Вы тут

Эмілія Капыток прайшла праз пекла шасці канцлагераў


Эмілія Аляксандраўна Капыток з Барысава расказвае пра жахлівыя выпрабаванні, якія выпалі на яе долю, пра неверагодную любоў да жыцця і сямейнае шчасце з мужам Анатолем Сцяпанавічам, якое доўжыцца больш за семдзесят гадоў.


Эмілія Капыток

Камера № 30 і лагер «Камінтэрн»

Нарадзілася я ў Барысаве ў 1932 годзе. Было ў мяне чацвёра братоў і тры сястры.

У 1937-м сям’ю напаткала бяда: забралі бацьку. Жылі мы небагата, але дружна, адно аднаго даглядалі.

І ўсё гэта скончылася: вайна. Чужынцы ў зялёных мундзірах наводзілі ў горадзе свае парадкі: расстрэльвалі яўрэяў, вышуквалі і кідалі ў турму камуністаў. На рыначнай плошчы ўчынілі паказальнае пакаранне смерцю: павесілі дваіх камсамольцаў: дзяўчыну і хлопца. На грудзях — таблічкі, у якіх гаварылася, што так будзе з усімі праціўнікамі рэйха. Віселі яны тыдзень... целы наўмысна не прыбіралі. 

Вядома, моладзь перапаўняла нянавісць да акупантаў. Мае браты ўстанавілі сувязь з партызанамі, і мама ім дапамагала. Аднойчы старэйшы, Лёня, папрасіў мяне схадзіць у старую частку горада, на другі бераг Бярэзіны да нашага стрыечнага брата. Як цяпер, помню адрас: вуліца Газетная, 19. У маёй вопратцы было зашыта данясенне. Мост ахоўваўся, хлопцам было не прайсці, а дзевяцігадовай дзяўчынцы ўдалося. Два разы... на трэці патрапіла ў засаду — там, на Газетнай. Мама з братамі паспелі сысці да партызанаў. Стрыечнага брата расстралялі разам з сям’ёй. А мяне кінулі ў барысаўскую турму, камера № 30. Выклікалі на допыты, збівалі да страты прытомнасці, патрабавалі назваць імёны падпольшчыкаў.

Не дамогшыся ад мяне нічога, адправілі ў лагер «Камінтэрн» у Барысаве — ён размяшчаўся на тэрыторыі, дзе была фабрыка з такой назвай. Бачыла там, як катавалі людзей немцы і паліцаі... на маіх вачах насмерць бізунамі забілі хлопца. Пасля быў лагер на вуліцы Шырокай у Мінску…

«Дарога смерці» 

Аднойчы нас, вязняў, загналі ў таварныя вагоны чалавек па дзвесце, людзі там маглі толькі стаяць. Па дарозе эшалон падарваўся на міне. Многія тады загінулі, а я моцна пабіла рукі, плечы, вочы жвірам засыпала. Жанчыны прамылі мне вочы — грудным малаком, там былі маці з немаўлятамі...

Жывых пагрузілі ў іншы эшалон і прывезлі ў канцэнтрацыйны лагер Асвенцым. 

Адначасова з намі туды прыбылі два эшалоны з яўрэямі. Іх рыхтавалі да знішчэння, гналі ў напрамку да вялікага вогнішча. У яўрэйскіх маці выхоплівалі з рук дзяцей і жыўцом кідалі ў агонь. Як цяпер, бачу тых дзетак: прыгожыя, кучаравыя... у агні варушацца іх ручкі і ножкі, а полымя шугае ўгару... Жанчын, якія беглі за сваімі дзецьмі, заколвалі штыкамі. Усё жыццё чую тыя крыкі, плач, брэх сабак... Думаю, маю псіхіку выратавала толькі тое, што я, сама яшчэ дзіця, не магла да канца паверыць: гэта адбываецца насамрэч. Не магла ўсвядоміць, што людзі, а не пачвары са страшнай казкі, могуць здзяйсняць такое. 

Мой нумар — 79667. Накалолі яго на руку ў той жа дзень. І пачалося жыццё ў Асвенцыме.

Здзекі і пакуты... Пад’ём у тры ночы — на праверку. Пад брэх аўчарак нас пералічвалі, затым раздавалі па 100 грамаў хлеба з пілавіннем і гарбату з бярозавага лісця. Дарослых гналі на працу. Мы, дзеці, прыбіралі ў лагеры. Нічога не дазвалялася мець пры сабе. Дарослых рабочых прыганялі з працы — вобшук. Помню, знайшлі моркаўку у жанчыны — яе паставілі на калені і жудасна катавалі. Жорстка каралі за найменшую правіннасць.

Трубы крэматорыяў дыміліся дзень і ноч, чорна-барвовы дым слаўся навокал, было цяжка дыхаць. Мы ведалі: там спальвалі яўрэяў і тых са зняволеных, хто чымсьці правініўся або захварэў і не мог працаваць. 

Ішоў час. Лінія фронту набліжалася. Жанчыны казалі нам, дзецям: «Кладзіцеся на зямлю і слухайце. Калі дрыжыць зямля — ідуць нашы танкі!» Мы прыціскаліся да зямлі — і сапраўды чулі... Так верылі ў вызваленне! Тая вера нас і трымала.

Аднойчы нас некуды пагналі. Хто саслабеў і не мог ісці, падаў — прыстрэльвалі на месцы. Я ішла, а вакол трупы... гэты шлях мы паміж сабой назвалі «дарогай смерці».

Нас пасадзілі на адкрытыя платформы і прывезлі ў лагер Грос-Розэн. Там былі адны мужчыны. А далей — Равенсбрук, жаночы і дзіцячы лагер. Добра помню той дзень: хмарна, дождж імжыць.

Першае, што ўбачыла: басыя зняможаныя жанчыны кацяць ваганеткі, нагружаныя мёртвымі. Целы жаночыя і дзіцячыя... У тым лагеры было месца, дзе каралі смерцю. Калі жанчына правінілася, вялі туды і там стралялі ёй у патыліцу. 

Але гэта быў яшчэ не канец пакут. Пазней апынулася ў лагеры Берген Бельзен. Там не палілі жывых — людзі ў вялікай колькасці паміралі ад голаду, холаду, хвароб. А мне так хацелася жыць! Мы, дзеці, рвалі ля баракаў і елі траву, нават лавілі і падсмальвалі пацукоў — толькі б выжыць. 

За ноч многія ў бараку паміралі. Я прачыналася ад невыноснага холаду, абмацвала суседак па нарах: мёртвыя... Ішла ўздоўж нараў, шукала жывых. Жанчыны бралі мяне да сябе, сагавалі сваім целам па-мацярынску. Складалі для нас, дзяцей, вершы і песні. Калі я зусім аслабела ад недаядання, дзве зняволеныя, якія працавалі на кухні, употай падкормлівалі мяне кашыцай з размочаных хлебных скарынак. Я выжыла дзякуючы жанчынам.

«Мама кінулася да мяне і страціла прытомнасць»

Вызвалілі нас у красавіку 1945 года. Я чула радасны гул, крыкі «Ура!», але ад слабасці не змагла нават выпаўзці з барака. Паўгода праходзіла рэабілітацыю. Якім шчасцем было апынуцца сярод сваіх! Пасля таго, як крыху адужала, адправілі дадому.

Помню той дзень: сышла з цягніка 7 лістапада 1945 года, іду па вуліцах Барысава... Няўжо я дома? Невымоўнае пачуццё! У горадзе яшчэ разбурэнні, вокны сям-там забітыя фанерай, але падмецена, паўсюль сцягі — свята...

У турме мне казалі, што маіх родных расстралялі. А мама лічыла, што мяне замучылі на допытах і пахавалі ў турэмным двары... Прыходжу на нашу вуліцу і бачу: дом ацалеў, з трубы ідзе дым! Адчыняю дзверы: мама ля печкі пячэ бліны на заквасцы. Я паклікала яе... Мама кінулася да мяне і страціла прытомнасць: ужо не спадзявалася ўбачыць дачку жывой. Тры мае браты загінулі ў партызанах, чацвёрты быў моцна паранены — з партызанскай зоны на Паліку яго адправілі на лячэнне. Не стала і сына старэйшай сястры. 

Пайшла ўладкоўвацца на працу на фабрыку піяніна, упрасіла ўзяць мяне паліроўшчыцай. Мне адразу выпісалі матэрыяльную дапамогу — 100 рублёў, каб купіла сабе абутак і новую сукенку, — прыйшла ў аддзел кадраў басанож, у абносках. Але не было нікога шчаслівейшага за мяне — жывая!

Шаснаццаць гадоў... Я схуднелая — скура ды косці. У канцлагерах перахварэла на тыф. Пачула аднойчы, як суседка казала маме: «Міла выглядае дыстрофікам, што ты з ёю рабіць будзеш?» А я столькі год у люстэрка не глядзелася... Мама, вядома, старалася карміць мяне лепей. Хлеба мне даставалася больш, крапіву для мяне заварвалі. І суседзі, сяброўкі падкормлівалі. 

Саромеўся першы сказаць пра пачуцці

Аднойчы з’явіўся ў нашым цэху дэмабілізаваны ваенны ў гімнасцёрцы з белым каўнерыкам, у галіфе. Дзяўчаты ўсе таму прыгажуну насустрач кінуліся, а я моцна запомніла суседчыны словы, думала: хто на мяне, такую, паглядзіць? Нават не падышла тады да Толі.

Уладкаваўся Анатоль у наш цэх. Яго абралі сакратаром камсамольскай арганізацыі, мяне — у склад бюро. Аднойчы на танцах ён запрасіў мяне на першы вальс. «Крутится, вертится, шар голубой» — пад гэтую песню пратанцавалі ўвесь вечар, Толя праводзіў мяне дадому. Сябравалі два гады, а пасля ў гарадскім парку ён зрабіў мне прапанову. І зноў гучала песня — словы з яе «Мне дороже и милее человека нигде не сыскать...» я праспявала, гледзячы яму ў вочы. Ён так узрадаваўся: саромеўся першы сказаць аб сваіх пачуццях.

Распісаліся мы 26 красавіка 1953 года, а вяселле згулялі 1 мая, каб у цэху паспець да канца месяца выканаць план. Мама накрыла на стол: вінегрэт, бульба тушаная, бабка, дранікі — нашы, беларускія стравы. На мне накрухмаленая сукенка з марлі і такі ж вэлюм.

Суседка, што бедавала, гледзячы на маю худзізну, выпекла для нас хлеб у печы і павіншавала: «З брыдкага качаняці, казала, ператварылася дзяўчына ў белага лебедзя, а дапамог ёй гусак» – Гэта яна пра Толю. 

Сям'я Капыток зараз. Фота аўтара

Святкуем, нібы ў садзе квітнеючым: стол накрылі ў двары, уся наша брыгада прынесла са святочнай першамайскай дэманстрацыі ўпрыгожаныя галінкі бярозавыя — іх уваткнулі ў зямлю. Раптам пад’язджае грузавік, выносяць падарунак ад кіраўніцтва фабрыкі і прафсаюза: нікеліраваны ложак, матрац, коўдры, падушкі — сапраўднае багацце па тых часах. А потым мы танчылі вальс для маладых... Якія мы былі шчаслівыя! 

Прайшоўшы праз пекла, умела цаніць жыццё 

Сорак гадоў адпрацавала паліроўшчыцай на фабрыцы піяніна — адзін запіс у працоўнай кніжцы. Любіла свой калектыў, з вялікім цяплом ставілася да ўсіх людзей. Прайшоўшы праз пекла — шэсць канцлагераў! — умела цаніць жыццё. Радавалася кожнай яго светлай хвіліне.

З Анатолем пражылі разам 71 год. Выгадавалі сына і дачку, у нас чацвёра ўнукаў і столькі ж праўнукаў. Што галоўнае ў сям’і? Толю я кахала заўсёды. А яшчэ важна паважаць адно аднаго і ўмець саступаць. Усё было, вядома, — і гора, і радасць, даводзілася губляць родных, але мы ішлі поплеч. Ішлі нашай дарогай жыцця... І ў хоры ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і працы спявалі разам.

Дадзеныя пра мяне былі ў музеі, што адкрылі на месцы канцлагера Равенсбрук. Калі быў юбілей вызвалення лагера, нам даслалі запрашэнне і білеты на самалёт. Прыехалі дзясяткі тысяч людзей з розных краін. І быў мітынг, і новае пакаленне немцаў прасіла прабачэнне за злачынствы, што ўчынялі іх дзеды і прадзеды. На шырокім палатне чырвонымі ружамі выклалі сімвал Вечнага агню, і апусцілі тое палатно на ваду возера, куды сыпаўся калісьці попел спаленых у крэматорыі людзей. І мы апусцілі кветкі ў ваду. Над возерам манумент: фігура жанчыны-вязніцы. Зняможаная, яна трымае на руках дзяўчыну…

Моладзі хачу сказаць: любіце Беларусь. Радзіма наша прыгожая, спакойная, з зялёнымі лясамі, залатымі палямі, з блакітнымі рэкамі. Беражыце яе, шануйце мірнае жыццё і будзьце шчаслівыя.

Анатоль Сцяпанавіч Капыток: 

Анатоль Капыток у маладосці

— Сем гадоў доўжылася для мяне вайна: быў у партызанах, пасля вызвалення Беларусі ваяваў на Далёкім Усходзе. Шмат было дзяўчат знаёмых, некаторыя нават лісты мне пісалі. Чаму выбраў Эмілію? Яна асаблівая. Прыгажэйшай за яе для мяне не было. А яшчэ думаю — гэта лёс. Пасля вайны прапаноўвалі служыць афіцэрам — адмовіўся: цягнула дадому. Убачыў у 1947-м у кіно дакументальныя кадры родных мясцін, пачуў беларускія песні — праслязіўся. Так хацелася на радзіму, што не застаўся і на прадпрыемстве на Урале, дзе прапаноўвалі добрую працу. Сам я з вёскі, але для жыхарства абраў Барысаў. Уладкаваўся на фабрыку піяніна. Там з Эміліяй і пазнаёміўся. Незадоўга да гэтага бачыў у сне незнаёмую светлавалосую дзяўчыну. Пасля зразумеў: гэта яна і была... Кахаў яе ўсё жыццё і працягваю кахаць — вось ужо семдзесят адзін год.

Алена БРАВА

Фота аўтара і з асабістага архіва сям’і Капыток

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.