Вы тут

У Гомелі вялікая вада пачала здаваць пазіцыі


У горадзе над Сожам вялікая вада пачала патроху здаваць пазіцыі. За суткі яе ўзровень у рацэ ў раёне горада ўпаў на пяць сантыметраў і цяпер складае пяць метраў. Між тым з-за паводкі даволі напружанай застаецца сітуацыя ў раёне вуліцы Палявой, што ў прыватным сектары Якубоўкі Навабеліцкага раёна Гомеля. Вада з поймы Сажа тут перамясцілася на агароды, падворкі, дамы. Падтоплена і частка дарогі. Для бяспекі руху людзей арганізаваны мабільны пост ратавальнікаў з плаўсродкамі, ажыццяўляецца перавозка грамадзян па вуліцы.


Дапамога такога «воднага таксі» на гэтым участку Гомеля — асабліва важная і папулярная сярод мясцовых школьнікаў, навучэнцаў і студэнтаў. У самым глыбокім месцы падтопленага ўчастку дарогі — амаль паўтара метры. Па вуліцы можна прайсці ў высокіх рыбацкіх ботах ці скарыстацца ўласнай лодкай. Не ўсе гатовы да такога выпрабавання, і ў любым выпадку з вялікай вадой лепш не жартаваць і абавязкова захоўваць усе меры бяспекі.

Ужо на пачатку восьмай гадзіны раніцы, калі значная колькасць мясцовых жыхароў дабіраюцца на работу і вучобу, супрацоўнікі МНС гатовы прымаць заяўкі на перавозку людзей на лодцы. Ратавальнікі адпраўляюцца па адрасах, дзе іх чакаюць грамадзяне.
«Праблем ніякіх няма. Мы не хвалюемся і з’язджаць не плануем», — так у асноўным рэагуюць на чарговыя выклікі паводкі жыхары Палявой.

— Нармальна гэта ўспрымаем. Усе ведаюць, што паводка, і нічога такога страшнага, нават «прыкольна» — плывеш на лодцы з самай раніцы, свежым паветрам дыхаеш, — з пазітыўным настроем пра жыццё на падтопленай вуліцы распавёў мясцовы жыхар навучэнец аднаго з гомельскіх каледжаў Антон Самадзед.

Юнак не менш чым два разы на дзень пераадольвае на лодцы ратавальнікаў «вулічную акваторыю». Ён нават з гонарам зазначае, што іх Якубоўка — знакамітая «гомельская Венецыя».

— Людзі пабудавалі дамы, і многія ведалі, што бываюць падтапленні. Проста апошнія гады такая моцная паводка, і нават двойчы — зімой і вясной. Цяпер не зразумець, ці будзе яшчэ паводка ў красавіку, як звычайна, ці гэта ўжо ўсё і вада будзе сыходзіць, — падзялілася турботамі мясцовых жыхарка Палявой Марына Мельнік.

Пры любым развіцці паводкавай сітуацыі на гэтым участку горада супрацоўнікі Гомельскага абласнога ўпраўлення МНС гатовы адрэагаваць аператыўна. На сёння з-за падтаплення вуліцы Палявой у Гомелі ўведзены рэжым павышанай гатоўнасці функцыянавання гарадскога звяна Дзяржаўнай сістэмы папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый.

— За час работы мабільнага паста МНС па вуліцы Палявой у Гомелі перавезена 115 чалавек, у тым ліку 9 дзяцей, — адзначыў афіцыйны прадстаўнік Гомельскага абласнога ўпраўлення МНС Ягор Пасканный. — На дадзены момант адселены два жыхары вуліцы Палявой. Дамы і падворкі іх не падтопленыя, але гэтыя людзі — інваліды, маюць праблемы з апорна-рухальным апаратам. Між тым у цэлым у Гомельскай вобласці падрыхтавана каля 200 месцаў часовага адсялення для грамадзян, якія пражываюць на тэрыторыях, падтопленых паводкавымі водамі, — звярнуў увагу афіцыйны прадстаўнік Гомельскага абласнога ўпраўлення МНС.

Па яго словах, рэжымы павышанай гатоўнасці функцыянавання раённых звёнаў Дзяржаўнай сістэмы папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый на Гомельшчыне ўведзены таксама ў Гомельскім і Веткаўскім раёнах.

— Акрамя таго, для аказання дапамогі насельніцтву па заяўленчым прынцыпе працуе мабільны пост супрацоўнікаў МНС у вёсцы Верхнія Жары Брагінскага раёна, — дадаў Ягор Пасканный.

Па апошняй аператыўнай інфармацыі Гомельскага абласнога ўпраўлення МНС, у Гомельскай вобласці талымі і паводкавымі водамі застаюцца падтопленыя 37 участкаў дарог, 134 жылыя дамы, 26 падвалаў жылых дамоў, 456 падворкаў, 213 гаспадарчых пабудоў і 135 іншых будынкаў.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота БелТА 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.