Вы тут

«Ілюзія кахання» для Мікалая Калядкі


Мікалай Калядка быў дырыжорам-пастаноўшчыкам шэрагу спектакляў у Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры Беларусі — ён працаваў над операмі і балетамі. І літаральна напрыканцы 2023 года ў тэатры адбылася прэм’ера, да якой быў датычны дырыжор: балет «Ілюзіі кахання» ў пастаноўцы галоўнага балетмайстара Ігара Колба. А 21 лютага чарговы паказ спектакля быў прысвечаны яго дырыжорупастаноўшчыку. Для таго каб адзначыць творчы юбілей — 45 гадоў у тэатры, — быў абраны менавіта той спектакль, у якім Мікалай Калядка працуе не толькі ў аркестравай яме, яго роля тут асаблівая. Нават асобная...


Мікалай Калядка

«Ілюзіі кахання» — адмысловая гісторыя для тэатра. Балетмайстар сам прыдумаў лібрэта пра Дзяўчыну, захопленую танцам, стварыў харэаграфію спектакля, для якога выкарыстана музыка трох вельмі розных аўтараў — Дзмітрыя Шастаковіча, Фрэдэрыка Шапэна і сучаснага беларускага кампазітара Ле¬аніда Шырына. Але як жа можна аб’яднаць у адной пастаноўцы — розныя эпохі, розны настрой, розныя эмоцыі?.. У гэтым і ёсць задача дырыжора-пастаноўшчыка. А для гледача звышзадача — дайсці да думкі скрозь безліч розных эпізодаў, якія развіваюц¬ца як на сцэне, так і з выхадам у залу — і вось тут можна пабачыць Мікалая Калядку ў ролі дырэктара тэатра, куды прыходзіць галоўная гераіня. Эфектна. 

І яшчэ ў дырыжора ёсць прывілея — атрымліваць порцыю авацый напрыканцы спектакля. Асабліва калі гэта той балет, які прыцягвае неардынарным выбарам музыкі: прынамсі, тут можна пачуць Шастаковіча, балетаў паводле твораў якога ў Вялікім дагэтуль не было. Ну, і драматычны Шапэн — заўсёды прыемна паслухаць, і сучасны Шырын — цікава, што ства¬раюць нашы кампазітары. Розныя людзі, прыйшоўшы на балет, могуць атрымаць сваю порцыю ўражанняў: ад музыкі, якую выконвае аркестр, ад візуальнага раду, ад сустрэчы з любімымі выканаўцамі. Але дырыжорпастаноўшчык павінен арганічна злучыць розныя музычныя часткі і эпізоды, дапамагаючы стварыць адзіную карціну. 

Сцэна з балета «Ілюзія кахання»

Рабіць гэта заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь і ўладальнік медаля Францыска Скарыны Мікалай Калядка ўмее. Ураджэнец Любані, ён скончыў Мінскае музычнае вучылішча імя Міхаіла Глінкі, а па заканчэнні паступіў у Маскоўскі інстытут імя Гнесіных, вучыўся на факультэце народных інструментаў, займаўся дырыжыраваннем. Акрамя таго, была вучоба ў Літоўскай дзяржаўнай кансерваторыі. Як дырыжор пачаў працаваць на радзіме ў Дзяржаўным народным аркестры БССР. У Вялікім тэатры Беларусі — з 1979 года. А яшчэ перадае веды моладзі — больш за 30 гадоў Мікалай Сяргеевіч выкладае ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі на кафедры аркестравага дырыжыравання. Яго вучні ўжо таксама навідавоку, працуюць на беларускую культуру. Як іх настаўнік робіць гэта ўсё жыццё. За што і пашана. 

Ларыса ЦІМОШЫК 

Фота з сайта Вялікага тэатра

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.