У савецкія гады Быхаў быў месцам дыслакацыі 57-й Чырванасцяжнай Смаленскай марской ракетаноснай авіяцыйнай дывізіі і яго ведалі практычна ўсе авіятары вялікай краіны. Дваццаць гадоў таму гарнізон быў расфарміраваны, але ў горадзе па-ранейшаму пра яго шмат што нагадвае. У былой школе № 3, якая цяпер з’яўляецца гімназіяй, функцыянуе музей, прысвечаны слаўнай дывізіі. У горадзе шмат аб’ектаў, якія расказваюць пра мінулае ваеннага гарадка. І жыхары шануюць закладзеныя ў тыя гады традыцыі, выхоўваюць моладзь на прыкладах вайскоўцаў. У горадзе ёсць нават плошча ў гонар 33 Герояў Савецкага Саюза, якія маюць дачыненне да славутай вайсковай часці. Сёлета яна была абноўлена і добраўпарадкавана.
Ініцыятыва калектыўная, але яе правадніком стала патрыёт свайго горада загадчыца Быхаўскага дзіцячага садка № 1 Маргарыта Баркова. Яна тут правяла дзяцінства і робіць усё для таго, каб папулярызаваць сваю радзіму.
Плошча сапраўды ўражвае. Па перыметры ўстаноўлены бюсты 30 Герояў Савецкага Саюза. Яшчэ пра трох можна пачытаць на ўстаноўленай тут стэле. Дзякуючы школьнаму ваенна-гістарычнаму музею гэтай дывізіі захавалася падрабязная інфармацыя пра яе мінулае, у тым ліку і пра стварэнне гэтай плошчы. Пра тое, што Герояў усё ж такі на тры больш, даведалася заснавальніца і кіраўнік гэтага музея, выкладчыца грамадазнаўства Валянціна Маржэрына. Маргарыта Баркова прызнаецца, што ўшчыльную працавала з даследчыцай па гэтай тэме.
Работа ж наогул зроблена каласальная. Праект перамог на конкурсе грамадскіх ініцыятыў і атрымаў праз Магілёўскую абласную асацыяцыю мясцовых Саветаў дэпутатаў больш чым 45 тысяч рублёў на рэалізацыю.
— Наогул, праект ацэньваўся ў 51 566 рублёў, з якіх 5 156 рублёў (10 % )па ўмовах конкурсу павінны былі сабраць жыхары, — расказвае Маргарыта Уладзіміраўна. — А сабралі аж 17 тысяч! Мы ездзілі, сустракаліся з людзьмі, праводзілі сходы, гутарылі з працоўнымі калектывамі. Быў адкрыты разліковы рахунак у беларускіх і расійскіх рублях. І грошы пайшлі, нават з Расіі. Падключыліся выпускнікі трэцяй школы, якая цяпер гімназія.
Арганізацыя, што выйграла тэндар па аднаўленні плошчы, прывяла ў парадак тумбы. А вось бюсты на іх рэанімавала магілёўская мастачка Кацярына Зубарэвіч. Плошча была створана ў 1969 годзе, бюсты перыядычна «асвяжалі», накладваючы чарговы слой фарбы.
У выніку твары Герояў ужо цяжка было разгледзець. Пры рэстаўрацыі мастачцы прыйшлося звяраць іх па фатаграфіях.
— Акрамя гэтага, былі зроблены таблічкі, устаноўлены флагштокі, тэрыторыя цалкам заасфальтавана, разбіты клумбы, пасаджаны туі, — расказвае актывістка. — Старшыня райвыканкама Аляксандр Кісялёў асабіста пасадзейнічаў, каб была цалкам добраўпарадкавана плошча. Шмат сіл уклаў у гэты праект старшыня райсавета Вячаслаў Сідарэнка, які каардынаваў усю работу. Калі працавалі, людзі падыходзілі і казалі, што таксама здавалі грошы на гэту плошчу. Яны спачатку не верылі, што можна ўсё аднавіць, і вельмі радаваліся, калі ў нас атрымалася.
Адкрыццё абноўленай плошчы адбылося 7 лістапада. На ўрачыстым мерапрыемстве прысутнічалі старшыня райвыканкама і райсавета, сенатар, старшыня Магілёўскага аблсавета Аляксандр Гарошкін, ганаровыя грамадзяне горада, прадстаўнікі Беларускага саюза афіцэраў, а таксама арганізацый і аб’яднанняў горада. Сабралася шмат быхаўчан, прыйшла моладзь.
— Аднаўляючы плошчу, мы яшчэ раз прадэманстравалі падтрымку палітыкі Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі, накіраваную на захаванне нашай гісторыі, — заўважае Маргарыта Баркова. — Хацелася захаваць гэта сімвалічнае месца для нашчадкаў, каб яны ганарыліся. Плошча вельмі папулярная ў моладзі. Прыемна бачыць, як уважліва яны вывучаюць інфармацыйныя стэнды.
Асобная тэма — школьны музей, які сёння працуе не толькі з быхаўскай моладдзю, а нават на міжнародным узроўні. Музей уваходзіць у Асацыяцыю ваенна-марскіх музеяў і захавальнікаў марскіх традыцый і Асацыяцыю гістарычных і ваенна-гістарычных музеяў Расійскай Федэрацыі.
— Гэта дае нам магчымасць працаваць з дакументамі расійскіх музеяў і архіваў бясплатна, — удакладняе Валянціна Маржэрына. — А сёння толькі адна копія з фатаграфіі мінулага стагоддзя каштуе некалькі тысяч расійскіх рублёў. Мы таксама ўваходзім у міжнародны праект «Сябруем у прамым эфіры» і штотыдзень адпраўляем у Маскву навіны.
13 лістапада ўся Расія глядзела нашу інфармацыю пра адкрыццё абноўленай плошчы Герояў Савецкага Саюза ў Быхаве.
У музейнай рабоце вельмі актыўны ўдзел бяруць навучэнцы гімназіі. Вучаніца 11 класа Ева Чарняўская, напрыклад, — экскурсавод і адначасова камандзір ваенна-патрыятычнага клуба «Міратворцы».
—Тыя веды, якія я атрымліваю ў музеі, часта прымяняю на гістарычных квізах, — адзначае Ева. — А падчас напісання праекта ад ваенна-патрыятычнага клуба я падтрымала наш музей. Праект называўся «Ёсць ідэя. Стварэнне вуліцы Герояў». Прапаноўваю, каб у пачатку кожнай вуліцы, якая названа ў гонар Героя Савецкага Саюза, быў зроблены мемарыяльны знак з інфармацыяй пра гэтага чалавека. Тады моладзь будзе ведаць славутых стваральнікаў нашай гісторыі, якой мы ганарымся.
Дарэчы, работа Евы Чарняўскай заняла трэцяе месца ў вобласці.
— Патрыятычнае выхаванне — гэта важна, — лічыць Ева. — Народ, які не ведае гісторыі сваёй дзяржавы, не можа казаць пра свой суверэнітэт. Тое, што адрознівае незалежную дзяржаву ад проста краіны, — у першую чаргу ўсвядомленасць яе народа. Вядома, усё можна паглядзець у інтэрнэце, даведацца пра нешта новае, але зусім іншая справа, калі ты бачыш жывую гісторыю перад вачыма і жывеш ёй.
Нэлі ЗІГУЛЯ, фота аўтара
г. Быхаў