Яго называюць чалавекам-аркестрам, творчасць якога набыла статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі. За захаванне народных традыцый ён удастоены прэміі «За духоўнае адраджэнне», узнагароджаны медалём Францыска Скарыны.
Амаль 30 гадоў свайго жыцця Мар’ян Скрамблевіч прысвяціў стварэнню драўляных дудачак, флейтаў, свірэляў, ражкоў, трэмбітаў, акарын і іншых музычных інструментаў. Многія інструменты маюць форму птушак і рыб, іх гукі імітуюць гукі жывёлаў і прыроды.
Мар’ян Антонавіч з’яўляецца ўладальнікам статусу народнага майстра, ганаровым грамадзянінам Гродзенскага раёна, за ўклад у развіццё народнай творчасці і традыцыйных рамёстваў атрымаў званне «Чалавек года Гродзеншчыны», яго імя занесена ў «Книгу Славы Гродненской области», у энцыклапедыю «Беларускі фальклор».
Майстар часта сустракаецца з юнымі музыкантамі, яго музычнымі інструментамі карыстаюцца ў Гродзенскім музычным вучылішчы, якому Мар’ян Антонавіч падараваў цэлую калекцыю сваіх твораў.
Народны майстар — пастаянны ўдзельнік усіх фэстаў у сваім родным Адэльску. У мясцовым доме культуры арганізавана майстэрня і музей майстра-дудара. Ён па-ранейшаму гатовы правесці майстар-клас ігры на сваіх драўляных музычных інструментах. Тыя, хто бываў у яго музейным пакоі музычных інструментаў, ведаюць, што пачуць можна тут не проста меладычныя кампазіцыі, а ў літаральным сэнсе гукі прыроды. Адны інструменты паўтараюць спевы птушак, іншыя гукі ветру, а ўсе яны скіраваны на эмоцыі і пачуцці. У Адэльскім Цэнтры культуры і народнай творчасці ўнікальная экспазіцыя прымае гасцей з дзясятак гадоў, яе гасцямі за гэты час сталі тысячы чалавек.
Гукі народных інструментаў самабытнага майстра можна пачуць і на рэспубліканскім фестывалі нацыянальных культур у Гродне, на раённых і абласных святах і кірамашах.
З 85-ці годдзем знакамітага юбіляра павіншавалі ў Гродзенскім райвыканкаме. Старшыня райвыканкама Валерый Хелскі падзякаваў майстру за яго стваральную працу і захаванне традыцый беларускага народа, праслаўленне малой радзімы. Юбіляру ўручаны граматы і падарункі.
Маргарыта УШКЕВІЧ
Фота з адкрытых крыніц
«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».
Што за таемнымі дзвярыма?