Вы тут

У Гродне ідзе рэканструкцыя гістарычнага комплекса


Галоўная задача — захаваць аўтэнтычнае аблічча аднаго з самых знакамітых аб’ектаў Гродна. І з гэтай мэтай падрадчыкі паспяхова спраўляюцца. Былы бровар аднаўляецца проста на вачах. Згодна з праектам, тут праходзіць рэканструкцыя пад вялікі фуд-корт з дзесяткамі арэндатараў. Але не толькі. Мяркуецца, што на тэрыторыі былога бровара з’явіцца бізнэс-цэнтр, музей піва, міні-піваварня, гандлёвыя павільёны. Усе будынкі будуць аб’яднаны паміж сабой галерэямі. Першых наведвальнікаў рыхтуюцца прыняць у канцы года. 


Важны аб’ект

Прадстаўнікі адміністрацыі інвестыцыйнай кампаніі праводзяць журналістаў па тэрыторыі комплекса. Адзін з галоўных аб’ектаў — двухпавярховы будынак, у мінулым — палац канца ХVII стагоддзя, які належыў роду Сапегаў, затым Агінскіх. Па словах нашага гіда, намесніка дырэктара ААТ «МБА Інвестмэнт» Аляксандра Заглубоцкага, частка палацавых сцен ужо адноўлена падчас колішніх рэканструкцый. Іх праводзіў тагачасны гаспадар комплекса аўстрыец Кунц, які перабудаваў яго пад броварны завод у ХІХ стагоддзі. Такім чынам, прамысловае прадпрыемства будавалася на рэштках палаца. Але ёсць і яшчэ больш ранні перыяд пабудоў. Падчас работ выявілі склепы, на якіх магчыма размяшчаліся вежы. А самі склепы былі прыстасаваны Кунцам пад склады.

—Мы бачым, што ў працэсе перабудовы палаца ў піваварню, многае засталося. Калі пачалі адкрываць замазаныя праёмы, атрымалі амаль што архітэктуру палаца. Зразумела, што мы гэта ўсе ўлічвалі пры рэканструкцыі. — расказаў Аляксандр Заглубоцкі. 

Каб дабрацца да старажытнай эпохі, многае прыйшлося расчысціць. Тоўстыя пласты тынкоўкі клаліся ўжо ў савецкі перыяд, калі тут была адноўлена вытворчасць піва. У 70-х гадах з-за старога абсталявання завод закрылі. А сам комплекс паступова разбураўся. Тое, што інвестар прыйшоў сюды, для горада вельмі важная падзея. Аб’ект ужо быў аднойчы няўдала прададзены, але работы тут амаль не вяліся. Новы інвестар мяркуе давесці справу да канца. 

— Вы бачыце, што мы рашчысцілі тэрыторыю, тут былі шматлікія пабудовы савецкага перыяду, яны не маюць гістарычнай і архітэктырнай каштоўнасці, таму мы іх зносім, а тэрыторыю рашчышчаем, — расказаў наш гід. 

Гісторыя ў склепах і экспанатах

Экскурсія па стаым піўзаводзе працягваецца. Мала хто мог бы ўявіць, што на самой справе ўяўляе сабой гэты комплекс, які ўсе прывыклі бачыць альбо з Нёманскага маста альбо з набярэжнай. Вядома, заходзіць на тэрыторыю падчас рэканструкцыі не рэкамендуецца. Таму ўдзельнікі прэс-тура стараліся па максімуму даведацца аб аўтэнтычных кутках і пабываць там.

Спуск у глыбокі склеп, прама скажам, яшчэ тая атракцыя. «Там можна зваліцца, асцярожна» — папярэджвае наш гід. 

І ўсё ж адмовіцца ад прапановы ніхто не збіраўся. І вось вакол нас сцены ажно XVII стагоддзя.

«Гэта гісторыя, якой тут не бачылі больш за 200 гадоў, мы знайшліся спускі ў склеп падчас работы і зараз мы знаходзімся на месцы падмурку былой вежы», — заўважае Аляксандр Заглубоцкі. 

Зараз тут поўнасцю адноўлена ў арачным выглядзе гістарычная столь. Наверсе некалі быў палац, а затым першы ў горадзе броварны завод. Такіх склепаў тут некалькі, як і саміх пабудоў. Праўда, усе яны розных перыядаў. Адзін з аб’ектаў узводзіцца нанова, але з улікам агульнай канцэпцыі. У новым варыянце будуць задзейнічаны і склепы. 

Дарэчы, знутры ўжо бачны контуры будучага двухпавярховага рэстарана з гістарычнымі чыгуннымі апорамі. У аўтэнтычным выглядзе захаваецца і лесвіца ХІХ стагоддзя. Элементы, якія пашкоджаны, аднаўляюцца з ювелірнай дакладнасцю з дапамогай 3D макетаў. Тэхналогія тынкоўкі таксама адпавядае аўтэнтычнасці. 

— Мы тынкуем вапнай, як гэта было раней, устаўляем драўляныя вокны, якія былі раней, стараемся ісці па праектах гістарычнага профілю. Для нас важна адлюстраваць магчымы выгляд палаца, бо яго ніхто ніколі не бачыў , а гісторыкі стварылі прыблізную яго копію. Мы адкрыем кладку ХVIІ стагоддзя. Большая частка работы зроблена, — зазначае наш спадарожнік. 

У будынку заўважаем цэлы шэраг старых бутэлек. Аказалася, іх знайшлі у старых склепах. Магчыма, гэта бутэлькі бровара Кунца, але ёсць і навейшага часу — 20-30-х гадоў. Яны так і будуць экспанавацца — з пацінай на шкле. Іх размесцяць па ўсім будынку на спецыяльных падстаўках. Будзе тут і шкляная падлога з відам старога склепа. 

І арэндатарам, і гасцям

«Чаму кампанія-інвестар зацікавілася гэтым аб’ектам?» — задаём пытанне прадстаўніку адміністрацыі. Аказалася, камерцыйнай тайны тут няма, а ёсць цвярозы разлік і жаданне зрабіць штосьці важнае для горада. І ўсё ж падступіліся да праекта не адразу. Прыходзілі, вывучалі гісторыю, пралічвалі плюсы і мінусы. У кампаніі разумелі, што комплекс патрабуе даволі значных фінансавых выдаткаў. 

—Пачаўся пошук інвестараў, якія згадзіліся б укласці сюды сродкі. Вельмі радуе, што гэтымі інвестарамі сталі жыхары Гродна. І тады мы пачалі актыўна распрацоўваць канцэпцыю, затым праект, вывучалі гістарычныя моманты, глыбока ў гэта ўвайшлі. Затым праз аукцыён набылі гэты комплекс і пачалі ім актыўна займацца. Канцэпцыя, канешне, мянялася некалькі разоў, таму што напачатку бачылі будынак з аднаго боку, а калі ужо больш шчыльна заняліся, раскрылася гістарычная частка. Бачым, што гэта не завод, а палац, хаця па дакументах лічыцца як будынак старажытнага бровару. Таму і канцэпцыя рэканструкцыі таксама пачала мяняцца, — пракаменціраваў Аляксандр Заглубоцкі.

Такія моманты ўплываюць і на тэрміны работ. Яны зацягваюцца. Між тым, мяркуецца, што наведвальнікі змогуць ацаніць новы комплекс ужо напрыканцы года.

Што яны тут змогуць убачыць?

Па словах нашага суразмоўцы, гэта будзе вялікі аб’ект грамадскага харчавання. Прычым, на любы густ і кашалёк. Але для арэндатараў таксама будуць прад’яўляцца ўмовы па захаванні стылю гістарычнага аб’екта. «Важна, каб яны ўпісваліся ў гэту канцэпцыю, а не проста лічылі месца хайповым», — заўважае Аляксандр. 

У зону фудкорту ўвайдуць дзесяткі арэндатараў з рэстаранамі, кафейнямі, барамі. Тут размесціцца піваварня, а ў склепах — музейная экспазіцыя.

Усе знаходкі падчас рэканструкцыі будуць упісаны ў інтэр’ер ці выстаўлены ў экспазіцыі. 

— Мы сваёй архітэктурай хочам вярнуць былое аблічча і веліч гэтаму аб’екту, які дастойна ўпрыгожыць старажытны горад, — заўважае наш гід. 

Вядома, значным плюсам стала размяшчэнне палаца-бровара. Гэта гістарычын цэнтр, больш таго- набярэжная Нёмана, побач — старажытны замкавы комплекс, прыгожыя віды на раку. Рыхтуюцца эскізы па сумяшчэнні комплекса з паркавай зонай і выхадам да Нёмана. У далейшых планах — будаўніцтва гасцініцы на 120 нумароў.

У тэму

Як паведамілі ў аддзеле эканомікі гарвыканкама, новы праект ацэньваецца гарадскімі ўладамі як вельмі маштабны. Маўляў, роўных яму няма ва ўсім СНД. І па кошце таксама выглядае салідна. Па папярэдніх падліках рэканструкцыя былога бровара-палаца абыдзецца ў 7-8 мільёнаў долараў. Гэта адзін са 116 аб’ектаў, якія рэалізуюцца ў горадзе малым і сярэднім бізнэсам.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.