Вы тут

«Як Ямеля Масленіцу сустракаў», «Аладзін» і юбілейны канцэрт «Харошкі»


Спектакль «Кентэрвільскі прывід», выстава «Якая прыгожая нявеста, і жаніх ёй пад стаць», экзотык шоў «Аліўрувер», «Гатэль Жаданняў 2», «Ад Баха да джаза», «Як Ямеля Масленіцу сустракаў», «Асенні Rock’n’roll», «Аладзін», «Анёлы не плачуць», юбілейны канцэрт ансамбля «Харошкі», «Чаму вымерлі дыназаўры» і «Волат-эгаіст» — штотыднёвая афіша «Звязды».​


Спектакль «Кентэрвільскі прывід»

Дзе: Мінск, ТЮГ (вул. Энгельса, 26)

Калі: 10 сакавіка

Колькі: ад 16 рублеў

Сям’я прагрэсіўных амерыканцаў купляе сярэднявечны англійскі замак Кентэрвіль, у якім вось ужо трыста гадоў жыве адзін неспакойны прывід і наганяе жах на ўсіх насельнікаў. Сэр Сайман Кентэрвіль — грозны і небяспечны! Вось толькі новыя гаспадары не толькі не баяцца прывідаў, але нават ладзяць на Саймана сапраўднае паляванне. Няшчаснаму духу нічога не застаецца, як вечна хавацца ў цёмных падвалах замка і аплакваць свой горкі лёс. Пакуль толькі... Знойдзецца чыстая нявінная душа, поўная любові і спагады, якая пашкадуе нашага прывіда і дапаможа яму знайсці вечны супакой.

Рамантычную гісторыю, прыдуманую Оскарам Уайлдам больш за сто гадоў таму, ТЮГ ператварыў у захапляльны містычны спектакль, поўны цудоўных метамарфозаў, бліскучага гумару і сапраўдных страшылак. Перанесціся ў атмасферу англійскага замка і разгадаць усе яго таямніцы будзе цікава і дзецям, і іх бацькам.

  • Рэжысёр-пастаноўшчык: Ганна Казлова

Выстава па гісторыі вясельнай моды

Дзе: Мінск, Выставачная зала Музея гісторыі (вул. Ракаўская, 17)

Калі: 9 сакавіка

28 лютага 2024 года ў 17.00 у выставачных залах Музея гісторыі горада Мінска на вул. Ракаўскай, 17 адбудзецца адкрыццё выставы «Якая прыўкрасная нявеста, і жаніх ёй пад стаць». Выстава арганізавана сумесна з Брэсцкім абласным краязнаўчым музеем і Беларускім Дзяржаўным музеем народнай архітэктуры і побыту.

Выстава знаёміць наведвальнікаў з гісторыяй вясельнай культуры і моды, з сімволікай традыцыйнага вясельнага абраду, які мае глыбокі сакральны сэнс. У аснове экспазіцыі — калекцыя вясельных сукенак і аксесуараў 1950-2010-х г.г. з фондаў Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея, Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту, прыватных калекцый. Таксама прадстаўлены вясельныя фатаграфіі і альбомы, акты і пасведчанні аб заключэнні шлюбу, паштоўкі, запрашэнні і матэрыялы, прысвечаныя царкоўнаму абраду вянчання.

Жаночая мода, у тым ліку вясельная, змянялася на працягу ўсяго ХХ стагоддзя. Яна знаходзілася пад уплывам сацыяльна-эканамічных і культурных працэсаў, у сувязі з чым вясельную моду можна назваць яркім адлюстраваннем гістарычных падзей. Так, у ХІХ стагоддзі вясельную сукенку называлі вянчальнай, паколькі вернікі ў абавязковым парадку праходзілі праз абрад вянчання. На выставе прадстаўлены традыцыйныя вянчальныя кароны жаніха і нявесты, іншыя царкоўныя атрыбуты канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя.

У 1920-я гады сукенка караціцца, ураўнаважвае яго доўгі вэлюм, што адлюстравана на фотаздымках вясельных убораў. 1950-я гады адзначаны фарміраваннем новай вясельнай культуры. У гэты час на подыуме з’яўляюцца мадэлі ў створаным Крысціянам Дзіорам стылі New Look з характэрнымі пышнымі спадніцамі і асінай таліяй. Увазе наведвальнікаў прадстаўлена як раз такая сукенка 1957 года. Яе шчаслівай уладальніцай была дзяўчына з вёскі Агдэмер Драгічынскага раёна. У 1960-я гады замуж сталі выходзіць у міні, такая сукенка з калекцыі Музея гісторыі горада Мінска захоўвае ў сабе гісторыю пары, якая ўжо адзначыла залатое вяселле. 1970-я гады адрозніваюць лаканічныя карункавыя сукенкі да падлогі. Пышнасць і прыгажосць характарызуе вясельную моду 1980-х і 1990-х гадоў.

Экзотык шоў «Аліўрувер»

Дзе: Гомель, Гомельскі цырк (вул. Савецкая, 27)

Калі: 9 сакавіка

Колькі: ад 8 рублеў

Неверагодная прэм’ера ў Гомельскім цырку экзотык шоў «Аліўрувер» — цыркавы праект шостага пакалення дынастыі Філатавых-Клыкавых.

Вясёлыя мядзведзі-акрабаты, яркія папугаі, пітоны, поні, гарэзныя сабачкі, чароўныя котачкі, спрытныя малпы-джыгіты і іншыя жывёлы пад кіраўніцтвам заслужаных артыстаў РФ Андрэя Клыкова і Юліі Філатавай падораць усім буру незабыўных уражанняў.

Нікога не пакінуць абыякавым акрабаты, паветраныя гімнасты, жанглёры і эквілібрысты. А бясстрашныя вершнікі выканаюць віртуозныя акрабатычныя трукі на конях у жанры джыгітоўка.

«Гатэль Жаданняў» – толькі для жанчын

Дзе: Гомель, Гомельскі АГКЦ (вул. Ланге, 17)

Калі: 11 сакавіка

Колькі: ад 25 рублеў

Выдатныя дамы, настаў час зладзіць незабыўны вечар. Адзінаццаць прыгожых хлопцаў панясуць вас у свет мар і адкрытых фантазій. Гэта крутая харэаграфія, выдатны гумар, запальная музыка – падарунак выдатным жанчынам ад сапраўдных мужчын. Гэтыя хлопцы пакажуць усё, ну ці амаль усё! Наш музычны спектакль інтэрактыўны, усе глядачкі стануць удзельніцамі дзеяння. Будзьце гатовыя ўвасобіць свае самыя патаемныя мары. Што яшчэ трэба, каб вечар стаў незабыўным? Запомніце галоўнае: усё, што было ў «Гатэлі жаданняў», застаецца ў «Гатэлі жаданняў»!

Ад Баха да джаза 

Дзе: Гродна, Кірха

Калі: 9 сакавіка 

Колькі: ад 20 рублеў 

Арган, саксафон і вакал — дзіўнае і маляўнічае спалучэнне. Арган — кароль клавішных з шматвяковай гісторыяй, а саксафон — сімвал джаза, адзін з самых маладых інструментаў. Іх агульная духоўная прырода стварае свежае і гарманічнае гучанне.

Разам з голасам яны дапаўняюць адзін аднаго, раскрываючы новыя тэмбравыя і стылявыя магчымасці.

Зліваючыся разам, незвычайны ансамбль прадставіць самыя вядомыя старонкі музычнай гісторыі «Ад Баха да джаза». Прагучаць знакамітыя творы Баха, Гендэля, Перселла і Качыні, а лёгкае, прыўзняты настрой створаць кампазіцыі Гершвіна, Пьяццоллы, Манчыні і іншых кампазітараў.

У канцэрце прымае ўдзел Павел Казак (саксафон) — лаўрэат міжнародных конкурсаў, заснавальнік унікальнага аркестра саксафонаў, удзельнік квартэта Saxas, а таксама салісты Дзяржаўнага камернага хору Беларусі — лаўрэаты міжнародных конкурсаў Вераніка Чарняўская (сапрана) і Варвара Царук (арган).

«Як Ямеля Масленіцу сустракаў»

Дзе: Гродна, Каробчыцы

Калі: 9-10 сакавіка 

Колькі: ад 5 рублеў 

9 і 10 сакавіка АТК «Гарадзенскі маёнтак Каробчыцы» запрашае ўсіх на народныя гулянні. Гасцей чакае насычаная праграма:

11:30 — каля брамы гасцей сустрэнуць яркія скамарохі і сонейкі;

12:00-14:00 — масленічнае свята на галоўнай сцэне ля возера з героямі казкі пра Ямелю. Зарадка з Ямелем, бой булавамі, бег у мяшках, гульні, песні, катанне на печы, конкурс прыпевак, павязванне стужачак жаданняў, спальванне пудзілы і святочны карагод. Незабыўнай падзеяй стане Масленічны Заплыў у шапках-вушанках і какошніках, пасля якога ўдзельнікі змогуць сагрэцца гарачымі прысмакамі, прыгатаванымі спецыяльна для іх;

12:00-16:00 (з тэхнічнымі перапынкамі) –  дэгустацыя любімай прадукцыі;

14:00-15:30 — на галоўнай сцэне выступіць народны фальклорны гурт «Жывеца» з песнямі і майстар-класамі па танцах;

14:30 — самых смелых і спрытных запрашаюць залезці на масленічны слуп зка найсмачнымі падарункамі ад Гродзенскага мясакамбіната, а самых эрудыяваных – прайсці інтэрактыўную гульню «Успомніць усё» на пірацкім караблі «Барракуда»; у гэты ж час госці свята змогуць наведаць майстар-клас па падрыхтоўцы гарачых блінцоў;

15:00-16:00 — на маленькай сцэне юных гледачоў парадуе анімацыйная праграма з Бабай-Ягой і дамавічком Кузей.

«Асенні Rock’n’roll»

Дзе: Віцебск, Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа

Калі: 9 сакавіка

Колькі: 16 рублёў 

Кажуць, што мужчына і жанчына ніколі не змогуць да канца зразумець адно аднаго. Ці сапраўды гэта так?

...Яна запісалася ў танцавальны клуб. Туды ж прыйшоў Ён. Іх паставілі ў пару. Яны спадабаліся адно аднаму. Напэўна, у жыцці ім чагосьці не хапала... Можа, нечай усмешкі, добрага пагляду, узаемнага клопату...

І раптам без тлумачэнняў Ён знікае! Яна доўга чакае, а потым прыходзіць да яго ў госці, каб вярнуць у клуб. Тут і пачынаецца самае цікавае.

Ці здолеюць мужчына і жанчына знайсці агульную мову? Што іх чакае? Дарога разам ці адзінота? Ці падорыць лёс шанец зладзіць агульны танец?

Дзеянне можа адбывацца дзе заўгодна, у любой краіне, а час дзеяння — нашыя дні.

Гэтая камедыйная гісторыя як непасрэдны пасыл гледачу: ніколі нічога не позна! Нават калі вы выйшлі з узросту Рамэа і Джульеты, знайсці блізкую душу ўсё роўна магчыма. І танчыць, не трапляючы ў рытм, таксама можна, — было б жаданне!

  • Працягласць спектакля — 1 гадзіна 15 хвілін.
  • Аўтар – Міхаіл Хейфец. Рускамоўны драматург з Ізраіля, чые п’есы ідуць сёння ў многіх тэатрах Расіі і Украіны, рэжысёры добра ведаюць аўтара і любяць яго творы за гумар і жывыя дыялогі.

«Аладзін»

Дзе: Віцебск, Беларускі тэатр Лялька

Калі: 9 сакавіка

Колькі: 11 рублёў 

На старонках чароўнай казкі разгортваецца для вас таямнічы Усход. Шумлівы кірмаш пад пякучым паўдзённым сонцам змяняецца на ціхую засень у садзе Султана, зберагаемую маўклівымі ахоўнікамі. Падземная вязніца з тоўстымі кратамі — на сляпучы бляск каштоўнасцяў. Злыя героі — хцівыя, жорсткія, вынаходлівыя ў сваёй падступнасці. Добрыя — прыгожыя, вясёлыя і яшчэ больш вынаходлівыя. Гучаць незразумелыя словы магічных заклёнаў, і здзяйсняюцца цуды: іскрыцца агонь, расступаюцца горы, будуюцца і пераносяцца з месца на месца палацы з залатымі калонамі. Аддайцеся варажбе ўсходняй казкі — і яна змусіць вас паверыць у магутнасць маленькага чалавека, што кіруе агромністым Джынам, хоць не дастае таму нават да каленяў.

Ад гарадскіх сцен нібы патыхае водарам халвы і іншых салодкіх прысмакаў. Кожная лялька мае свой непаўторны характар, нават вослік з рыбаю, што пацешна перабірае нагамі, неахвотна ступаючы за гаспадаром. А па-над казачным Халіданам, нібы зоркі за празрыстымі аблачынкамі, успыхваюць і мігцяць дробныя зеленаватыя агеньчыкі, адлюстроўваючыся ў вачах зачараваных гледачоў.

  • Казка на 2 дзеі паводле персідскага эпасу «Тысяча і адна ноч»

«Анёлы не плачуць»

Дзе: Брэст, Вялікая зала БАТД (вул. Леніна, 21)

Калі: 9 сакавіка

Колькі: ад 25 рублёў 

У спектаклі-фантасмагорыі «Анёлы не плачуць» нейкім цудоўным чынам перасякаюцца мінулае і будучыня, але гледачы разумеюць гэта далёка не адразу.

Маладая дзяўчына Аня, вярнуўшыся ў сваю паўразбураную кватэру, застае цікавую кампанію: немаладую п’яную жанчыну Нюрку, якая сцвярджае, што яна тут жыве з самага свайго нараджэння. Дзве жанчыны, адна з якіх толькі пачынае свой жыццёвы шлях, верыць у людзей, дабро і светлую будучыню, а другая — алкагалічка, якая пражыла няпростае жыццё, якая сутыкнулася са здрадай, страціла дзіця...

Так развіваюцца падзеі спектакля, што амаль у фінале, гледачы разумеюць, што ў адным месцы адначасова сустрэліся будучыня і мінулае. І два анёлы (святла і цемры), якія курыруюць гэтую сустрэчу, спрабуюць выратаваць будучыню. Чым жа скончыцца гэтая незвычайная гісторыя?

У кожнай чалавечай істоце жывуць добры і злы анёлы, і кожны крок чалавека суправаджаецца добрымі і злымі духамі. Наколькі ўсемагутныя гэтыя істоты, якія валодаюць звышчалавечымі ведамі і сілай, у дачыненні да гераінь фантасмагорыі? Ці мае чалавек свабоду выбраць свой лёс або ім кіруюць? У фінале спектакля перамагае анёл святла, перамагае дабро і надзея. Але ці заўсёды так у жыцці?

Юбілейны канцэрт ансамбля «Харошкі»

Дзе: Брэст, Брэсцкі абласны ДК прафсаюзаў (вул. Маскоўская, 275)

Калі: 15 сакавіка

Колькі: ад 15 рублёў 

Беларускаму дзяржаўнаму акадэмічнаму заслужанаму харэаграфічнаму ансамблю «Харошкі» — 50! У Брэсце ў сувязі з гэтай «круглай» датай пройдзе юбілейны канцэрт калектыва.

Праграма юбілейнага вечара адлюстроўвае ўвесь творчы шлях ансамбля. Гледачоў чакаюць тэатралізаваныя нумары з унікальнымі мастацкімі вобразамі, жывая музыка ў выкананні аркестра, меладычныя беларускія песні, цудоўная харэаграфія.

  • Ансамбль «Харошкі» — калектыў аўтарскі. Яго заснавальнік і нязменны кіраўнік — лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, народная артыстка Беларусі Валянціна Гаявая.

«Чаму вымерлі дыназаўры»

Дзе: Магілёў, Магілёўскі драмтэатр (малая сцэна)

Калі: 10 сакавіка

Колькі: ад 7 рублёў

Жыў-быў Дын — самы сапраўдны дыназаўр, толькі яшчэ малы! Дарэчы, вы ведаеце, што юныя дыназаўры таксама любяць гуляць і весяліцца? Часам яны бываюць упартымі і непаслухмянымі. А яшчэ дыназаўрам бывае вельмі самотна і хочацца з кім-небудзь пасябраваць.

Дын знайшоў сабе сябра Хо-хо, што значыць — Хомо Сапіенс, або чалавек разумны. І разам яны вырашылі адправіцца ў неверагоднае падарожжа, поўнае прыгод! Давай і мы далучымся да Дына і Хо-хо! Разам з імі пройдзем усе выпрабаванні і даведаемся аб самых важных правілах: як абыходзіцца з агнём і электрапрыборамі, чаму нельга гуляць ля вадаёмаў, што рабіць, калі ты застаўся адзін дома або згубіўся ў незнаёмым месцы. А галоўнае — зразумеем, што такое сапраўдная дружба. І для верных сяброў хоць бы што любыя перашкоды, для іх не важныя ні час, ні адлегласць!

«Волат-эгаіст»

Дзе: Магілёў, Магілёўскі тэатр лялек

Калі: 13 сакавіка

Колькі: ад 6 рублёў

«Волат-эгаіст» — адзін з маленькіх шэдэўраў класіка сусветнай літаратуры Оскара Уайльда. Гэтую казку Магілёўскі тэатр лялек пераклаў на сваю мову – мову лялек.

У гульнявой форме спектакль распавядае прытчу пра Волата, які, выяўляючы грубасць і бессардэчнасць, праганяе дзяцей са свайго чароўнага саду. Пакараннем для героя становіцца вечная ледзяная зіма, якая запануе ў яго садзе.

Ці ўсведамляе эгаістычны волат сваю памылку? Ці адновіцца ранейшая квітнеючая прыгажосць дзівоснага саду?

Цяпер усё залежыць толькі ад гледача — непасрэднага ўдзельніка спектакля.


Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.