Вы тут

Адбылася прэзентацыя беларуска-расійскага патрыятычнага праекта


У Мінску ў рамках Дэкады рускай кнігі адбылася прэзентацыя беларуска-расійскага патрыятычнага праекта «Ад Масквы да Брэста. Дарогай славы». 


Адным з лейтматываў сёлетняй ХХХІ Мінскай міжнароднай выстаўкі-кірмашу з’яўляецца 80-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Гэта відавочна ў афармленні сцэны — яна нагадвае сталічную плошчу Перамогі і нязгасны на ёй агонь. Асобную экспазіцыю складаюць кнігі на ваенную тэматыку, праходзяць прэзентацыі, сустрэчы — усё складаецца ў кранальны і праўдзівы аповед пра час выпрабаванняў, мужнасці, гераізма. 

Як вядома, непадалёку выставачнага комплекса, дзе гудзе кніжны кірамаш, — Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, дзе свята захоўваецца памяць аб перажытым, выпакутавым. Рэха кірмаша чутно і ў музеі. У адным з яго велічных залаў адбылася прэзентацыя праекта, які датычыццца абедзвюх краін — Беларусі і Расіі. 

Наша агульная ваенная гісторыя пачынаецца з таго, як вораг вераломна напаў на беларускую зямлю і рушыў далей, у глыб Расіі, каб захапіць паболей тэрыторыі, скарыць яе народы. І таму, калі пад неімаверным націскам фашысцкай зграі выстаяла Масква, гэта азначала, што дойдзе слаўная Перамога і да Брэста. Расла вера ў яе рух і да Берліна.

Пакуль ахвотнікі рупяцца перапісаць гісторыю, парушыць помнікі, у беларусаў і расіян наадварот, расце ўпэўненасць у сваім адзінстве і непераможнасці. Моцы і ўпэўненасці надаюць прадзеды, абараніўшыя Айчыну. Яны ўзор таго, як трэба любіць радзіму, быць яе сапраўднымі патрыётамі. 

Заснавальнік маскоўскага выдавецтва «Планета» Сяргей Маісееў дэманструе кніжныя навінкі выдавецтва — «Ад маскоўскай бітвы да аперацыі „Баграціён“», «Яны абаранілі Маскву», «Ад маскоўскай бітвы да вяршынь полкаводчага майстэрства». Гэта намаганні выдавецтва падкрэсліць значнасць 80-гадовай даты вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. 

— У кнігах звернута ўвага на незусім заўважныя раней эпізоды вайны, — расказвае генеральны дырэктар АНО «Супольнасць нашчадкаў маскоўскіх апалчэнцаў Вялікай Айчыннай вайны Петр Паўленка. — Подзвіг народнага апалчэння пад Масквой у 1941 годзе па-сапраўднаму бессмяротны. У той момант апалчэнцы былі дрэнна ўзброены, кепска апрануты, вялі абарону ў наспех выкапаных акопах. Дакладных лічбаў страт апалчэнцаў няма да гэтага часу. Пасля Маскоўскай бітвы, вызвалення многіх гарадоў загартаваныя ў змаганні байцы сталі страшнай сілай для ворага. 

Таксама тэмай для шырокага даследвання стаў высокі ўзровень ваеннага майстэрства арміі і флота, і перш за ўсё камандзіраў і военачальнікаў, здольных кіраваць часцямі, злучэннямі, аб’яднаннямі. 

Калі вышэйназваныя кнігі празначаны для больш дарослай аўдыторыі, то кніга пад назвай «Ад Масквы да Брэста. Па дарозе славы» разлічана на дзіцячую аўдыторыю. Дакладней, на тых юных следапытаў, хто цікавіцца гісторыяй роднага краю і хоча прайсціся па сцяжынах памяці.

— Гэта кніга-пуцевадзіцель, — знаёміць з выданнем рэдактар выдавецтва «Планета» Алена Шыцікава. — Дарога ад Масквы да Брэста — сапраўдны помнік гісторыі. 400 гадоў назад яна з’яўлялася найбольш кароткім сухапутным шляхам з Еўропы ў Маскоўскія землі. Гэтым шляхам рухалася напалеонаўскае войска і ім жа бегла назад. Уздоўж гэтай дарогі ішлі крывавыя баі ў гады Вялікай Айчыннай вайны і кола ваеннай машыны круцілася зваротным шляхам. Кожны, нават невялікі прыпынак — важная старонка гісторыі двух добрых суседак – Беларусі і Расіі.

Для моладзі (а гэта навучэнцы мінскіх школ і каледжаў) цікава знаёмства з новымі кнігамі і тымі, хто іх стварыў. Высокага душэўнага настрою надае і сама атмасфера музея, дзе што ні экспанат — факт, сведчанне, дакумент.

Яшчэ большай эмацыянальнасці сустрэчы надае выступленне кандыдата гістарычных навук, пісьменніка і сцэнарыста Наталлі Голубевай, якая працяглы час займаецца тэмай генацыда беларускага народа ў гады вайны. Па прапанове Наталлі Аляксандраўны дэманструюцца ўрыўкі з дакументальнага цыкла «Генацыд. Без права на жыццё».

Новыя выданні сталі добрым падарункам для музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Яго дырэктар Уладзімір Варапаеў сказаў, што дзякуючы няспыннаму пошуку даследчыкаў, у тым ліку і праз літаратурныя творы, усё больш пашыраецца асэнсаванне маштабаў трагедыі беларускага народа, і павялічваецца павага да тых, хто ўвесь цяжар ваеннага ліхалецця вынес на сваіх плячах.

Можна з упэўненасцю гаварыць, што гэта сустрэча стала для моладзі сапраўдным урокам мужнасці.

— Помніце пра вялікую Перамогу, — звярталіся выступоўцы да юнакоў і дзяўчат. — Беражыце Перамогу! І няхай заўсёды свеціць над вамі мірнае сонца!

Алена СТЭЛЬМАХ

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.