Да 31 сакавіка ў Нацыянальнай бібліятэцы (атрыум 2-га паверха) можна пазнаёміцца з даволі змястоўнай выстаўкай «Мова ваеннай графікі». Экспазіцыя, прымеркаваная да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, зладжана ў межах штогадовага выставачнага праекта «Гісторыя і сучаснасць кніжнай графікі» сумесна з Беларускім саюзам мастакоў, Беларускім дзяржаўным музеем гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Нацыянальным архівам і пры садзейнічанні Дэпартамента па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі.
У цэнтры ўвагі — партызанская ілюстрацыя і агітацыйная, антыфашысцкая сатырычная графіка аўтарства відавочцаў трагедыі, а таксама іх нашчадкаў. Так, дэманструюцца арыгінальная графіка (туш, пяро, лінагравюра, літаграфія), акварэльныя творы, скульптура, музейныя прадметы, розныя мастацкія матэрыялы, а таксама ілюстраваныя кніжныя выданні і каталогі. Некалькі соцень экспанатаў распавядаюць гісторыю Вялікай Айчыннай вайны.
— Мы пастараліся стварыць малюнак ваеннага часу, таму ў экспазіцыі шмат агітацыйных і сатырычных плакатаў 1940-х гадоў і пазней, а таксама прысутнічаюць кніжныя ілюстрацыі твораў ваеннай тэматыкі і нямала лінагравюр 1960–1980-х гадоў, якія паказваюць героя-пераможца. Прысутнічаюць замалёўкі — як партызанскія, так і франтавыя, — расказала загадчыца сектара мастацкіх выставак Нацыянальнай бібліятэкі Вікторыя Харытонава.
Шматлікія мастацкія творы, архіўныя дакументы, музейныя прадметы і разнастайныя выданні, прысвечаныя Вялікай Айчыннай вайне, паўстаюць выразным адказам, шчырым водгукам мастакоў і пісьменнікаў на тое, што адбывалася з імі і вакол іх у гады вайны. Нягледзячы на цяжкасці і перашкоды, удзельнікі тых падзей імкнуліся выказацца пра асабістае і агульнае гора, здолелі заклікаць народ да змагання.
— Гэта іх погляд, сумленная ілюстрацыя, няхай нават пераасэнсаваная па-мастацку, праз вобразы і асацыятыўны рад. Але гэта адлюстраванне эмоцый, пачуццяў сапраўдных сведак, удзельнікаў тых падзей. А мы, сённяшняе пакаленне, падзяляем іх боль і нясём адказнасць за захаванне памяці, — выказаўся старшыня секцыі скульптуры Беларускага саюза мастакоў Іван Арцімовіч.
Выстаўка «Мова ваеннай графікі» разбіта на некалькі раздзелаў, у якіх дэмантруюцца агітацыйныя і сатырычныя плакаты ды ілюстрацыі, у тым ліку партызанскія, кнігі кішэннага фармату і маляўнічыя выданні розных перыядаў... У гэтым багацці вылучаюцца, напрыклад, арыгіналы беларускіх рукапісных кніг, часопісаў партызанскіх атрадаў і брыгад, дзённікі і запісы. Іх чыталі для ўзняцця духу з надзеяй на хуткую перамогу. А пісалі па меры магчымасці — нават у перапынках паміж баямі. Матэрыялы: шпалеры, вучнёўскія сшыткі, канцылярскія кнігі...
Нельга абысці ўвагай і газету-плакат «Раздавім фашысцкую гадзіну» і сатырычны лісток «Партызанская дубінка», напоўненыя палітычнымі карыкатурамі, плакатамі, партрэтамі, бытавымі замалёўкамі, шаржамі, коміксамі. Натуральна, яны аб’ядналі вакол сябе вялікую колькасць беларускіх мастакоў — і прафесіяналаў, і аматараў. Так, у сатырычным савецкім выданні для партызан і насельніцтва Беларусі «Раздавім фашысцкую гадзіну» ў гады вайны друкаваліся творы беларускіх пісьменнікаў, аздобленыя малюнкамі Івана Ахрэмчыка, Заіра Азгура, Анатоля Волкава, Яўгена Зайцава ды іншых талентаў. А пачалася яго гісторыя з аднайменнага плаката Віталя Букатага, былога вучня 9-га класа Гомельскай чыгуначнай школы. Юнак загінуў падчас выканання баявога задання ў 1944 годзе.
На адным са стэндаў змешчаны мастацкія прылады — эцюднік, палітра і пэндзлі — радавога 3-га Беларускага фронту Яўгена Ражкова (1920–2009). Выпускнік Ленінградскага мастацкага вучылішча, усю Вялікую Айчынную вайну ён трымаў гэтыя рэчы пры сабе. У той перыяд і пасля стварыў шмат ілюстрацый. Займаўся і станковым жывапісам, пісаў партрэты савецкіх кіраўнікоў і военачальнікаў.
Найбольш прэзентабельнай з пункту гледжання экспанавання мастацкіх твораў здаецца завяршальная частка выстаўкі, дзе дэманструецца графіка Арлена Кашкурэвіча, Юрыя Зайцава, Рамана Маліноўскага, Уладзіміра Савіча, Юзафа Пучынскага, Анатоля Рыбчынскага, Людвіга Асецкага ды іншых майстроў. Іх погляд на страшныя падзеі, трагедыю чалавецтва захаваны ў прадстаўленых сюжэтах.
Яўгенія ШЫЦЬКА
Фота аўтара
З мастацтвам па жыцці.
Баявое ўзаемадзеянне найвышэйшага ўзроўню.
«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».