Вы тут

Супрацоўнікі Магілёўскай бібліятэкі стварылі ваенна-патрыятычны праект


Пра Герояў раскажа ваенна-патрыятычны інтэрнэт-праект «Імёны Перамогі». Ён створаны супрацоўнікамі Магілёўскай абласной бібліятэкі ім. У.І.Леніна і прысвечаны 80-годдзю са дня вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У цэнтры Магілёва ёсць алея, дзе на мемарыяльных дошках увекавечаны імёны Герояў Савецкага Саюза. Гэта ўраджэнцы Магілёўскага краю, удастоеныя вышэйшага звання за мужнасць і гераізм у барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Іх подзвігі — наш здабытак, нагода для нацыянальнага гонару. 


— Праект дае магчымасць на прыкладзе подзвігаў нашых землякоў садзейнічаць захаванню гістарычнай памяці і фарміраванню ў моладзі патрыятычных каштоўнасцей, — адзначыла вядучы бібліятэкар агульнай чытальнай залы Таццяна Дудко. — Працаваць над праектам было цікава і пазнавальна. Вялікая Айчынная вайна 1941–1945 гадоў была самай страшнай з войнаў, якія перажыла чалавецтва. Вышэйшага звання Герояў Савецкага Саюза ўдастоены 448 нашых суайчыннікаў. Дзякуючы ім, мы жывем пад мірным небам. Наш Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка заклікае памятаць пра подзвіг савецкага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны і не забываць тыя ўрокі. Беражлівыя адносіны да памяці загінуўшых у барацьбе за свабоду і незалежнасць Радзімы людзей сталі часткай нашай нацыянальнай ідэі. Хочацца, каб імёны Герояў ніколі не забываліся. 

Адным з напрамкаў работы абласной бібліятэкі з’яўляецца грамадзянска-патрыятычнае выхаванне, пабудаванае на аснове краязнаўства. Распрацаваны рэсурс дазваляе больш дэталёва азнаёміцца з матэрыяламі пра жыццё і лёс Герояў Савецкага Саюза — ураджэнцаў Магілёўшчыны. Тут сабрана інфармацыя пра удзельнікаў вайны, падпольнага і партызанскага руху — усіх тых, хто вярнуўся з фронту пераможцам, і тых, хто загінуў або прапаў без вестак. На іх персанальных старонках — біябібліяграфічныя звесткі, архіўныя дакументы, выпіскі з узнагародных лістоў аб прысваенні звання Героя Савецкага Саюза, фатаграфіі, тэксты найбольш цікавых артыкулаў з кніг і перыядычных выданняў, урыўкі з мемуараў, успаміны, манаграфіі.

Тут можна даведацца, што першым з беларусаў, якія былі удастоены звання Героя Савецкага Саюза, стаў Аляксей Касьянавіч Антоненка. Яго жыццё ўмяшчаецца ў зусім невялікі часовы адрэзак — 23.02.1911–25.07.1941. Капітан авіяцыі, намеснік камандзіра авіяцыйнай эскадрыллі 13-га знішчальнага авіяцыйнага палка 61-й знішчальнай авіяцыйнай брыгады Ваенна-паветраных сіл Чырванасцяжнага Балтыйскага флоту, ён у ліпені 1941 года пры абароне фінскага паўвострава Ханка за 34 дні баёў здзейсніў каля 100 баявых вылетаў. На яго рахунку 11 знішчаных самалётаў. 14 ліпеня 1941 года лётчыку-асу прысвоілі званне Героя Савецкага Саюза, а 25 ліпеня пры выкананні баявога задання ён загінуў. На старонцы пра мужнага лётчыка яго падрабязная біяграфія, шмат фота, успаміны. Па такім жа прынцыпе створаны старонкі і пра іншых Герояў. Ваенна-патрыятычны інтэрнэт-праект «Імёны Перамогі» дае магчымасць больш дэталёва даведацца пра людзей, якімі ганарыцца Магілёўшчына. Азнаёміцца з ім можна на сайце бібліятэкі.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота з архіва абласной бібліятэкі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.