Вы тут

Беларусь у лідарах па энергаёмістасці ВУП сярод прамыслова развітых краін — членаў ЕАЭС


Наша краіна ў лідарах па энергаёмістасці ВУП. Пра гэта паведаміў намеснік старшыні Дзяржстандарта — дырэктар Дэпартамента па энергаэфектыўнасці Віталь Крэцкі на выніковай калегіі ведамства. Паводле яго слоў, эфектыўнасць работы ў Беларусі на міжнародным узроўні пацвярджаецца інтэнсіўнасцю зніжэння энергаёмістасці айчыннага ВУП, якое складае каля 10% да ўзроўню 2014 года, што адпавядае тэмпам зніжэння энергаёмістасці сярэднесусветнага валавога прадукту ў 1,1 раза. Сярод прамыслова развітых краін — членаў ЕАЭС Беларусь займае адно з лідзіруючых месцаў. «Поспехі ёсць, але зрабіць трэба яшчэ нямала», — адзначыў кіраўнік дэпартамента.


Фота з адкрытых крыніц

За ўстойлівую эканоміку

«Пытанні рацыянальнага выкарыстання энергарэсурсаў выходзяць на глабальны ўзровень. Кіраўнікі дзяржаў заклапочаныя тым, каб эканоміка і цяпер, і ў будучыні развівалася ўстойліва, а для гэтага неабходныя адпаведныя запасы энергарэсурсаў. У тым ліку тыя энергарэсурсы, якія ёсць, трэба выкарыстоўваць рацыянальна», — сказаў Віталь Крэцкі.

У прыватнасці, ён адзначыў, што ў нашай краіне работа ў гэтым кірунку праводзіцца ўжо даўно — больш за 30 гадоў: «З моманту здабыцця незалежнасці нашай краіны кіраўніком дзяржавы дакладна вызначаны задачы — павышаць узровень энергетычнай эфектыўнасці і энергетычнай незалежнасці эканомікі».

Цяпер у Беларусі рэалізуецца шостая па ліку Дзяржаўная праграма па энергазберажэнні. «За тры гады рэалізацыі дзяржпраграмы ўсе мэтавыя паказчыкі выконваюцца. Па эканоміі энергарэсурсаў мы ўжо дасягнулі амаль двух мільёнаў тон умоўнага паліва — гэта фактычна 80% ад мінімальнага парога пяцігадовага задання. Доля мясцовых энергарэсурсаў ідзе з перавыкананнем: пры заданні 16% мы выканалі 17,4%, гэта нават з улікам уводу БелАЭС», — падкрэсліў дырэктар дэпартамента.

Асноўная крыніца — уласныя інвестыцыі

Летась на рэалізацыю энергазберагальных мерапрыемстваў з усіх крыніц фінансавання накіравана амаль 1,089 мільярда рублёў, з іх на фінансаванне мерапрыемстваў па павышэнні эфектыўнасці — амаль 985,8 мільёна рублёў (90,5%), павелічэнні выкарыстання мясцовых паліўна-энергетычных рэсурсаў (ПЭР), у тым ліку аднаўляльных крыніц энергіі (АКЭ) — звыш 103 мільёнаў рублёў (9,5%).

Як адзначыў Віталь Крэцкі, асноўнай крыніцай фінансавання энергаэфектыўных мерапрыемстваў у справаздачным перыядзе выступілі ўласныя сродкі арганізацый, доля ўдзелу якіх у агульным аб’ёме інвестыцый склала 71%. Доля мясцовых бюджэтаў склала 21,5%, доля сродкаў рэспубліканскага бюджэту — 3,3%.

Акрамя таго, «будаўніцтва энергакрыніц на мясцовых ПЭР спрыяе ўстойліваму развіццю рэгіёнаў, забяспечвае раёны ўласнымі энергарэсурсамі, павышаючы ўзровень іх энергетычнай бяспекі», — падкрэсліў Віталь Крэцкі.

Паводле яго слоў, меры па павелічэнні выкарыстання мясцовых ПЭР дазволілі дасягнуць значных вынікаў па долі выкарыстання мясцовых ПЭР у кацельна-пячным паліве (КПП) па раёнах краіны: з доляй менш за 50% налічваецца 44 раёны; з доляй ад 51% да 70% — 29 раёнаў; з доляй звыш 70% — 45 раёнаў.

«Будаўніцтва новых сучасных і цалкам аўтаматызаваных кацельняў на мясцовых ПЭР аказвае комплексны эфект і спрыяе не толькі зніжэнню спажывання імпартаванага прыроднага газу і сабекошту вытворчасці цеплавой энергіі, але і дазваляе ствараць дадаткова новыя працоўныя месцы як на самой кацельні, так і ў арганізацыях рэгіёнаў, якія займаюцца нарыхтоўкай, вытворчасцю і транспарціроўкай драўнянага і тарфянога паліва, вырабам сучаснага айчыннага асноўнага і дапаможнага кацельнага абсталявання», — адзначыў кіраўнік дэпартамента.

Як прыклад праведзенай работы па павелічэнні выкарыстання мясцовых ПЭР ён прывёў увод у эксплуатацыю энергакрыніц на драўняным паліве ў Віцебскай вобласці (Віцебск і гарадскі пасёлак Лёзна). На кацельнях устаноўлены катлы айчыннай вытворчасці. Рэалізацыя гэтых праектаў дазволіла не толькі павялічыць выкарыстанне мясцовых ПЭР, але і знізіць сабекошт вытворчасці цеплавой энергіі на 10–19%.

Замкнёны цыкл пелетнай вытворчасці

У 2021–2025 гадах у рамках рэалізацыі дзяржпраграмы аблвыканкамамі і Мінскім гарвыканкамам запланавана будаўніцтва ў арганізацыях ЖКГ 95 энергакрыніц на мясцовых ПЭР агульнай цеплавой магутнасцю 526,7 МВт. «За апошнія тры гады ўведзены ў эксплуатацыю 40 энергакрыніц сумарнай цеплавой магутнасцю 220,1 МВт, што дасць магчымасць забяспечыць павелічэнне штогадовага аб’ёму выкарыстання мясцовых ПЭР на велічыню парадку 62,6 тысячы тон умоўнага паліва», — паведаміў Віталь Крэцкі.

У мінулым годзе ўведзены ў эксплуатацыю дзевяць энергакрыніц на мясцовых ПЭР (33,4 МВт) з 14 (48,1 МВт), прадугледжаных дзяржпраграмай. І яшчэ. У нашай краіне праводзіцца актыўная работа па максімальна магчымым выкарыстанні драўняных рэсурсаў. «Для выкарыстання незапатрабаваных рэсурсаў (нізкаякасныя аб’ёмы драўніны), а таксама забеспячэння поўнага замкнёнага цыкла перапрацоўкі і стварэння безадходных вытворчасцяў ствараюцца пелетныя вытворчасці. У цяперашні час у краіне створана 64 пелетныя вытворчасці сумарнай магутнасцю каля 900 тысяч тон паліва ў год», — распавёў Віталь Крэцкі.

Ён адзначыў, што ў параўнанні з іншымі відамі цвёрдага паліва пелеты адрозніваюцца высокай цеплааддачай, нізкай попельнасцю, бяспекай, экалагічнасцю вытворчасці і эксплуатацыі. «Таксама пелеты практычныя і зручныя ў захоўванні, бо вызначаюцца высокай шчыльнасцю, што дазваляе эканоміць месца на складзе і скараціць выдаткі пры транспарціроўцы. Паліва цалкам экалагічна чыстае, а значыць, пры гарэнні заўважаюцца мінімальныя выкіды ў атмасферу і зольныя рэшткі, якія можна ўжываць як угнаенне ў глебу», — растлумачыў кіраўнік дэпартамента.

Было адзначана, што ў краіне прыняты комплекс мер па павелічэнні выкарыстання пелет, якім прадугледжваецца значнае павелічэнне выкарыстання пелет на ўнутраным рынку. Вядзецца перадпраектная прапрацоўка рэканструкцыі энергакрыніц «Белэнерга» і ўстаноўкі пелетных катлоў на 31 кацельні ЖКГ.

Летась ажыццёўлена рэканструкцыя кацельні дзяржаўнай прыродаахоўнай установы «Нацыянальны парк «Прыпяцкі», сумарная цеплавая магутнасць кацельні — 3,5 МВт, уведзена ў эксплуатацыю і мадэрнізавана 179 кацельняў (12 МВт) з гадавым аб’ёмам выкарыстання пелет амаль 3,5 тысячы тон. Выдадзена 31 рашэнне аб узгадненні перадпраектнай дакументацыі на будаўніцтва крыніц цеплавой энергіі, праца якіх плануецца з выкарыстаннем пелет, сумарнай цеплавой магутнасцю пелетных катлоў каля 37 МВт і гадавым аб’ёмам выкарыстання пелет прыкладна 13,8 тысячы тон паліва.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.