным корпусе музея, прадставілі каля 40 жывапісных твораў з калекцый Нацыянальнага мастацкага музея, Беларускага саюза мастакоў, Магілёўскага абласнога мастацкага музея імя П. В. Масленікава, Музея гісторыі горада Мінска і сям’і мастака. Куратарамі праекта выступілі Наталля Сяліцкая, вядучы навуковы супрацоўнік аддзела беларускага мастацтва ХХ—ХХІ стст., і Кацярына Запека, старшы навуковы супрацоўнік выставачнага аддзела. 

«Іня», 1972 г.

«На захадзе сонца», 1975 г.

Праект «Ракурсы творчасці: зямля, вада, неба» працягнецца да 21 красавіка. А ў Гасцёўні Уладзіслава Галубка (сектар філіяла «Музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры» Нацыянальнага гістарычнага музея) працуе выстаўка «Чароўныя сусветы тэатральных падмосткаў», прысвечаная 110-годдзю Паўла Масленікава. Вядома, што ў фондах Гістарычнага захоўваецца больш за 120 твораў мастака, частка з якіх прадстаўлена на выстаўцы. Убачыць іх можна да 5 сакавіка. 

Яўгенія ШЫЦЬКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.