З моманту заснавання, БДУІР аказаў значны ўплыў на развіццё айчынных навукі, адукацыі і прамысловасці. Таму не дзіўна, што павіншаваць са святам слаўны калектыў прыбылі прадстаўнікі органаў кіравання краіны і флагманаў прамысловасці Беларусі. Прымаў гэтымі днямі ўніверсітэт і замежных гасцей — навукоўцаў з Расіі, Кітая, Узбекістана, Казахстана, Індыі, Таджыкістана і іншых краін.
У рамках святочных мерапрыемстваў адбылося адкрыццё пастаяннай выставы навукова-тэхнічных распрацовак універсітэта. Таксама напярэдадні юбілейнага свята, 14 сакавіка, ВНУ арганізавала маштабную міжнародную навукова-метадычную канференцыю «Інжынерная адукацыя ў лічбавай супольнасці». Своечасовая і сучасная, яна прадугледжвала грунтоўныя тэхнічныя даклады і выступленні. А ў прывітальным слове рэктар БДУІР Вадзім Богуш адзначыў: «На якія б вяршыні не падымаліся тэхналогіі, як бы настойліва ні прабіваў сабе шлях у будучыню штучны інтэлект, самым каштоўным былі і застаюцца жывыя, чалавечыя зносіны. Тыя, што мы маем з вамі сёння». А тое, што ў Мінск на канферэнцыю асабіста прыехалі з розных стран, не абмежаваўшыся менш затратным і больш зручным анлайн-удзелам, пераважная большасць запрошаных, надало словам Вадзіма Анатольевіча асаблівы сэнс.
Кіраўнік універсітэта расказаў таксама аб укараненні сучасных тэхналогій.
«Мы з’яўляемся адным з першых універсітэтаў краіны, які пачаў займацца пытаннямі лічбавай адукацыі і дыстанцыйнага навучання. Метадам спроб і памылак, а таксама вывучаючы вопыт нашых калег, мы дастаткова нядрэнна рухаемся ў кірунку, звязаным з укараненнем сучасных тэхналогій у адукацыйны працэс. Гэтыя тэхналогіі становяцца элементамі ўніверсітэцкага інфармацыйнага асяроддзя і садзейнічаюць павышэнню якасці адукацыі», — сказаў ён.
Вадзім Богуш таксама адзначыў, што ключавая мэта ВНУ — стварэнне экаасяроддзя, якое спрыяла б якасці падрыхтоўкі спецыялістаў. Далей рэктар засяродіў увагу на адказнасці вучонага і педагога за будучыню тэхналагічнага развіцця: «З аднаго боку, без яго немагчымая эканамічная перавага і сапраўдны суверэнітэт для нашай краіны, а з другога — гэта патрабуе сур’ёзнага аналізу ў пытаннях бяспекі і развіцця тэхналогій».
Аднак вернемся да канферэнцыі. Яе удзельнікамі сталі каля 300 чалавек: вядучыя эксперты ў галіне падрыхтоўкі інжынерных кадраў, прадстаўнікі навучальных ўстаноў, профільных міністэрстваў і ведамстваў, якія курыруюць і укаранаюць лічбавыя рашэнні ў сферу адукацыі.
На пленарным пасяджэнні абмяркоўваліся пытанні фарміравання новай маделі сучаснай інжынернай адукацыі. Асабліва цікавай гэта тэма была ў частцы арыентацыі на вырашэнне задач інавацыйнага развіцця краіны. Тут жа гаварылася і пра мнагамернае крэатыўнае мысленне, а таксама пра нанатэхналогіі, дапоўненную рэальнасць і інш.
На ўдзел у канферэнцыі было пададзена 240 дакладаў — рэкордная лічба. Таму і работа ў секцыях, якая пачалася пасля пленарнага пасяджэння, выдалася асабліва напружанай.
Самай шматлікай была секцыя, прысвечаная падрыхтоўцы інжынерных кадраў ва ўмовах алічбоўкі эканомікі: удзел узялі 22 спікеры. Трэба адзначыць, што тэмы семінараў і пасяджэнняў закраналі розныя аспекты інжынернай адукацыі. Гэта і станаўленне асобы інжынера ва ўмовах гібрыдных пагроз, і інтэграцыя тэхнічнага і гуманітарнага — новы падыход да адукацыі інжынераў будучыні. Расійскія навукоўцы падзяліліся праблемамі і перспектывамі мадэрнізацыі вышэйшай адукацыі ў сваёй краіне. Ішла размова і аб тым, якія стылі навучання выкарыстоўваюцца тэхнічнымі ВНУ сёння і якімі іх бачаць у будучыні. Разглядаліся нават філасофскія аспекты выкарыстання штучнага інтэлекту і такая праблема, як развіццё жыццеўстойлівасці студэнтаў інжынерных спецыяльнасцяў.
Канферэнцыя вылілася ў вялікую размову не толькі аб тым, якія формы і метады навучання інжынераў выкарыстоўваюцца сёння і якімі яны павінны быць у ідэале. Размаўлялі і аб надзённым, і аб тым, ці стане дабром для студэнтаў поўны пераход працэсу навучання да ІT-тэхналогій і ці не сыдзе са студэнцкага жыцця такая яго важная частка, як зносіны з выкладчыкамі і аднагрупнікамі...
У перапынку мы папрасілі Андрэя Ліхавіда, першага прарэктара Паўночна-Каўказскага федэральнага ўніверсітэта, адказаць, якія трэнды сёння існуюць у падрыхтоўцы інжынерных кадраў і як ён ацэньвае падрыхтоўку спецыялістаў у ВНУ Беларусі.
«У любым інжынеры самы важны складнік той, які ён атрымлівае ў працэсе адукацыі. Сёння прынята дзяліць: інжынер мінулага, сучаснага, будучага... Не стану доўга разважаць на гэтую тэму, выкажу сваё меркаванне. Ніякі штучны інтэлект не зробіць з рамесніка сапраўднага майстра. Сэнс адукацыі — спосаб мыслення, а галоўным трэндам і з’яўляецца тое самае мысленне. Так было ва ўсе часы. Мысленне інжынера адрозніваецца ад клінічнага мыслення доктара, ад навуковага мыслення навукоўца. Ніякі штучны інтэлект не заменіць урокі майстра — працэсу, дзе сваю ролю іграе нават самая нязначная дробязь, дзе інтанацыя і нават погляд маюць свой асаблівы сэнс. Калі ў эканоміку краіны прыйдуць інжынеры з мысленнем рамесніка, не будзе ніякай эканомікі...На шчасце, у Беларусі доўгі час захоўваецца сэнсавы суверэнітэт у інжынернай адукацыі. Гэтую сферу нельга назваць кансерватыўнай, але яна мае выразныя рысы суверэннасці, дзе гарманічна суіснуюць новыя тэхналогіі і традыцыі ў падрыхтоўцы інжынерных кадраў. І гэта — правільна абраны шлях», — зазначыў расійскі навуковец.
Алена ВІНАГРАДАВА
Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.
На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.
Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.