Вы тут

Карэспандэнт «Звязды» ведае, чым харчуюцца ваеннаслужачыя


Спойлер: бацькі салдат могуць не перажываць, што іх сыны застануцца галоднымі. Маладыя людзі, прыбыўшы аддаваць доўг Радзіме, не галадаюць. Хутчэй наадварот: многія ваеннаслужачыя дадаюць у вазе, набіраюць мышачную масу. Харчаванне ў арміі трохразовае і па раскладзе. Яно ўключае паўнавартасны і, што немалаважна, карысны рацыён. Нормы харчавання беларускіх салдат прапісаны ў адпаведным загадзе міністра абароны. У дакуменце шмат відаў пайкоў, ёсць нават рацыён для службовых сабак.


Складаючы меню для салдат, спецыялісты арыентуюцца на даследаванні вучоных. Па падліках Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, мужчыну ад 18 да 30 гадоў вагой у 80 кілаграм пры сярэднім узроўні актыўнасці патрабуецца прыкладна 2,5 тысячы кілакалорый. Салдаты ж займаюцца баявой падрыхтоўкай, спортам, працуюць, таму ім трэба не менш за 3,7 тысячы, а спецназаўцам — наогул 4,8 тысячы, таму і рацыён у іх багацейшы.

Розніца ў нормах ежы можа залежаць не толькі ад роду войскаў. Напрыклад, салдатам з недаважкай або ростам вышэй за 190 сантыметраў выдаюць дадатковы паёк. Ваеннаслужачыя тэрміновай службы з праблемамі ў страваванні могуць разлічваць на дыетычнае меню. Адрозніваецца рацыён і шпіталізаваных у медпункты і медроты.

Салдацкая сталовая

«Для таго каб ежа была больш разнастайнай, смачнай і збалансаванай, у нашай вайсковай часці штотыдзень складаецца меню-раскладка разам з начальнікам харчовай службы і іншымі спецыялістамі, — расказвае загадчыца сталовай № 4 „Кацюша“ Вольга Архіпаўская. — Затым меню ўзгадняецца з начальнікам медыцынскай службы і з апошняй інстанцыяй — камандзірам вайсковай часці. Замяніць меню па якой-небудзь прычыне можна толькі з дазволу камандзіра часці».

Як адзначае Вольга Архіпаўская, у брыгадзе трохразовае харчаванне: сняданак, абед і вячэра. Сняданак складаецца з мясной стравы, крупяных і агароднінных гарніраў, масла сметанковага, сыру, гарачага напою з цукрам і булачкі.

«Напрыклад, сёння ў нас у меню — птушка, смажаная па-хатняму, каша грачаная, яйка, чай, булачка „Хатняя“ ўласнай вытворчасці і хлеб „Білеўскі“, — кажа загадчыца сталовай. — На абед, вядома, дадаецца халодная закуска — салата, а таксама гарачы суп і другое. Можна дадаць і салодкую страву. На вячэру падаём альбо мясную, альбо рыбную страву, а таксама бульбу адварную або пюрэ ці капусту тушаную. Таксама даецца запяканка, кефір, масла сметанковае, чай».

Перад прыходам ваеннаслужачых у сталовую падрыхтоўваецца лінія раздачы. Выносіцца посуд па колькасці салдат. Калі казаць пра абед, то разліваюцца кампот і сок па 200 грамаў, парцыянуецца салата. На раздачы дзейнічае прынцып самаабслугоўвання.

«Важна звярнуць увагу на аб’ёмы, бо пракарміць вайсковую часць — гэта не якіх-небудзь 20 чалавек, — заўважае Вольга Архіпаўская. — Гэта больш за тысячу ваеннаслужачых у дзень. Мы, праўда, стараемся якасна і вельмі смачна гатаваць ежу, каб салдат адчуваў сябе як дома. Я заўсёды казала, кажу і буду казаць сваім супрацоўнікам: гатуйце як дома. Бо калі з усмешкай на твары ідуць салдаты і кажуць: „Выдатна, усё добра і смачна“, — для мяне гэта гонар».

Святочны і лячэбны рацыёны

Адрозніваецца рацыён ваеннаслужачых тэрміновай службы і па святах. «У святочныя дні хочацца парадаваць нашых салдацікаў, — дзеліцца загадчыца сталовай. — Дадаём якую-небудзь мясную салату, адбіўную з сырам і часнаком, боршч з пампушкамі. Хочацца зрабіць так, каб нашы салдаты адчувалі сябе як дома, каб ім перадавалася атмасфера свята. Тыя ж мандарынкі і салата „Аліўе“ на раздачы — як сімвалы Новага года. Да гэтага ўсяго мы дадаём садавіну, яблыкі. У штотыднёвым меню яблыкі прысутнічаюць мінімум адзін раз: на абед альбо вячэру. Для нас важна, каб бацькі ваеннаслужачых разумелі і бачылі, што з іх дзецьмі ўсё ў парадку, што яны сапраўды накормленыя».

На сняданак, абед і вячэру ваеннаслужачым выдаюцца булачкі ўласнай вытворчасці. Яны выпякаюцца з раніцы, таму заўсёды свежыя трапляюць на раздачу. Тут ведаюць: добры салдат — гэта сыты салдат.

У ваеннаслужачых, якія трапілі ў медыцынскую роту, харчаванне лячэбнае. Яно адрозніваецца: для хворых адведзены іншыя нормы. 

У цэлым, меню практычна такое ж. «Напрыклад, калі ў нас на сняданак выдаецца чай, то ў медыцынскай роце — кававы напой, — удакладняе Вольга Архіпаўская. — Лячэбнае меню гэтак жа, як і агульнавайсковае, складаецца штотыдзень. Існуюць нормы, у якіх прапісана, колькі чалавек павінен з’ядаць агародніны, малочнай прадукцыі, крупяных страў за месяц».

У 103-й Віцебскай паветрана-дэсантнай брыгадзе няма нарадаў па сталовай. Гатаваннем ежы, узяццем проб займаюцца спецыялісты РУП «Ваенсэрвіс». Салдаты да працы ў сталовай не прыцягваюцца, не ходзяць у нарады і не абіраюць бульбы. Тут працуе толькі грамадзянскі персанал. Кухары, мыйшчыкі посуду, прыбіральшчыкі, грузчыкі — гэтыя людзі ніяк не адносяцца да вайсковай часці.

Кормяць, як дома

Ваеннаслужачыя брыгады не скупяцца на словы. Яны заўсёды выказваюць вялікую падзяку кухарам за якасна прыгатаваную ежу, у сталовую ідуць хутка, не без радасці, нярэдка просяць дабаўкі.

«У нашай брыгадзе ўсё самае смачнае, — кажа ваеннаслужачы аркестра вайсковай часці 52287, гвардыі радавы Герман Шумкоў. — Я заўсёды з велізарнай радасцю прыходжу на абед, бо ў абедзенным меню больш пазіцый. Асабліва мне падабаецца, калі даюць мой любімы боршч, на другое аддаю перавагу смачнай свініне і салу. Акрамя таго, на абед заўсёды сок. Таксама люблю паласавацца свежымі булачкамі з чаем. Вельмі радуе, што на прыём ежы заўсёды падаюць свежую агародніну і садавіну. Дзякуючы такому паўнавартаснаму і збалансаванаму харчаванню, змог набраць неабходную мышачную масу. Палепшылася якасць сну».

Як лічыць ваеннаслужачы 2-й мінамётнай батарэі змешанага артылерыйскага дывізіёна, гвардыі радавы Уладзіслаў Гігола, у брыгадзе арганізацыя харчавання на належным узроўні. «Мне падабаецца тое, што ў нас сапраўды разнастайнае меню, якое не паўтараецца з дня ў дзень, кожны раз нам выдаюць нешта новае і смачнае, — заўважае малады чалавек. — Люблю тутэйшыя гарачыя супы, тэфтэлі і свежую выпечку. Порцыі ў нашай брыгадзе досыць вялікія і сытныя. Дзякуючы здароваму харчаванню, магу працаваць не складаючы рук, выконваць розныя баявыя задачы, якія патрабуюць высокіх фізічных нагрузак».

Па словах ваеннаслужачага зенітнай ракетна-артылерыйскай батарэі, гвардыі малодшага сяржанта Вадзіма Скуратовіча, кормяць у арміі смачна. Любімая страва салдата — тварожная запяканка са згушчонкай. «Арганізацыя харчавання тут сапраўды на вышэйшым узроўні, а ежа практычна не адрозніваецца ад хатняй, — прызнаецца малады чалавек. — Для мяне, як для камандзіра аддзялення, асабліва важна, каб мой асабовы склад быў сыты, добра накормлены і здаровы, бо такое харчаванне абавязкова надае салдатам сіл, што дазваляе больш эфектыўна выконваць пастаўленыя задачы».

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ, ваеннаслужачы 103-й Віцебскай асобнай гвардзейскай паветрана-дэсантнай брыгады, гвардыі малодшы сяржант

Фота аўтара

г. Віцебск

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.