Вы тут

Міліцыя падчас вясновых канікул возьме пад кантроль вольны час непаўналетніх


Адна з важных задач — пошук шляхоў па зніжэнні росту злачынстваў і правапарушэнняў сярод непаўналетніх, павышэнне эфектыўнасці іх прафілактыкі. Якая колькасць з усіх злачынстваў займаюць правапарушэнні, учыненыя непаўналетнімі? І якія менавіта злачынствы часцей за ўсё здзяйсняюцца навучэнцамі? Пра гэта трэба сур’ёзна задумвацца, асабліва цяпер, калі наперадзе ў дзяцей канікулы.


Фота з адкрытых крыніц

Падлеткам могуць забараніць самастойна адкрываць рахункі ў банках

Гэта дапаможа прадухіліць выкарыстанне банкаўскіх картак непаўналетніх тэлефоннымі ашуканцамі. Намеснік начальніка ўпраўлення па ахове правапарадку і прафілактыкі ГУУС Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта Дзмітрый Мялешка расказаў, на якія схемы часцей за ўсё згаджаюцца ісці маладыя людзі.

За апошнія гады з’явілася некалькі новых формаў махлярства. Малалетніх памагатых для сваіх брудных спраў злачынцы часцей за ўсё шукаюць у інтэрнэце. Напрыклад, даволі часта апошнім часам падлеткам прапаноўваюць атрымаць прыбытак ад продажу рэквізітаў сваёй банкаўскай карткі. Нічога рабіць і не трэба — проста падзяліцца інфармацыяй аб сваім рахунку. Нагадаю, што атрымаць картку можна з 14 гадоў са згоды бацькоў і з 16 — самастойна. Зламыснікі выкарыстоўваюць рахунак дзіцяці для ашуканскіх схем. Школьніку, які клюнуў на гэты выкрут, можа пагражаць да дзесяці гадоў пазбаўлення волі.

«Цяпер гэтае пытанне прапрацавана МУС, унесены змены, якія дазволяць забараніць дзецям без згоды бацькоў звяртацца ў банкі і адкрываць рахункі. Узрост будзе абмежаваны 18 гадамі. У адваротным выпадку павінен будзе прысутнічаць законны прадстаўнік», — сказаў Дзмітрый Мялешка.

Нагадаем, што цяпер Грамадзянскім кодэксам прадугледжана, што непаўналетнія ва ўзросце ад 14 да 16 гадоў маюць права здзяйсняць грамадзянска-прававыя здзелкі са згоды сваіх законных прадстаўнікоў ці хоць бы аднаго з іх. А з 16 да 18 гадоў такая згода ўжо не патрэбна. Гаворка ідзе аб дробных бытавых здзелках. Гэтае ж правіла распаўсюджваецца і на адкрыццё банкаўскіх рахункаў.

Жарты з тэлефонам і лёгкія грошы на наркотыках

Яшчэ адна папулярная схема — прыцягненне падлеткаў да вішынгу (тэлефоннага махлярства), фішынгу (выманьвання пароляў) і сватынгу (ілжывых паведамленняў аб небяспецы). Апошні від злачынства характэрны для дзяцей малодшага школьнага ўзросту, якія тэлефануюць экстранным службам і паведамляюць аб мініраванні. За такое злачынства прадугледжана не толькі крымінальная адказнасць, але і выплата штрафу за лжывы выклік супрацоўнікаў экстранных службаў.

Дзмітрый Мялешка адзначыў, што, нягледзячы на прафілактычную работу, якая праводзіцца супрацоўнікамі органаў унутраных спраў, не менш частай праблемай з’яўляецца ўцягванне дзяцей у незаконны абарот наркатычных рэчываў. Прычым малалетнія становяцца не толькі кур’ерамі, але і «трафарэцікамі».

Часцей за ўсё злачынцы прапаноўваюць атрымаць падлеткам нібыта легальны заробак у сацыяльных сетках і месенджарах. Пры гэтым абяцаюць казачны прыбытак. На жаль, некаторыя хлопцы згаджаюцца на такую падпрацоўку. Часта дзялкі замоўчваюць, што дзейнасць звязана з распаўсюджваннем наркатычных сродкаў да таго моманту, пакуль дарослыя злачынцы не атрымаюць асабістыя даныя маладога чалавека і не змогуць з іх дапамогай шантажыраваць падлетка. Як правіла, час «работы» абмяжоўваецца днямі, часам месяцамі, пасля чаго распаўсюджвальніка затрымліваюць.

Хлопцы, якія дасягнулі 14-гадовага ўзросту, у такім выпадку могуць стаць фігурантамі крымінальнай справы і атрымаць працяглы тэрмін зняволення. «Але нават гэта не заўсёды спыняе юнакоў. У нашай практыцы быў выпадак, калі, нягледзячы на праведзеную прафілактычную работу, адзін з падлеткаў усё роўна вырашыў стаць закладчыкам. Сёння ён знаходзіцца ў следчым ізалятары», — заявіў Дзмітрый Мялешка.

Намеснік начальніка нагадаў пра такую з’яву, як «спорцікі», якія займаюцца нанясеннем пабояў, і «трафарэтчыкі». Апошнія актывізаваліся адносна нядаўна. Сутнасць гэтай «работы» заключаецца ў тым, каб нанесці на любую паверхню назву каналаў збыту наркатычных сродкаў, «трафарэтчыкамі» якія з дапамогай фарбы і спецыяльнага трафарэта малююць рэкламу пункта продажу на вуліцах, тым самым наносячы шкоду ў тым ліку і дзяржаўнай маёмасці.

У выніку непаўналетнія вядуцца і становяцца кур’ерамі-перавозчыкамі незаконных рэчываў. Радзей — асобамі, якія па ўказанні куратараў аказваюць фізічны і псіхалагічны ціск на «гора-кур’ераў», прычыняюць цяжкія цялесныя пашкоджанні. У такім выпадку таксама прадугледжана суровая адказнасць. Гаворачы аб бацькоўскім кантролі, Дзмітрый Мялешка параіў слепа не давяраць дзіцяці: «Заўсёды распытвайце пра яго інтарэсы, сяброў, хобі, у якіх інтэрнэт-супольнасцях ён „круціцца“. Варта насцярожыцца, калі ў дзіцяці з’явіліся вялікія грошы і дарагія рэчы. Трэба звяртаць увагу на наведванне ў інтэрнэце сайтаў, сачыць, ці не з’явілася ў сына ці дачкі брэндавае адзенне. Калі дзіця будзе сцвярджаць, што ўладкаваўся на работу і купіў сабе падарунак з першай зарплаты, варта звязацца з яго кіраўніцтвам, удакладніць даныя арганізацыі, якая дала падлетку вакансію, пераканацца ў легальнасці заробку».

Не менш важна правяраць тэлефон школьніка. Там можа захоўвацца інфармацыя, звязаная з уцягваннем яго ў наркагандаль. Гэта могуць быць фатаграфіі закладак, прыкладанні, вызначэнне дакладных каардынат мясцовасці, якімі карыстаюцца дылеры, каб застацца ананімнымі. Калі выявіце ў тэлефоне падлетка падазроныя дадаткі, спярша пагаварыце з ім.

Як правіла, у такой сітуацыі справіцца з праблемай самім вельмі складана. Таму звярніцеся ў міліцыю, дзе вам раскажуць аб правільным шляху вырашэння праблемы. Акрамя таго, Дзмітрый Мялешка папярэдзіў пра небяспеку «флэтаў», «упісак» і параіў бацькам не адпускаць дзяцей на такія мерапрыемствы.

За свавольствы прыйдзецца плаціць

У суды летась было перададзена больш за 700 крымінальных спраў у дачыненні да непаўналетніх абвінавачваных. Пра гэта паведаміў начальнік аддзела аналізу практыкі і метадычнага забеспячэння папярэдняга расследавання УСК Мінска Пётр МІКУЛА. Ён адзначыў, што ад агульнай колькасці крымінальных спраў гэта невялікі паказчык. Тым не менш, з маральнага пункту гледжання, гаворка ідзе пра лёсы больш чым 700 непаўналетніх, па сутнасці, дзяцей. «Здзейсніўшы злачынствы, яны шмат у чым прадвызначылі сваё будучае жыццё. Важна сказаць, што сістэма правасуддзя падыходзіць да гэтага пытання дыферэнцыравана. З 727 абвінавачваных непаўналетніх толькі толькі для 107 была абрана мера стрымлівання ў выглядзе заключэння пад варту. Можна сказаць, што падыход даволі індывідуальны», — адзначыў прадстаўнік УСК па Мінску.

Усяго ж летась былі асуджаны 692 непаўналетніхя. Толькі 140 з іх атрымалі рэальныя тэрміны зняволення. «Да астатніх прыменены іншыя меры пакарання. Гэта сведчыць аб тым, што мэта не толькі ў пакаранні падлетка, але і ў тым, што, усвядоміўшы свае дзеянні, яны змогуць змяніць погляды на жыццё», — лічыць Пётр Мікула.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.