Вы тут

Як ідуць справы на палях Беларусі на дадзены момант?


Пасяўной кампаніі ў нашай краіне традыцыйна ўдзяляецца вялікая ўвага. У нестабільныя часы зерне на сусветных рынках канкурыруе па сваёй каштоўнасці з золатам і нафтай. Ужо цяпер на нашай планеце ёсць рэгіёны, дзе людзі галадаюць. Уласная харчовая бяспека і экспарт, а значыць, наш з вамі дабрабыт, закладаюцца цяпер на беларускіх палях. Поспех залежыць ад захавання галіновых рэгламентаў і тэхналогій. Тэмпы палявых работ дыктуе неба, задача аграрыяў — дыктоўку выканаць на «выдатна». «Звязда» агледзела, як ідуць справы на палях Беларусі на дадзены момант.


На сённяшні дзень раннія яравыя збожжавыя і зернебабовыя культуры (без кукурузы, грэчкі, проса) пасеяны на 101,4 тысячы гектараў (16,3 працэнта да плана). Такую інфармацыю паведамляе афіцыйны тэлеграм-канал Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі.

У Брэсцкай вобласці гэтыя культуры на названую дату пасеяны на плошчы 42,4 тысячы гектараў, Віцебскай — 2,34 тысячы гектараў, Гомельскай — 12,7 тысячы гектараў, Гродзенскай — 26,7 тысячы гектараў, Мінскай — 13,5 тысячы гектараў, Магілёўскай — 3,71 тысячы гектараў. Аднагадовая трава пасеяна на 11,2 тысячы гектараў плошчаў, што складае 6,31 працэнта ад плана. Узворванне глебы праведзена на 336,1 тысячы гектараў (44% ад плана). Глеба пад сяўбу ранніх яравых падрыхтавана на 255,2 тысячы гектараў (41 працэнт ад плана).

Таксама вядзецца падкормка культур: азімыя збожжавыя падкормлены на плошчы 1,25 мільёна гектараў (81,9 працэнта ад плана), крыжакветныя на зерне — 325,4 тысячы гектараў (75,7 працэнта ад плана), шматгадовая трава на раллі — 149 тысяч гектараў (16,1% ад плана), палепшаныя лугапашавыя ўгоддзі — 177 тысяч гектараў (14,1% ад плана).


На сяўбе час дарагі

У сельгаспрадпрыемстве «Ліноўскае» працуюць увесь светлавы дзень

Земляробы ААТ «Ліноўскае» Пружанскага раёна ўжо амаль тры тыдні шчыруюць у полі. Масавая сяўба пачалася 18 сакавіка. А да гэтага вялі работы па падрыхтоўцы глебы: ворыва, культывацыя, унясенне арганікі, адначасова вялася падкормка азімых, траў — адным словам, звычайныя веснавыя клопаты. Падкормку азімых збожжавых і азімага рапсу ўжо завяршылі, днямі пачнецца другая падкормка.

Механізатар Аляксандр Дзямчук

— З 18 сакавіка рэжымам работы стаў поўны светлавы дзень — з сямі да 19 гадзін, — гаворыць кіраўнік гаспадаркі Васіль Казьмярчук. — У полі на ўсіх работах цяпер задзейнічана паўтара дзясятка механізатараў, працуюць вадзіцелі. Проста ў поле дастаўляем ім гарачыя абеды. Сістэма ўзаемадзеяння ўсіх службаў падчас адказных кампаній адпрацаваная гадамі — кожны адказвае за свой участак работы. Што важна, кадрамі мы забяспечаны. Тэхніка была своечасова адрамантаваная зімой, угнаенні пад патрэбу назапашаны. З восені пад раннія яравыя палі былі ўзараныя, арганіка ўнесеная. Працуем цяпер, азіраючыся толькі на нябесную канцылярыю. У нас глебы пясчаныя, дзе-нідзе яшчэ вада стаіць, з цяжкай тэхнікай не ўлезеш. А потым выглянула сонейка, літаральна за некалькі гадзін падсушыла, і ўжо пыліць за трактарам. Трэба хутка ўлавіць момант і пасеяць, пакуль зусім не высушыла зямлю.

Ранні яравы клін у гаспадарцы складае 630 гектараў. Пры спрыяльным надвор’і можна засяваць да 60 гектараў у дзень, такім чынам, за сем-восем дзён у «Ліноўскім» плануюць закончыць сяўбу ранніх яравых. А тады прыступяць да сяўбы кукурузы, рапсу, проса, грэчкі, шматгадовых траў — усяго гэтай вясной будзе засеяна 2300 гектараў.

Паводле слоў кіраўніка гаспадаркі, летась раннія яравыя падвялі, бо з вясны стаяла засуха. А для пясчаных глеб гэта цяжкае выпрабаванне. Праўда, азімыя збожжавыя далі добры ўраджай. За кошт гэтага і склаўся баланс. Жывёлагадоўчая галіна цалкам забяспечаная ўласным збожжам да новага ўраджаю, купляць не давядзецца. Дзяржзаказ выканалі на 100 працэнтаў. Цяпер у Лінове спадзяюцца, што надвор’е сёлета будзе больш спрыяльным, і раннія яравыя таксама парадуюць.

Варта сказаць, што сельгаспрадпрыемства «Лінова» не гігант, але і не малое, усяго маецца 6091 гектар сельгасугоддзяў. Каб аб’ехаць з аднаго канца ў другі, трэба пераадолець 40 кіламетраў, гаспадарка мяжуе з Кобрынскім і Бярозаўскім раёнамі. На тэрыторыі размешчана дзесяць населеных пунктаў. Вытворчасць падзелена на дзве брыгады.

З дырэктарам адкрытага акцыянернага таварыства накіроўваемся ў першую вытворчую брыгаду. Яе брыгадзіра Сяргея Кавалевіча застаём у полі, дзе вядзецца сяўба яравога трыцікале. На сяўбе працуе механізатар Аляксандр Дзямчук. Яму даверылі новы пасяўны агрэгат, які гаспадарка набыла ў канцы мінулага года. Гэтая магутная сеялка прычэплена да «Джон Дзіра», які працуе на палях ужо 19-ы год.

Брыгадзір Сяргей Кавалевіч гаворыць, што поле плошчай у 30 гектараў такой тэхніцы — на дзень работы: «Тут была загадзя праведзена культывацыя. Унесены азотныя ўгнаенні. Аляксандр пачаў сеяць учора з вечара. Сёння тут нават на цэлы дзень яму работы не хопіць». Сам Аляксандр Дзямчук адзначыў, што работа для яго прывычная: «Працую ў гаспадарцы механізатарам 13 гадоў. На сяўбе з першага дня. Тут скончу, пераеду на другое поле».

Брыгадзір ахарактарызаваў Аляксандра як аднаго з найлепшых механізатараў гаспадаркі: на сяўбе ён працуе шмат гадоў, якасць работы, як той казаў, гарантаваная. За ім правяраць не трэба. Раней у сезон уборкі садзіўся на камбайн, дзе паказваў добрыя вынікі. 

А цяпер увесь год працуе на «Джон Дзіры», гэтая тэхніка заўсёды запатрабаваная. Вадзіцель Алег Пышко падвёз насенне на сваім МАЗе, ён суправаджае пасяўны агрэгат, каб не было ні хвіліны прастою. Час дарагі на пасяўной.

«Усё, тут пасеялі, застаецца чакаць ураджаю, — падсумоўвае Васіль Казьмярчук. — Далей спадзяванне на мерапрыемствы, якія прадугледжаны тэхналогіяй па падкормцы, абароне раслін, а яшчэ на дождж, які ў пару напоіць пасевы».

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота аўтара

Пружанскі раён


Сонца дыктуе расклад

Гаспадаркі паўночнага рэгіёна пакрысе пачынаюць новы вясенне-палявы сезон. На ўчарашнюю раніцу на Віцебшчыне пад яравую сяўбу ўзарана больш чым 20 тысяч гектараў, раннія яравыя збожжавыя і зернебабовыя культуры пасеяны на плошчы 2,34 тысячы гектараў. Але да масавай сяўбы ў сельгаспрадпрыемствах вобласці плануюць прыступіць у першых чыслах красавіка — пакуль надвор’е зрабіць гэтага не дазваляе.

Механізатары Сяргей Касцюковіч і Іван Буйніцкі

Па словах начальніка ўпраўлення земляробства, раслінаводства і кормавытворчасці камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама Віталя Вараб’ёва, вясной запланавана пасеяць 141,5 тысячы гектараў яравых збожжавых культур і 21,5 тысячы рапсу. Лён плануецца на 11 тысячах гектараў, крыху больш за 100 тысяч адведзена пад кукурузу.

Зараз актыўна вядзецца падкормка азімых збожжавых, сенажацяў і пашы, уносяцца арганічныя ўгнаенні. Восенню на палях паўночнага рэгіёна было пасеяна 222 тысячы гектараў азімых збожжавых і 64 тысячы гектараў крыжакветных культур.

Нягледзячы на тое што многія палі пераўвільготненыя, дванаццаць раёнаў вобласці ўжо прыступілі да сяўбы яравых. Робяць гэта выбарачна, на больш лёгкіх землях. Найбольш актыўна працуюць лепяльчане і земляробы Віцебскага раёна.

Адным з першых у вобласці на вясеннюю сяўбу выйшла сельскагаспадарчае ўнітарнае прадпрыемства «Ліпаўцы», першае зерне ў глебу Прыдзвіння тут паклалі яшчэ 19 сакавіка. Па словах выконваючага абавязкі дырэктара СУП «Ліпаўцы» Ірыны Храпянковай, гэтай вясной аграрыям трэба пасеяць 250 гектараў зернебабовых культур, 290 — яравых збожжавых, 2200 — кукурузы. Пад шматгадовыя і адналетнія травы адведзена 2200 і 800 гектараў адпаведна. Старт пасяўной кампаніі даверылі аднаму з найлепшых трактарыстаў-машыністаў гаспадаркі Леаніду Дашкевічу.

У сельскагаспадарчым вытворчым філіяле «Заазер’е» ААТ «Віцебскі мясакамбінат» да падрыхтоўкі глебы падыходзяць з асаблівай адказнасцю. Лепельскія аграрыі ўпэўнены: ад узворвання залежыць не толькі ўсходжасць, але і якасць хлебных каласоў. Па словах агранома гаспадаркі Аляксандра Міхаля, земляробы ўзаралі пад яравыя культуры 940 гектараў, цяпер актыўна ідзе падкормка азімых збожжавых і крыжакветных, ужо апрацавана больш як тысяча гектараў. Працягваецца падкормка шматгадовых траў і лугапашных палеткаў — 1120 гектараў.

Для механізатараў СВФ «Заазер’е» Сяргея Касцюковіча і Івана Буйніцкага зараз наступіла гарачая пара. За 10-гадовы працоўны стаж мужчыны прайшлі на тэхніцы ўсе цяжкія і лёгкія палі гаспадаркі, таму менавіта ім давяраюць узворванне пад будучы ўраджай. Працаўнікі ведаюць, што з іх лёгкай рукі пачынаецца будучы намалот, таму да справы сваёй падыходзяць адказна, выкарыстоўваюць кожны сонечны дзень.

Сельгаспрадпрыемства «Полацк-Мілк» сёлета адным з першых на Полаччыне прыступіла да ўзворвання. 

У гаспадаркі вялікія палі ў Начы і Рудні, тэрытарыяльная аддаленасць значная, таму работы выконваюць паступова на кожным з участкаў, перавозячы механізатараў і тэхніку. Па словах дырэктара Вадзіма Ляха, 267 гектараў адведзена пад яравыя, 650 — пад кукурузу ў сувязі з недахопам кармоў. Летась у якасці эксперыменту полацкія аграрыі пасадзілі алейную рэдзьку, яна дала 150 цэнтнераў з гектара, таму сёлета таксама плануюць пасадзіць гэту кармавую культуру. У гэтым сезоне плануюць рабіць стаўку на люцэрну і канюшыну. 

А першымі да сяўбы яравых збожжавых на Полаччыне прыступілі СУП «Блізніца» і ААТ «Кушлікі».

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Фота «Лепельскі край»


Да ранняга выхаду гатовыя

Пасяўная ва «Урачанскім» стартавала на тры тыдні раней за папярэднія

У суботу, 23 сакавіка, у Магілёўскай вобласці да пасяўной далучылася ААТ «Урачанскі» Слаўгарадскага раёна. Гаспадарка спецыялізуецца на жывёлагадоўлі і цалкам забяспечвае сябе кармамі. Агульная плошча яе тэрыторый складае каля трох тысяч гектараў. Пад раннія яравыя культуры задзейнічана 650 гектараў. Першыя 300 гектараў ужо засяваюцца аўсом.

— Спатрэбіцца дзён восем, — мяркуе старшыня гаспадаркі Уладзіслаў Адамчанка. — У рабоце задзейнічаны ўсе, у тым ліку 22 механізатары, працуюць хто на плузе, хто на баране, хто на сеялцы. З пачаткам пасяўной пераходзім на рэжым з 7.00 да 19.00 з перапынкамі на абед. Да восені пра выхадныя трэба будзе забыцца. Пасля пасяўной пачнецца корманарыхтоўка, потым уборка зерневых, яравых, закладка сіласу.

Тэхнікай гаспадарка забяспечана на 100 працэнтаў. Сёлета вобласць выдзеліла сродкі на закупку энерганасычанага трактара «Беларус 3522». Ён задзейнічаны на пасяўной разам з яшчэ трыма энерганасычанымі машынамі сельгаспрадпрыемства. Тэхніка магутная, дазваляе скараціць тэрміны пасяўной удвая ў параўнанні са звычайнымі трактарамі.

З насеннем таксама няма праблем. Летась гаспадарка закупіла ў гадавальніку Магілёўскага раёна элітнае насенне аўса і заклала свой гадавальнік на болей чым 300 гектарах. Было сабрана 100 тон вораху, з якога пасля ачысткі атрымалася 76 тон элітнага насення.

Пасяўную гаспадарка пачынае сёлета на 2,5-3 тыдні раней. Такой ранняй вясны, кажуць мясцовыя аграрыі, даўно не было. Але гэта на застала іх знянацку. Як запэўнівае кіраўнік, ужо ў снежні была поўная забяспечанасць насеннем, а тэхніка ў стадыі гатоўнасці знаходзілася з пачатку лютага.

— Снег сёлета сышоў вельмі рана, і вільгаць — таксама, — кажа Уладзіслаў Адамчанка. — Гэта дазваляе раней пачаць і ўкласціся ў аптымальныя тэрміны. Нешта мяняць не прыйшлося. Усё ідзе па плане.

Што датычыцца азімых, то яны пакуль радуюць. Галоўнае, каб не абрынуліся нечаканыя маразы.

— Рапс ужо ва ўсю зелянее, — кажа суразмоўнік. — Сёлета нам выдзелілі новы агрэгат «Раса», які даў магчымасць своечасова падкарміць азімыя зерневыя.

Як паведамілі ў Камітэце па сельскай гаспадарцы і харчаванні Магілёўскага аблвыканкама, сёлета вясенні пасеў ранніх яравых стартаваў з Быхаўскага раёна. За ім падключыліся астатнія. Па словах начальніка ўпраўлення інтэнсіфікацыі раслінаводства Магілёўскага аблсельгасхарча Ліліі Гулінскай, на 25 сакавіка было ўзарана болей чым 37,9 тысячы гектараў ад агульнай плошчы — 21% ад задання. Унесена арганікі на палеткі болей чым 2,3 мільёна тон — 44% ад вывезенага. Падкормка азімых зерневых культур праведзена на плошчы 162,6 тысячы гектараў (70% ад плана), азімага рапсу на плошчы 20,1 тысячы гектараў (33%), шматгадовых траў на плошчы 80,9 тысячы гектараў (52%).

На пачатак бягучага тыдня ў Магілёўскай вобласці 15 раёнаў пачалі сяўбу ранніх яравых, збожжавых і зернебабовых культур. На гэты момант пасеяна 2 тыс. га, што складае 2 працэнты ад запланаваных плошчаў. «У Слаўгарадскім раёне пасеяна 12 працэнтаў ад запланаваных плошчаў. У Глускім раёне — шэсць працэнтаў. У Кіраўскім і Асіповіцкім раёнах — па пяць працэнтаў ад плана», — расказала начальнік упраўлення інтэнсіфікацыі раслінаводства Магілёўскага аблсельгасхарча Лілія Гулінская.

У гэтым сельскагаспадарчым годзе ў Слаўгарадскім раёне агульны план пасеву складае больш як 10,8 тысячы гектара — гэта пад яравую сяўбу. Пад збожжавыя адведзена крыху больш за пяць тысяч гектараў, больш за 2,4 тысячы гектараў — пад шматгадовую траву. Астатнія плошчы будуць адведзены пад кукурузу.

Нэлі ЗІГУЛЯ


Народны абрад — у пашане

Некаторыя гаспадаркі Гродзенскай вобласці выйшлі на поле з «Засеўкамі»

У Гродзенскай вобласці яравымі культурамі засеяна каля 20% плошчы. У вясновых работах задзейнічаны ўсе гаспадаркі рэгіёна. І калі паўночныя толькі падступаюцца да сяўбы — рыхтуюць глебу, уносяць угнаенні, цэнтральныя і паўднёвыя нарошчваюць тэмпы работ.

Абрад «Засеўкі» ў гаспадарцы «Галынка»

Пад увагай — кармавы клін

Як паведаміў начальнік упраўлення раслінаводства камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванню Гродзенскага аблвыканкама Сяргей Рудзінскі, у наяўнасці ёсць насенны матэрыял па ўсіх зерневых і зернебабовых культурах. Іх агульная колькасць дасягае амаль 34 тысячы тон, што складае 144% патрэбы. Поўнасцю забяспечаны насенневы фонд лёну, цукровых буракоў, бульбы. Амаль поўнасцю закуплена насенне травяных культур і кукурузы.

Структура пасяўных плошчаў змянілася, але не істотна. Амаль на пяць тысяч гектараў павялічыліся пасевы азімых культур. За кошт скарачэння яравых зерневых пашыраны плошчы пад азімы ячмень. У цэлым зерневы клін застаецца стабільным.

Крыху зменшыліся плошчы пад бульбу. Яе вырошчванне з-за нізкай запатрабаванасці становіцца нявыгадным. Між тым у аграрным упраўленні запэўнілі, што гэта не будзе адбівацца на спажыўцу і не прывядзе да дэфіцыту другога хлеба.

У сёлетняй веснавой кампаніі вельмі важнае значэнне будзе надавацца вытворчасці травяных кармоў, адзначыў Сяргей Рудзінскі. Іх аб’ём плануецца павялічыць на 15%. Адпаведна, будуць расці і плошчы. Калі летась люцэрна была пасеяна на 22 тысячах гектарах, сёлета гэта плошча дасягне 72 тысяч. Яшчэ 55 тысяч гектараў адведзена пад зялёную масу.

Сёлета ўпершыню на палях сельгаспадарак з’явіцца новая кармавая культура — белы лубін. Шэраг раёнаў працягнуць сеяць сою і гарох. Гэтыя культуры дапамогуць забяспечыць жывёлагадоўлю ўласным бялком.

Згодна з традыцыяй

Некаторыя гаспадаркі з году ў год пачынаюць пасяўную кампанію народным абрадам «Засеўкі». У іх ліку — дзяржаўнае сельгаспрадпрыемства «Галынка» Зэльвенскага раёна. Са словамі ўдзячнасці зямлі быў дадзены старт пасяўной кампаніі — 2024. У «Засеўках» прынялі ўдзел работнікі сельгаспрадпрыемства сумесна са спецыялістамі раённага цэнтра культуры.

Першае зерне сеецца ўручную са словамі блаславення і пажаданнямі добрых і моцных парасткаў. Шматвяковы вопыт гаспадарка спалучае з сучаснымі тэхналогіямі. Сёлета тут плануюць засеяць 9 тысяч гектараў раллі. Як і ў цэлым па вобласці, увага — на кармы. На гэта скіравана і работа агранамічнай службы прадпрыемства. Амаль палову займаюць зерневыя і зернебабовыя культуры. 

Летась удалося атрымаць 25 тысяч тон пры ўраджайнасці 56,6 ц/га. 

Добра ўрадзілі таксама цукровыя буракі і бульба.

Сёлета аграрыі КУП «Галынка» пачалі пасяўную кампанію з высокапрадукцыйным насеннем, магутнай тэхнікай і добрасумленнымі механізатарамі. Яравы клін будзе засеяны на 3,6 тысячы гектарах. Вядзецца пасеў ранніх зерневых і зернебабовых.

Абмінаючы перашкоды

Некалькі дзён таму пачалі сяўбу ў СВК «Путрышкі» Гродзенскага раёна. Умовы работы тут няпростыя. Тэрыторыя гаспадаркі мяжуе з ваколіцай абласнога цэнтра. Гэта ўносіць карэктывы ў стан палёў. 

Больш чым трэцяя іх частка прыпадае на даволі праблемную канфігурацыю. Гэта звязана з узгоркамі і дарожнымі магістралямі, якія разрэзваюць палі на часткі. А яшчэ тут знаходзіцца шмат электрычных слупоў. На адным полі ў 20 гектараў іх налічваецца 120. На некаторых — па паўсотні такіх слупоў і падземных калодзежаў. Вось на адным з іх і пачаліся пасевы яравых культур, пад якія ў гаспадарцы адведзена 650 гектараў. Асноўныя плошчы — больш за 800 гектараў — пад азімыя.

Па словах загадчыка ўчастка Аляксандра Бубена, на вясенняй пасяўной задзейнічаны дзве высокатэхналагічныя сеялкі з магутнымі трактарамі «Беларус». Механізатары працуюць не першы год і добра ведаюць асаблівасці палёў. Пачалі з аўса. Гэта культура летась паказала сябе нядрэнна — атрымана 60 ц/га.

Для гаспадаркі важна спрацаваць як мага лепш. Тут спецыялізуюцца на вырошчванні насення. Большая частка ідзе на рэалізацыю. Напрыклад, летась было прададзена каля дзвюх тысяч тон. Атрымана амаль два мільёны рублёў.

Спецыяліст сельгаспрадпрыемства заўважае, што 80% насення — беларускай селекцыі. Доследная гаспадарка між тым эксперыментуе і з замежнымі сартамі. Асаблівая ўвага ў вырошчванні ўраджаю — якасці глебы і ўтрыманню вільгаці.

Усяго ў Гродзенскай вобласці пад яравыя культуры адведзена амаль 313 тысяч гектараў плошчы, з іх пад раннія яравыя — 83 тысячы га.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота з адкрытых крыніц


Палявы дэсант гастэлаўцаў

На палі пад Мінскам уносяць арганіку

Флагман беларускай сельскай гаспадаркі ААТ «Гастэлаўскае» — шматпрофільнае прадпрыемства, якое спецыялізуецца на мяса-малочнай жывёлагадоўлі і раслінаводстве, мае статус племянной сельскагаспадарчай арганізацыі. ААТ «Гастэлаўскае» — гаспадарка параўнальна невялікая: плошча сельскагаспадарчых угоддзяў складае 3817 гектараў, пад раллёй занята 3532 гектары.

На плошчы звыш 1000 гектараў вырошчваюць збожжавыя, цукровыя буракі займаюць да 300 гектараў, рапс — звыш 400. Бульбы тут садзяць да 50 га. У гэтым годзе плошчы пад «другі хлеб» будуць зменшаны, бо цяжкасці былі пры збыце гэтага караняплода. Між тым прадпрыемства традыцыйна паказвае вынікі сусветнага ўзроўню, уносіць немалы кавалак у рэспубліканскі каравай кожнага года.

Вясна-2024 — адпраўны пункт на шляху да гастэлаўскага выніку. Па колькасці сельгастэхнікі брэндавых вытворцаў (нашага МТЗ і не толькі) на невялікім полі, якое непадалёку ад Мачулішчаў, можна меркаваць пра руплівую працу па ўнясенні арганічных угнаенняў. Маштабная падрыхтоўка пасяўных угоддзяў у разгары.

— Тут, на 11 гектарах, будзем вырошчваць кукурузу. Арганікі ўнеслі 80 тон на гектар, на ўсё поле прыйдзецца каля 900 тон. Кукурузы плануем засеяць каля паўтары — дзве тысячы гектараў. Па астатніх культурах таксама работы многа, бо вясновы дзень год корміць, — пракаментаваў палявую сітуацыю аграном Генадзь Красоўскі.

У Мінскай вобласці на 25 сакавіка пасеяна больш як 10 працэнтаў яравых і больш як 15 працэнтаў траў ад агульнага аб’ёму адведзеных плошчаў. Усе раёны цэнтральнага рэгіёна пачалі сяўбу яравых збожжавых культур. Высокімі тэмпамі вядзецца ўнясенне арганічных угнаенняў. Гэты від работ выкананы на 50 і больш працэнтаў — каля 6 мільёнаў тон унесенай арганікі. На большай частцы запланаваных плошчаў праведзена аперацыя па закрыцці вільгаці, а гэта больш за 290 тысяч гектараў. Завершана падкормка азімых збожжавых культур і азімага рапсу, якія займаюць каля 500 тысяч гектараў.

Тамара ХАМІЦЭВІЧ

Фота аўтара

Мінскі раён


Не згубіць момант

На Гомельшчыне гаспадаркі масава праводзяць веснавую пасяўную. Да сяўбы ранніх яравых збожжавых і зернебабовых культур прыступілі гаспадаркі ўсіх раёнаў рэгіёна. Ход пасяўной кампаніі, распачатай у вобласці, прааналізаваў на апаратнай нарадзе старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко.

На пачатак тыдня на Гомельшчыне раннімі яравымі зерневымі і зернебабовымі культурамі (без уліку проса, грэчкі, кукурузы) засеяна звыш 11 тысяч гектараў, што склала 11% ад запланаванага. Лідзіруюць па тэмпах пасяўных работ аграрыі Мазырскага і Нараўлянскага раёнаў. Тут на пачатак тыдня ўжо правялі вясновы сеў на больш як 40 працэнтах запланаваных плошчах. Вылучаюцца па тэмпах сяўбы ў вобласці таксама аграрыі Гомельскага, Хойніцкага і Калінкавіцкага раёнаў.

Працягваецца падкормка азімых зерневых. У цэлым па вобласці гэтая пазіцыя вясновых палявых работ выканана амаль напалову. На пачатак тыдня гаспадаркамі праведзена падкормка азімага рапсу на амаль 70% плошчаў. Аграрыі Светлагорскага раёна гэтыя работы ўвогуле ўжо завяршылі.

Надзённы клопат працаўнікоў на палях — закрыць вільгаць і ўзараць глебу. Сельгасарганізацыямі вобласці праведзена веснавое ўзворванне на плошчы звыш 42 тысяч гектараў. Па закрыцці вільгаці выкананы работы на плошчы звыш 67 тысяч гектараў.

Як адзначыў падчас нарады першы намеснік старшыні аблвыканкама Дзмітрый Петражыцкі, што па выкананні бягучых веснавых палявых работ — закрыцці вільгаці, падрыхтоўцы глебы, узворванні, тэмпах сяўбы яравых, падкормцы азімых збожжавых культур, рапсу, унясенні арганічных угнаенняў — цяпер можна даваць ацэнку работы аграрыяў у раёнах. Паскорыцца ў правядзенні розных пазіцый гэтых работ, як адзначылі на нарадзе ў аблвыканкаме, трэба Лоеўскаму, Добрушскаму, Кармянскаму, Веткаўскаму і Рэчыцкаму раёнам.

Як звярнуў увагу аграрыяў Гомельшчыны старшыня аблвыканкама Іван Крупко, галоўная задача — правесці веснавую палявую кампанію ў аптымальныя тэхналагічныя тэрміны. Кіраўнік рэгіёна зрабіў асаблівы акцэнт на гатоўнасці сельскагаспадарчай тэхнікі. Гэты паказчык на пачатак тыдня склаў 95 працэнтаў.

— Да канца тыдня ва ўсіх гаспадарках вобласці машыны павінны прайсці дзяржаўны тэхагляд, — падкрэсліў Іван Крупко. — Асноўная маса тэхнікі гатова. І з ёй можна правесці пасяўную без усялякай напругі. Трэба толькі якасна арганізаваць працэс, з пэўнымі тэрмінамі. Варта з кожным днём нарошчваць тэмпы і не губляць ніводнага моманту.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Вясновы дзень год корміць

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.