У 2025 годзе кіраўнік дзяржавы падпісаў Указ № 155, які вызваляе ад утылізацыйнага збору новыя грузавыя аўтамабілі, прычэпы і паўпрычэпы экалагічнага класа 5 і вышэй, што выкарыстоўваюцца ў міжнародных перавозках. Калі канкрэтна, дакумент стварае дадатковыя ўмовы і дае магчымасць міжнародным перавозчыкам абнаўляць рухомы састаў. У рэчышчы дасягнутых дамоўленасцяў — лібералізацыя перавозак паміж Беларуссю і Расіяй і адмена дазволаў для двухбаковых і транзітных перавозак. Як усё гэта адбілася на дзейнасці беларускіх міжнародных аўтамабільных перавозчыкаў і з якімі складанасцямі яны ўсё яшчэ сутыкаюцца па іншы бок граніцы — з гэтымі пытаннямі мы звярнуліся да эксперта па аўтаматызацыі працэсаў рынка лагістыкі Таццяны САЛДАЦЕНКА.
Тэндэнцыі вызначае Расія
— Таццяна Віктараўна, як змяніліся актуальныя драйверы і напрамкі для айчыннай галіны аўтаперавозак?
— У экспарце тэндэнцыі вызначае Расія. За студзень — жнівень гэтага года колькасць заявак на перавозкі ў Беларусь з гэтай краіны вырасла на 75 %. Нашым ключавым партнёрам па аб’ёмах перавозак была і застаецца Расія. Але калі казаць пра дынаміку, то самы вялікі рост паказаў Кітай — з плюсам у 236 %. Значна прыраслі пастаўкі з Узбекістана, Турцыі. За гэты ж перыяд Беларусь стала больш вазіць грузаў у Арменію, Казахстан і Расію — гэта дошкі, бытавая тэхніка, фанера, піламатэрыялы, прадукты харчавання, абсталяванне і запчасткі, вырабы з металу і іншае.
— Увесну гэтага года кіраўнік Расійскай Федэрацыі падпісаў закон аб ратыфікацыі міжурадавага пагаднення паміж Расіяй і Беларуссю аб міжнародных аўтамабільных перавозках. Якія магчымасці адкрыў гэты дакумент перад беларускімі аўтаперавозчыкамі?
— Закон прадугледжвае паэтапны пераход да бездазвольнальнай сістэмы перавозак. Фактычна гэта шлях да ўніфікацыі рынкаў міжнародных аўтаперавозак нашых краін. Пагадненне замацоўвае новы спрошчаны парадак перавозкі грузаў і прыбірае бюракратычныя бар’еры, у тым ліку і абмежаванні на кабатажныя перавозкі. Таму трэба чакаць, што дзякуючы ратыфікацыі гэтага закона перавозкі з краінай-суседкай стануць яшчэ прасцей і больш рэнтабельнымі, бо знізіцца колькасць неабходных для здзяйснення рэйса дакументаў і дазволаў — і, як следства, колькасць адміністрацыйных выдаткаў.
Доўгачаканае рашэнне: кабатаж унутры РФ
— Пытанне аб дазволе кабатажных перавозак беларускімі аўтаперавозчыкамі ўнутры Расіі абмяркоўвалася больш за два гады і ўрэшце вырашылася. Якія ўмовы пры ажыццяўленні гэтых перавозках ставяць для беларусаў усходнія суседзі?
— Так, сапраўды, дазвол на кабатажныя перавозкі для кіроўцаў з краін ЕАЭС запрацаваў з 1 верасня 2025 года. Гэта вельмі доўгачаканае рашэнне для беларускіх перавозчыкаў — з ім паездкі ў Расію стануць больш рэнтабельнымі: цяпер, даставіўшы груз, кіроўца не вяртаецца дадому парожнім — на зваротным шляху ён можа зрабіць ад аднаго да трох рэйсаў паміж гарадамі Расіі. Такім чынам дазвол на кабатаж зробіць работу з Расіяй больш прыбытковай. Зразумела, ёсць пэўныя ўмовы для такіх перавозак.
Адна з асноўных — кабатажная перавозка магчыма толькі ў выпадку завяршэння міжнароднага рэйса. Яшчэ адна — здзейсніць можна максімум тры паслядоўныя кабатажныя перавозкі па тэрыторыі Расіі, пры гэтым апошнюю з іх трэба завяршыць не пазней сямі дзён ад даты разгрузкі пры завяршэнні міжнароднага рэйса. Астатнія нюансы датычацца афармлення такой перавозкі.
Дарагі транзіт
— Праз Казахстан праходзіць нямала транзітных маршрутаў, у тым ліку і самы кароткі транзітны калідор паміж Беларуссю і Кітаем. Там, наколькі вядома, сітуацыя няпростая — Казахстан спачатку зрабіў больш жорсткай праверку грузаў, якія перамяшчаюцца з Паднябеснай у Беларусь і Расію, а нядаўна заявіў аб тым, што ў планах — адмовіцца ад практыкі выкарыстання дазвольных бланкаў.
— Узаемаадносіны з Казахстанам у сферы грузаперавозак нельга назваць простымі. У апошнія гады абмежаванні для беларускіх і расійскі перавозчыкаў Казахстан часта абгрунтоўваў захаваннем інтарэсаў мясцовых транспартных кампаній, якія не раз звярталіся да ўрада з просьбамі абмежаваць дзеянні расійскіх і беларускіх перавозчыкаў на тэрыторыі краіны. Прычына ў тым, што мясцоваму бізнесу складана канкурыраваць з рэлакаванымі расійскімі і беларускімі транспартнымі кампаніямі. Таму ў жніўні гэтага года прагучала заява Казахстана аб планах спрасціць сістэму выканання міжнародных аўтамабільных грузаперавозак аж да адмовы ад практыкі выкарыстання дазвольных бланкаў. Гэта было сапраўды нечаканым. Аднак транспартнае ведамства краіны заявіла, што ў гэтым рашэнні кіруецца інтарэсамі дзяржавы і насельніцтва. Спадзяёмся, што гэтак і будзе, бо для Беларусі бездазвольная сістэма перавозак з Казахстанам сапраўды магла б адыграць немалую ролю як ў павелічэнні аб’ёмаў перавозак на гэтым напрамку, так і ў іх патанненні.
Да мора праз Пакістан
— Усход становіцца адным з найбольш прывабных напрамкаў. Якія краіны ўключаны ў маршруты перавозак ужо сёння і якія планы і ўмовы супрацоўніцтва з гэтымі краінамі на найбліжэйшы час і на перспектыву?
— Аб маштабнай рабоце на ўрадавым узроўні па лібералізацыі і спрашчэнні перавозак з краінамі Азіі гаворыць фарміраванне новых транспартных калідораў, напрыклад «Беларусь — Расія — Казахстан — Узбекістан — Афганістан — Пакістан». Усё часцей на парадак дня выходзяць пытанні ўвядзення бездазвольнай сістэмы перавозак з краінамі ўсходняга рэгіёна.
Такія праекты з мінулага года абмяркоўваюцца з Іракам, Катарам, Аб’яднанымі Арабскімі Эміратамі, Саудаўскай Аравіяй, Пакістанам, Арменіяй, Таджыкістанам, Узбекістанам. Сёлета Беларусь і Турцыя падпісалі дакумент, які прадугледжвае ўзаемную адмену віз для грузаперавозчыкаў. Пагадненне ўступіць у сілу пасля праходжання працэдур унутрыдзяржаўных ратыфікацый з абодвух бакоў. Сутнасць яго ў тым, што беларускія кіроўцы змогуць знаходзіцца ў Турцыі (і наадварот, турэцкія — у Беларусі) без віз 90 дзён на працягу кожнага 180-дзённага перыяду. Сёння тэрмін бязвізавага знаходжання абмежаваны 90 днямі ў год.
Гэтым жа летам Беларусь і Пакістан ратыфікавалі Пагадненне аб міжнародных аўтамабільных перавозках паміж краінамі. У ім прадугледжаны і парадак ажыццяўлення міжнародных грузаперавозак, і ўмовы ўзаемнага вызвалення перавозчыкаў ад выплаты мытных пошлін, падаткаў і збораў, звязаных з выкарыстаннем транспартных сродкаў. Рэалізацыя пагаднення дапаможа беларускім кампаніям спрасціць даволі складаныя і дарагія на сёння пастаўкі ў Пакістан. Акрамя таго, праз работу з гэтай краінай Беларусь атрымае выхад да мора — і мы, нарэшце, вырашым складанасці з маршрутамі праз парты Прыбалтыкі, дзе сёння дзейнічаюць санкцыйныя абмежаванні.
Алена ВІНАГРАДАВА
Фота з архіва Таццяны Салдаценка і адкрытых крыніц