Вы тут

Як нашы біятланісты заканчваюць сезон?


Беларускія біятланісты прыгожа заканчваюць сезон 2023/2024. На мінулым тыдні члены нацыянальнай каманды выступілі на чэмпіянаце Расіі ў алімпійскіх дысцыплінах. Спаборніцтвы прайшлі ў комплексе «Жамчужына Сібіры» ў Цюмені.


Фота: БелТА

У жаночай гонцы пераследу беларуская біятланістка Ганна Сола выйшла на старт шостай, з адставаннем ад лідара ў 34 секунды. На першым агнявым рубяжы беларуска абышлася без промахаў, дзякуючы чаму ўзнялася на трэцяе месца, а дакладная стральба на другім рубяжы разам з памылкамі саперніц дазволілі Ганне ўзначаліць гонку. Фінішную рысу Ганна перасякла першай. Для яе гэты медаль чэмпіянату Расіі стаў другім у 2024 годзе. Раней на чэмпіянаце Расіі па неалімпійскіх відах яна заняла другое месца ў суперспрынце.

«Шчаслівая, што ўдалося падняцца на першую прыступку. Але не абышлося без памылак: на стойцы я зайшла на два штрафныя кругі, над гэтым трэба працаваць. Траса складаная, снежная каша, на спусках нельга было адпачыць. Калі паслабіш ногі, то, хутчэй за ўсё, лыжы будуць наязджаць адна на іншую. Даводзілася ўвесь час быць у напружанні. Прыемна, што разам са мной тут муж з дачкой, быць побач з імі — гэта найлепшае пачуцце», — прызналася Ганна Сола ў эфіры «МатчТБ».

Сапраўдны фурор беларусы зрабілі ў змешанай эстафеце. Ганна Сола, Дзінара Смольская, Дзмітрый Лазоўскі і Антон Смольскі захапілі лідарства ўжо на першым этапе і не аддавалі яго да канца гонкі. Беларуская каманда заваявала залатыя медалі. «Сёння прыйшлося пацярпець: адбіваецца, што ў мяне было вельмі мала трэніровак у гэтым сезоне. Але калі ўбачыла, наколькі хутка бяжыць Дзіма Лазоўскі, то жартам падумала, што магла б нават яшчэ крыху паберагчы сябе на трасе», — сказала Дзінара Смольская, якая цяпер актыўна вяртаецца ў спорт пасля нараджэння дзіцяці. Дарэчы, як пажартаваў галоўны трэнер нацыянальнай зборнай Алег Рыжанкоў, чэмпіёнамі сталі дзве мамы, адзін тата і адзін пакуль бяздзетны хлопец. Сын Дзінары і Антона Смольскіх Сафрон таксама разам з бацькамі прыляцеў у Цюмень.

Поспех садзейнічаў беларусам і ў мужчынскім мас-старце. З беларускай каманды найлепшы вынік паказаў Сцяпан Данілаў, які заняў другое месца, — беларус дапусціў адну памылку на першай стральбе, але тры наступныя агнявыя рубяжы прайшоў без промахаў. «Для мяне такое высокае месца — нечаканасць. Калі ўзяць увесь сезон, я бегаў не вельмі добра. Падводзіліся менавіта да гэтага старту. Відаць, добра падрыхтаваліся, можна змагацца і недзе даганяць. Сёння самая лепшая гонка ў маёй кар’еры, але і самая цяжкая», — празнаўся Данілаў у эфіры «Матч ТБ».

У Цюмені беларускія біятланісты сабралі цэлы камплект медалёў. У мужчынскай эстафеце каманда «Беларусь-1» у складзе Мікіты Лабастава, Дзмітрыя Лазоўскага, Сцяпана Данілава і Антона Смольскага заваявалі «бронзу». Каманда «Беларусь-2», за якую выступалі Ілья Аўсеенка, Максім Варабей, Павел Бялько і Іван Тулацін, паказала чацвёрты вынік.

Такім чынам, на спаборніцтвах у Цюмені прадстаўнікі нашай дэлегацыі паднімаліся на пастамент чатыры разы. Вынік нядрэнны. Але і ў гэтай бочцы мёду ёсць свая лыжка дзёгцю. На чэмпіянаце Расіі беларусы выступаюць па-за залікам, ім не ўручаюць медалі, на цырымоніі ўзнагароджання не гучыць беларускі гімн. Гэта сітуацыя выклікала абурэнне і ў саміх беларусаў, і ў расійскіх спартсменаў. Некаторыя нават аддавалі свае медалі беларускім сябрам. І менавіта ў гэтым праяўляецца чэсная і сумленная барацьба, чаго, на жаль, вельмі мала ў сучасным спорце. А беларускія біятланісты — малайцы, нягледзячы ні на што.

Валерыя СЦЯЦКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.