Вы тут

Узнагародзілі пераможцаў рэспубліканскага конкурсу «Жанчына года»


У сталіцы падвялі вынікі ХVІ Рэспубліканскага конкурсу «Жанчына года — 2023». Сярод пераможцаў — выкладчыкі і педагогі, медыкі, сацыяльныя і банкаўскія работнікі, балетмайстар і мастацкі кіраўнік тэатра, аператар машыннага даення і жанчыны ў пагонах, кіраўнікі і шматдзетныя маці. Усіх іх аб’ядноўвае актыўная грамадзянская і жыццёвая пазіцыя.


На ўрачыстай цырымоніі названы пераможцы ў намінацыях «Паспяховы кіраўнік», «Актыўная грамадзянская пазіцыя», «Сэрца аддаю людзям», «Матчына слава», «Гаспадыня вёскі», «Духоўнасць і культура» і «Не старэюць душой ветэраны». Акрамя таго, вызначаны найлепшыя ў спецыяльных намінацыях «За мужнасць і волю да жыцця», «За вернасць і адданасць саюзу жанчын», «Гонар маці — гонар краіны». Пераможцай апошняй, дарэчы, стала Валянціна Эдуардаўна Навіцкая, маці беларускага касманаўта Алега Навіцкага.

Беларусак адрознівае бязмерная любоў да сваёй краіны

Павіншавала пераможцаў, уручыўшы ўзнагароды ў намінацыі «Сэрца аддаю людзям», Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава.

— На мой погляд, ацэнка важная для кожнага. Чалавеку заўсёды трэба казаць добрыя словы, калі ён сапраўды гэтага варты. І такая добрая традыцыя, якая ёсць у нашай краіне, — ушаноўванне жанчын года — працягваецца шмат гадоў. Мы заўсёды з вялікай радасцю збіраемся, каб сказаць словы ўдзячнасці жанчынам, якія ўносяць важкі ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё нашай краіны, у выхаванне падрастаючага пакалення, якія маюць актыўную грамадзянскую пазіцыю, — адзначыла Наталля Качанава. — Жанчыны заўсёды падтрымліваюць ініцыятывы, накіраваныя на стварэнне і развіццё, далейшае ўдасканаленне любой галіны, якая ёсць у нашай краіне. Сёння тут сабраліся прадстаўніцы з усіх рэгіёнаў Беларусі, розных прафесій, розных сфер і розных узростаў. І калі мы ўсе збіраемся разам, гэта заўсёды цудоўна.

Наталля Качанава дадала, што актыў Беларускага саюза жанчын знаходзіцца пад вялікім уражаннем ад нядаўняй сустрэчы з кіраўніком дзяржавы.

— Прэзідэнт заўсёды падтрымлівае жаночыя ініцыятывы. Уласна кажучы, і гэта ініцыятыва — ушаноўванне жанчыны года — была падтрымана Прэзідэнтам яшчэ ў далёкім 2007 годзе. Цяпер гэта ўжо добрая традыцыя ў нашай краіне. Таму мы з вялікай радасцю сустракаемся з жанчынамі, якія праявілі сябе. І такіх дастаткова шмат у нашай краіне. Але ўсё роўна найлепшыя павінны быць.

Журналісты папрасілі спікера Савета Рэспублікі вылучыць галоўныя якасці беларусак.

— Беларуская жанчына прыгожая, разумная, таленавітая — у гэтым няма ніякага сумнення, — адказала Наталля Качанава. — Але самае галоўнае, што адрознівае беларускіх жанчын, — бязмерная любоў да сваёй краіны, свайго народа, да той справы, якой яна займаецца, і незвычайнае пачуццё патрыятызму.

Усім жанчынам дзякуй за неабыякавасць і ўключанасць у жыццё краіны

Арганізатарам конкурсу «Жанчына года» выступае Беларускі саюз жанчын.

— Працу любой жанчыны важна ацэньваць. Конкурс «Жанчына года» ў нас ужо праходзіць не першы дзясятак гадоў, і мне здаецца, гэта важна. Таму што жанчыны ўкладаюць шмат сіл душэўных і фізічных для таго, каб акрамя сваёй асноўнай працы ўключыцца яшчэ ў грамадскую дзейнасць. І гэта такая добрая нагода падвесці вынікі конкурсу і сказаць гэтым жанчынам дзякуй, — адзначыла старшыня Беларускага саюза жанчын Вольга Шпілеўская.

Яна падзялілася, што адбор пераможцаў конкурсу заўсёды вельмі сур’ёзны.

— Ведаю, што сёлета конкурс праходзіў актыўна, было вельмі шмат заявак. Яны прыходзілі ў нашы абласныя арганізацыі, у горад Мінск. Адбор быў вельмі сур’ёзны. Таму тут сёння, канешне, найлепшыя прадстаўніцы з усёй краіны. І я рада, што мы зможам сёння іх павітаць і ўшанаваць, — падкрэсліла старшыня БСЖ. — Абсалютна розныя намінацыі. «Не старэюць душой ветэраны» — гэта жанчыны-ветэраны, якія столькі зрабілі для краіны і працягваюць гэта рабіць. Вельмі важна іх адзначыць. «Матчына слава» — гэта шматдзетныя мамы, а таксама мамы, якія выхоўваюць прыёмных дзетак. «Паспяховы кіраўнік» — гэта жанчыны, якія сумяшчаюць работу на асноўным прадпрыемстве і актыўнае грамадскае жыццё. Сёння тут шмат дастойных, цудоўных жанчын. І ўсім я хачу сказаць вялікі дзякуй за работу, неабыякавасць, за ўключанасць у жыццё краіны.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў, член прэзідыума Беларускага саюза жанчын Марына Лянчэўская дадала, што жанчына павінна быць смелай, надзейнай, патрыятычнай і прыгожай, мудрай, каб яна ўмела захаваць пераемнасць пакаленняў.

— А гэта вельмі важная стратэгічная наша мэта, якая, дарэчы, зафіксавана ў Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі. І наша жанчына такая і ёсць. І сёння самыя дастойныя і лепшыя ўшанаваны заслужанымі ўзнагародамі, — падзялілася дэпутат.

Духоўны складнік дапаможа пераадолець усе клопаты

Міністр інфармацыі Уладзімір Пярцоў узнагародзіў пераможцаў у намінацыі «Актыўная грамадзянская пазіцыя»:

— На такім урачыстым мерапрыемстве асабліва прыемна і ганарова прысутнічаць, таму што ваша актыўная грамадзянская пазіцыя — дзейсная сіла, энергія, якая дазваляе нам быць упэўненымі ў тым, што мы пераадолеем любыя непрыемнасці, любыя падкопы і інтрыгі нашых ворагаў. Я ў гэтым упэўнены. І за гэта вам дзякую. Жанчына — гэта заўсёды мір, каханне, якасць, стварэнне, клопат. Вам за гэта ад мужчын падзяка. Дзякуй богу, што ў нас у краіне так, і дай бог, каб было так заўсёды.

Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Веніямін уручыў узнагароды і прыгожыя падарункі пераможцам у намінацыі «Духоўнасць і культура»:

— Прыемна падводзіць вынікі мінулага года і раздзяляць гэту радасць з вамі. І разам з тым менавіта ў такія хвіліны звяртаеш увагу, наколькі разнастайна і плённа працуюць нашы жанчыны ў розных кірунках. Пры гэтым задаешся пытаннем: дзе і як вы бераце сілы і магчымасці? Думаецца, што назва намінацыі «Духоўнасць і культура» дае адказ на гэта пытанне. Дух — гэта найбольшы складнік душы чалавека, які спалучае яго з Богам і ўзбагачае.

Заўжды гатова прыйсці на дапамогу

Пераможца рэспубліканскага конкурсу «Жанчына года — 2023» у намінацыі «Не старэюць душой ветэраны» салігарчанка Алена Козырава, якая, дарэчы, першай у Беларусі стварыла музей маці, падзялілася сваімі эмоцыямі.

— Мая намінацыя — «Не старэюць душой ветэраны». Але мы, ветэраны, паверце, хочам свой вопыт, усё, што мы ведаем пра жаночы рух, перадаць моладзі. Таму што жанчына — гэта душа сусвету. Я стаяла каля вытокаў зараджэння жаночага руху, менавіта Беларускага саюза жанчын. Я сёння бачу цудоўных, выдатных жанчын, якія праявілі сябе як прафесіяналы, як жанчыны, якія гадуюць і выхоўваюць дзяцей, займаюць самую актыўную грамадзянскую пазіцыю, што, я ўпэўнена, спрыяе таму, каб наша цудоўная Беларусь развівалася і ішла ўпэўненымі тэмпамі ў будучыню, пакідаючы нашым дзецям, унукам, нашай моладзі цудоўную краіну.

Паводле яе слоў, цырымонія ўзнагароджання аб’яднала сапраўдных патрыётак сваёй краіны:

— Тут сабраліся жанчыны, якія па-сапраўднаму любяць сваю краіну, вялікую і малую радзіму, сваю сям’ю, любяць усё, што іх акружае, і, паверце, яны гатовы і далей рабіць усё, каб мы жылі ў мірнай, спакойнай суверэннай Беларусі. Я шчыра ганаруся, што я беларуска. Я ганаруся сваёй краінай. Я ганаруся Беларускім саюзам жанчын, з якім ужо крочу па зямлі больш за 30 гадоў.

Пераможца ў намінацыі «Актыўная грамадзянская пазіцыя», намеснік начальніка Універсітэта грамадзянскай абароны па вучэбнай рабоце, палкоўнік унутранай службы Святлана Маршына адзначыла, што беларускія жанчыны заўсёды гатовы прыйсці на дапамогу тым, хто мае ў гэтым патрэбу:

— Я старшыня пярвічнай арганізацыі Беларускага саюза жанчын МНС. Мая актыўная грамадзянская пазіцыя заключаецца ў тых добрых справах, якія мы робім для краіны, людзей вакол нас, для тых, каму патрэбна дапамога, своечасова падстаўленае плячо, абарона. Таму наша дзейнасць адзначана. У нас маладая арганізацыя. Саюз жанчын МНС быў створаны ў 2018 годзе, мы адзначалі летась пяцігоддзе. Але самыя, мусіць, яркія эмоцыі, уражанні — калі ты прыязджаеш да дзетак з асаблівасцямі. І тая цеплыня, якую яны табе аддаюць, — дарагога варта для ўсіх. «У нашай паўсядзённай дзейнасці, на жаль, мы не заўсёды заўважаем, што робім, і нам здаецца, што гэта паўсядзённая руцінная работа. А такія конкурсы — магчымасць прадэманстраваць, наколькі ты актыўны і наколькі нашы жанчыны добрыя, спагадлівыя. Гэты конкурс дазваляе нашым жанчынам раскрыць сябе», — падкрэсліла пераможца.

Доктар эканамічных навук, прафесар Ларыса Пакуш адзначана ў намінацыі «Не старэюць душой ветэраны». Яна выкладае ў Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі:

— Мой працоўны стаж — 51 год. А мой жыццёвы шлях складаецца з трох этапаў. Першы, класічны, — выкладчык. Потым партыйная работа восем гадоў, потым дзевяць гадоў паслом і зноў выкладчык. Я шмат дзе была і магу сказаць: дзякуючы Прэзідэнту такое ўважлівае стаўленне да жанчын.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.