Вы тут

Пачынаецца сезон актыўнасці кляшчоў


Па даных энтамалагічнага назірання, ужо прачнуліся першыя кляшчы ў Брэсцкай і Гродзенскай абласцях. У канцы лютага — пачатку сакавіка зарэгістраваны першыя пацыенты, якія пацярпелі ад іх укусаў у гэтых рэгіёнах, а таксама ў Мінску, паведамляе Міністэрства аховы здароўя. Праз укусы могуць перадавацца ўзбуджальнікі кляшчовых інфекцый.


У чым небяспека?

Як звярнула ўвагу ўрач-эпідэміёлаг Мінскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Вольга Ліцкевіч, у апошнія гады ў сувязі з кліматычнымі зменамі працягласць перыяду актыўнасці кляшчоў павялічылася, і ўжо з канца зімы пасля сыходжання снежнага покрыва і ўстанаўлення сярэднясутачнай тэмпературы паветра +5 °С зарэгістраваныя выпадкі нападзення кляшчоў на чалавека.

На тэрыторыі нашай краіны асноўнымі пераносчыкамі кляшчовых інфекцый з’яўляюцца клешч лясны — Іxodes rіcіnus і клешч лугавы — Dermacentor retіculatus. Сярод гэтых відаў цыркулююць узбуджальнікі дзевяці інфекцыйных захворванняў, з якіх самымі распаўсюджанымі з’яўляюцца Лайм-барэліёз і клешчавы вірусны энцэфаліт.

— Вірус кляшчовага энцэфаліту пашкоджвае пераважна цэнтральную нервовую сістэму. Заражэнне чалавека адбываецца праз укус кляшча. Сімптомы захворвання з’яўляюцца праз два-тры тыдні пасля прысмоктвання кляшча, часам праз 30 і больш дзён. Кляшчовы вірусны энцэфаліт пачынаецца з рэзкага павышэння тэмпературы да 38-40 °C, галаўнога болю, хваравітасці ў мышцах шыі, спіны, паясніцы, сустаўных боляў і з’яўлення праблем з каардынацыяй, — кажа Вольга Ліцкевіч.

Заразіцца кляшчовым энцэфалітам можна пры ўжыванні ў ежу некіпячонага казінага малака з прыватнага падворка. У гэтым выпадку захворванне праяўляецца ўжо праз некалькі дзён.

Узбуджальнікамі хваробы Лайма з’яўляюцца барэліі. У момант укусу са слінай кляшча барэліі пранікаюць у арганізм чалавека. Першыя сімптомы праяўляюцца праз 2–30 дзён, у сярэднім праз два тыдні. На скуры ў месцы прысмоктвання кляшча ўтворыцца чырванаватая пляма з бледным цэнтрам, якая нагадвае кольца, што на працягу некалькіх дзён працягвае павялічвацца — міграваць. З’яўляюцца агульнае недамаганне, галаўны боль, боль у мышцах, суставах, павялічваецца тэмпература. Гэтыя сімптомы часта прымаюць за прастуду. Але калі своечасова не дыягнаставаць захворванне і не пачаць лячэнне, хвароба можа перайсці ў хранічную форму.

У апошнія гады адзначаецца павелічэнне колькасці іксодавых кляшчоў як у прыродных біятопах, так і на антрапагенных тэрыторыях, расце захворванне на кляшчовы энцэфаліт і Лайм-барэліёз.

Любімыя месцы

З кляшчамі можна сустрэцца практычна ўсюды: у лесе, парку, скверы, у двары дома, на дачы, у агародах, у месцах выгулу сабак, прыгарадных зонах, на пашы, на могілках і нават у самым цэнтры горада, дзе прысутнічае нават нязначная хмызнякова-травяністая расліннасць. Любімыя месцы рассялення кляшчоў — лясныя дарожкі і сцежкі, якія параслі па абочынах травой, густы падлесак, аблогі паваленых дрэў, галінкі кустоў на вышыні да аднаго метра.

Клешч можа патрапіць у хату, калі прытаіцца ў поўсці хатніх жывёл або на букетах палявых кветак, лекавых траў, веніках, дровах, ягадах, грыбах і інш.

Як пазбегнуць непрыемнай сустрэчы?

Каб не дапусціць прысмоктвання кляшча, рэкамендуецца выконваць наступныя правілы:

— збіраючыся ў лес, апранайце адзенне светлых тонаў з няворсістых тканін, якое шчыльна прылягае да цела (на ім кляшчы больш прыкметныя). Яно павінна максімальна закрываць цела. Абувайце гумовыя боты ці чаравікі, галаву прыкрывайце хусткай, кепкай або капюшонам. Абавязкова аглядайце ўсе кветкі і прадметы, якія прыносіце з лесу;

— пры працяглым знаходжанні ў месцах верагоднага нападу кляшчоў выкарыстоўвайце супрацькляшчовыя рэпеленты, наносьце іх на адкрытыя ўчасткі цела і адзенне згодна з інструкцыяй;

— праводзіце сама- і ўзаемаагляды для выяўлення і зняцця з адзення кляшчоў не радзей за адзін раз у гадзіну і ў канцы наведвання лясных і паркавых зон;

— аглядайце сваіх хатніх гадаванцаў пасля прагулкі і выдаляйце кляшчоў, якія прысмакталіся;

— для памяншэння колькасці кляшчоў на тэрыторыях прыватных домаўладанняў і дачных участкаў выдаляйце апалае лісце, буралом, праводзьце своечасовую высечку пустазельных хмызнякоў і скошванне травы, адлоў мышападобных грызуноў;

— ужывайце ў ежу казінае малако толькі пасля 2-3 хвілін кіпячэння; 

— не дапускайце выпасу коз у лясной зоне і на некультурных пашах, штодня аглядайце жывёл на наяўнасць кляшчоў.

Што рабіць пры ўкусе?

Калі прысмоктвання кляшча пазбегнуць не атрымалася, звяртайцеся ў медыцынскую ўстанову для яго выдалення па ўсіх правілах. Калі няма такой магчымасці, выдаліце кляшча самастойна з дапамогай адмысловай прылады, якую можна набыць у аптэцы, ці ніцяной пятлі (трывалую нітку завязваюць у вузел як мага бліжэй да хабатка кляшча і дастаюць, падцягваючы кругавымі рухамі ўверх без рэзкіх рыўкоў); тонкага пінцэта (акуратна захапіце галоўку кляшча блізка да хабатка і, паварочваючы супраць гадзіннікавай стрэлкі, выкруціце яго).

Важна выняць кляшча цалкам разам з хабатком, не раздушыўшы яго. Месца прысмоктвання апрацуйце любым спіртавым растворам або ёдам, старанна вымыйце рукі з мылам.

Пасля выдалення кляшча звярніцеся да ўчастковага тэрапеўта (педыятра) ці інфекцыяніста па месцы жыхарства або месцы знаходжання, пры неабходнасці вам прызначаць прафілактычнае лячэнне антыбіётыкамі і ўсталююць медыцынскае назіранне. Неабходна памятаць, што максімальны эфект хіміяпрафілактыкі дасягаецца ў выпадку, калі прыём антыбіётыкаў пачаты ў першыя 72 гадзіны пасля ўкусу. Пры паўторных укусах таксама варта праводзіць прафілактыку антыбіётыкам.

Выпадкі развіцця хваробы Лайма ў людзей, якія прымалі антыбіётык пасля ўкусу кляшча, вельмі рэдкія. Прафілактычны прыём прызначанага прэпарата дазваляе папярэдзіць не толькі хваробу Лайма, але і іншыя бактэрыяльныя інфекцыі (анаплазмоз, эрліхіёз і інш.), якія перадаюцца кляшчамі.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.