Вы тут

Лёгкасць і свежасць фарбаў мастачкі Ксеніі Місан-Быстровай


Яна параўноўвае жанчыну з вадой, якая незаўважна цячэ пад зямлёй, поіць дрэвы, кветкі і травы. Выходзіць на паверхню чыстай крыніцай. Льецца бурным вадаспадам. Можа быць ракой, а можа — снегам. На карцінах Ксеніі Місан-Быстровай — зусім юная дзяўчынка, будучая маці і жанчына восеньскага ўзросту. Фея кветак і нават марсіянка. Жаночыя твары на карцінах мастачкі могуць расказаць пра многае.


З дзяцінства — за мальбертам

— Нарадзілася я ў Мінску, але лета праводзіла ў вёсцы, — успамінае Ксенія Місан-Быстрова. — Мая бабуля была сапраўднай майстрыхай. Увечары яна садзілася за ткацкі станок і стварала габелены, дываны, чаму і мяне вучыла. Рукадзельніцай была і мама: шыкоўна вязала і вышывала. Мама была інжынерам-праекціроўшчыкам, я часта бывала ў яе на рабочым месцы і з цікавасцю назірала за яе працай. Дарэчы, першая мая выстаўка дзіцячых работ прайшла менавіта ў гэтым праектным інстытуце. Папа іграў на гітары і баяне.

Творчы пачатак выявіўся ў дзяўчынкі даволі рана. Калі Ксенія вучылася ў другім класе фізіка-матэматычнай школы, дзяцей тэсціравалі на здольнасці да малявання. З 42 вучняў класа адабралі некалькі чалавек, у тым ліку Ксенію. Так вызначыўся яе жыццёвы шлях.

— Вучыцца ў мастацкай школе, куды я перайшла, было цікава, але складана, — прызнаецца Ксенія Місан-Быстрова. — З пачатковых класаў — гісторыя мастацтва. Мае аднагодкі гулялі ў двары, а я асвойвала сакрэты малюнка і керамікі. Марыла, што стану мастаком і захаплялася археалогіяй. У выніку паступіла ў Інстытут культуры на спецыяльнасць «Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва». Падчас вучобы спрабавала сябе ў розных накірунках, найбольш захаплялася керамікай.

Пасля заканчэння інстытута Ксенія Місан-Быстрова выкладала ў мастацкай школе і студыях дзіцячай творчасці, займалася кніжнай графікай, мультыплікацыяй. Цяпер працуе ў тэхніцы бацік, стварае акварэлі, дэкаратыўныя пано, барэльефы і аўтарскую кераміку. Яе працы знаходзяцца ў прыватных калекцыях у нашай краіне і за яе межамі. Ксенія рэгулярна ўдзельнічае ў выстаўках.

— Першая мая персанальная выстаўка адбылася ў 2004 годзе ў мастацкай галерэі «Вільнюс» пры бібліятэцы No18, — узгадвае суразмоўніца. — Пазнаёмілася з дырэктарам бібліятэкі, паказала свае працы і спытала: ці можна іх выставіць? Яна сказала: «Трэба!»

Цікавая гісторыя стварэння тых акварэляў. Ксенія знаходзілася ў адпачынку па доглядзе дзіцяці. Нараджэнне сына Златаміра стала стымулам да творчасці. Для яго маладая мама малявала невялічкія акварэлі і развешвала над калыскай. Першая выстаўка Ксеніі адбылася ў дзень нараджэння сына.

З жанчынамі і пра жанчын

Незабыўнай атрымалася выстаўка Ксеніі Місан-Быстровай у ГЦ «Сталіца» ў межах праекта Беларускага саюза жанчын «Её рук дело». Работы мастачкі ў тэхніцы бацік напоўнілі сонечнымі фарбамі прастору гандлёвага цэнтра ў першым месяцы вясны мінулага года. Суразмоўніца адзначае дабрачынны характар праекта і выдатную арганізацыю выстаўкі.

— Вельмі люблю працаваць з бацікам, — прызнаецца мая гераіня. — Карціна ў выніку атрымліваецца лёгкай і свежай — дзявочай. Бацік дазваляе выкарыстоўваць яркія неразведзеныя фарбы, яны і ствараюць такі эфект. На карцінах, якія выстаўляліся ў ГЦ «Сталіца», шмат жаночых вобразаў, і ўсе яны розныя: юная фея кветак, цяжарная, кабета ў сталым узросце…

Жанчыну Ксенія прапаноўвае параўнаць з вадой, якая можа незаўважна цячы пад зямлёй, выходзіць на паверхню чыстай крыніцай, ліцца бурным вадаспадам, падаць дажджом альбо снегам… 
— Так і жанчына: вечна мяняецца, застаючыся пры гэтым сабой. Яна далікатная, як сняжынка. Але і моцная, як марская хваля. Нават калі яе знешнасць не ідэальная, яна нясе ў сабе ўнутраную прывабнасць. У мяне ёсць карціна, якая называецца «Восень жанчыны». Гэтай пары жыцця спадарожнічаюць мудрасць і прыгажосць — такі вобраз я і стварала на палатне. Жанчыны — глыбокія стварэнні. Увесь час у няспынных клопатах, яны нясуць на сваіх плячах вялікі цяжар адказнасці. Пры гэтым нам не абысціся без мужчын, як і ім без нас.

Творчасць як узнагарода

— Цяжка растлумачыць, як нараджаецца карціна, — разважае Ксенія Місан-Быстрова. — Рэдкі мастак можа сказаць, што ўсё загадзя прадумаў і цалкам кантралюе этапы яе стварэння. Часам глядзіш на сваю працу і думаеш: а як я яе зрабіла? Ці змагу паўтарыць такое?

Пры ўсёй непрадказальнасці творчага працэсу, ёсць тэмы і выявы, дзе чэрпае натхненне мастачка. Так, Ксенію Місан-Быстрову натхняюць біблейскія сюжэты: цыкл яе акварэляў расказвае пра розныя этапы жыцця прамаці Евы. У працах мастачкі на філасофскія тэмы («У пошуках Грааля», «Пазнай сябе») — стрыманасць фарбаў і пошук адказаў на вечныя пытанні быцця.

— На мой погляд, прызначэнне чалавека перш за ўсё ў тым, каб зразумець, хто ты і навошта, у чым твая місія на гэтай зямлі, — разважае мая суразмоўніца. – Здараецца, палатно нараджаецца з вокамгненнай рэальнасці. Напрыклад, праца «Машанька ў пандэмію» напісана ў той момант, калі чалавецтва толькі
сутыкнулася з невядомай пагрозай — каранавірусам. Машанька заблукала ў лесе сваіх страхаў, аднак скрозь кроны дрэў з неба пранікае святло — надзея, што ўсё скончыцца добра.

Нядаўна мастачка прыняла ўдзел у выстаўцы «Касмічныя рытмы». Цяпер у яе планах — асвоіць розныя тэхнікі і стылі пісьма і зрабіць новыя працы да выстаўкі, якая адбудзецца ў красавіку.

Ксенія упэўненая: праз сваю творчасць мастак лечыць уласную душу і нясе святло навакольным.

— Мне вельмі прыемна, калі мае працы выклікаюць у людзей добрыя пачуцці, — кажа Ксенія Місан-Быстрова. — Аднойчы серыя маіх акварэляў, прысвечаных біблейскай Еве, выстаўлялася ў бібліятэцы. Мне расказвалі: прыйшла жанчына, якая перажывала складаную жыццёвую сітуацыю. Яна была пагружана ў сябе. Падняўшы вочы, убачыла гэтыя карціны і была ўзрушана. У яе нават з’явілася жаданне пераасэнсаваць сваё жыццё. У такія моманты я як мастак разумею, што працую не дарэмна.

А што ёсць мастацтва ў сучасным свеце?
— У мастацтва светлая місія, — лічыць мая суразмоўніца. — Мы ляцім у бязмежнай прасторы на адзіным на ўсіх «касмічным караблі» — нашай планеце. З дапамогай мастацтва можна, на мой погляд, зрабіць гэты свет лепшым.

Алена Брава
Фота Лізаветы Мальчук і з архіва суразмоўніцы

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.