Вы тут

У Магілёўскай вобласці выдалі кнігу пра дзейнасць дэпутатаў аблсавета 28-га склікання


Гэта адначасова і гісторыя дэпутацкай дзейнасці ў адзін з найбольш складаных перыядаў незалежнай Беларусі, і вельмі карысны дапаможнік для дэпутатаў-пачаткоўцаў. Тут можна знайсці ўсю тую карысную інфармацыю, як навучыцца працаваць з насельніцтвам у мэтах устойлівага развіцця вёскі, аграгарадка, райцэнтра, горада.


Фота: mogilevnews.by

Кніга складаецца з некалькіх раздзелаў. У першай частцы расказваецца, як працуюць мясцовыя Саветы дэпутатаў у адпаведнасці з заканадаўчай базай краіны. Другая частка прысвечана сумесным дзеянням абласной асацыяцыі мясцовых Саветаў з аблсаветам. Тут якраз размешчаны і ўсе тыя падрабязнасці пра работу ў раёнах Магілёўскай вобласці з насельніцтвам на працягу з 2018 да 2024 года.

У кнізе прыведзены біяграфіі дэпутатаў аблсавета, праз іх вялася работа з насельніцтвам, рэалізоўваліся ініцыятывы, вырашаліся праблемныя пытанні, праводзілася сумесная работа з Саветамі пярвічнага, базавага ўзроўню. І, што вельмі карысна, шмат нагляднага фотаматэрыялу, які паказвае работу народных абраннікаў у раёнах.

Тыраж кнігі сімвалічны — усяго 99 асобнікаў. Але знайсці выданне будзе не складана. Кожны раён атрымаў кнігу ў падарунак, некалькі асобнікаў перададзены ў бібліятэкі.

Над напаўненнем кнігі працавалі аблсавет дэпутатаў, старшыні гарадскіх і раённых Саветаў дэпутатаў, выканаўчая дырэкцыя асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў. На выніковым пасяджэнні прагучалі асабістыя падзякі за дапамогу ў стварэнні кнігі ў адрас членаў Савета Рэспублікі Беларусь VІІ склікання генеральнага дырэктара «Белпалівагаз» Аляксея Кушнарэнкі і дырэктара саўгаса «Дабраволец» Алега Портніка.

«Ініцыятыва, адзінства, дзеянне, вынік» — менавіта пад такой назвай летась быў праведзены першы рэгіянальны форум мясцовага самакіравання Магілёўскай вобласці, падчас якога вырашаліся пытанні мясцовага кіравання і самакіравання. У яго рабоце былі задзейнічаны ўсе — прадстаўнікі органаў мясцовага самакіравання, моладзь, дэпутаты, спецыялісты абл-, гар-, райвыканкамаў, парламентарыі, заканатворцы. Гэты фармат дазволіў вялікай колькасці людзей зразумець, як трэба працаваць у мэтах устойлівага развіцця. І яго падказалі менавіта народныя выбраннікі.

— Работа дэпутатаў была плённай і творчай, — падвяла вынікі сустрэчы старшыня Магілёўскага аблсавета 28-га склікання Ірына Раінчык. — Мы прымалі актыўны ўдзел у правядзенні розных форумаў, арганізоўвалі семінары. Вельмі дзейснай была наша работа на базе асабістых падсобных гаспадарак. Гэтыя практычныя мерапрыемствы дапамаглі пазнаёміцца людзям, абмяняцца вопытам. Праводзіліся міжрэгіянальныя злёты для маладых парламентарыяў краіны на базе раёнаў. У мэтах абагульнення і распаўсюджвання вопыту органаў мясцовага самакіравання сярод членаў асацыяцыі праводзіліся тэматычныя семінары-нарады, у тым ліку і для членаў Маладзёжнага парламента. На дыялогавых пляцоўках абмяркоўвалася роля дэпутацкага корпуса і тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання ў фарміраванні грамадзянскай супольнасці. Асацыяцыя фінансава падтрымала ініцыятывы, накіраваныя на вырашэнне пытанняў і праблем мясцовага значэння. Летась заканадаўчым органам быў вызначаны механізм рэалізацыі грамадзянскіх ініцыятыў, і цяпер вылучэнне сродкаў на гэтыя мэты прадугледжана з абласнога бюджэту на конкурснай аснове. Жыхары задзейнічаны ў рэалізацыі праектаў, што спрыяе ўстойліваму развіццю раёнаў. На працягу мінулага года мы з асацыяцыяй актыўна працавалі з жыхарамі. Самая галоўная задача, якая стаяла перад намі — развіццё Магілёўскай вобласці. Прыемна, што ініцыятыў ад грамадзян з кожным годам паступае ўсё больш. Калі насельніцтва цесна ўзаемадзейнічае з дэпутацкім корпусам і органамі выканаўчай улады ў рэалізацыі праектаў, вынік заўсёды цудоўны.

У тэму

Новым старшынёй Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў стаў Аляксандр Гарошкін. Гэта было агучана на першай сесіі аблсавета 29-га склікання. Новы старшыня быў выбраны шляхам тайнага галасавання. Аляксандр Гарошкін да нядаўняга моманту займаў пасаду намесніка генеральнага дырэктара ААТ «Магілёўліфтмаш», быў выбраны дэпутатам па Магілёўскай паўночнай выбарчай акрузе № 51.

Старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка павіншаваў Аляксандра Гарошкіна з новым назначэннем і павітаў абноўлены дэпутацкі корпус.

— Людзі вам даверылі вельмі шмат, выбраўшы сваімі прадстаўнікамі ў органах улады, — падкрэсліў ён. — Не толькі, каб вырашаць асобныя пытанні, а каб мы ўсе разам працавалі, і наша Магілёўшчына развівалася і квітнела.

Анатоль Ісачанка падзякаваў за работу старшыні аблсавета дэпутатаў дваццаць восьмага склікання Ірыне Раінчык, адзначыўшы, што яе прафесійны вопыт, разуменне працэсаў, што адбываюцца ў грамадстве, неўзабаве спатрэбіцца на іншай, не менш адказнай пасадзе.

Удзел у пасяджэнні прынялі таксама памочнік Прэзідэнта — інспектар па Магілёўскай вобласці Леанід Мартынюк, старшыня абласной выбарчай камісіі Яўген Алекса.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.