Гэты спіс уключае аўтарытэтныя ВНУ свету, якім прысвоены дадзены статус і пастаўлена высокая ацэнка дзейнасці па ўсіх кірунках.
Усяго кітайскае ведамства вызначыла 25 давераных універсітэтаў для заключэння пагадненняў аб сумеснай падрыхтоўцы спецыялістаў, запатрабаваных у прыярытэтных галінах кітайскай эканомікі. Сімвалічна гэты Топ-ліст адлюстраваны на тэматычнай сцяне даверу ў Міністэрстве адукацыі КНР, куды БДУ занесены першым.
Статус надзейнага партнёра замацаваны ў Пагадненні аб стратэгічным супрацоўніцтве паміж БДУ і кітайскім Цэнтрам адукацыйных абменаў Міністэрства адукацыі КНР. Цырымонія падпісання адбылася сёння, 6 лістапада, падчас афіцыйнага візіту дэлегацыі беларускай ВНУ на чале з рэктарам Андрэем КАРАЛЁМ у Кітай.
— Уваходжанне ў спіс 25 ВНУ — партнёраў міністэрства адукацыі КНР — гэта прызнанне на высокім узроўні якасці і аўтарытэту БДУ, адлюстраванне высокага рэйтынгу даверу да беларускага ўніверсітэта і адукацыі, — пракаментаваў рэктар БДУ значную ацэнку з боку кітайскіх калег. Пагадненне аб стратэгічным супрацоўніцтве, з яго слоў, прадугледжвае ўзаемадзеянне двух бакоў у галіне міжнароднага адукацыйнага абмену. Гаворка ідзе аб рэалізацыі сумесных праектаў у галіне акадэмічнай мабільнасці студэнтаў і выкладчыкаў. Гэта распрацоўка праграм па падрыхтоўцы кітайскіх грамадзян да навучання ў БДУ, правядзенне для іх кансультацый, адаптацыйных мерапрыемстваў. Таксама дакумент прадугледжвае абмен інфармацыяй і вопытам, работу з выпускнікамі, павышэнне іх канкурэнтаздольнасці на рынку працы і іншае.
Першым крокам да рэалізацыі намечаных мэт стала адкрыццё Сэрвіснага цэнтра БДУ на базе Кітайскага цэнтра адукацыйных абменаў.
— Гэта наша афіцыйнае прадстаўніцтва ў Кітаі, —- падкрэсліў Андрэй Кароль значнасць дзейнасці новай структуры. — Яна дазволіць лепш даведацца кітайскім грамадзянам пра БДУ, пашырыць іх кантынгент у нашым універсітэце, а таксама ўмацаваць партнёрскія сувязі дзвюх краін.
У прыватнасці, плануецца правядзенне прафарыентацыйных мерапрыемстваў для кітайскіх абітурыентаў па пытаннях паступлення і навучання ў беларускай ВНУ. Дарэчы, сёння, са слоў Андрэя Караля, асаблівая цікавасць да БДУ заўважана з боку кітайскай моладзі. У цяперашні час ва ўніверсітэце навучаюцца каля 3,8 тысячы грамадзян Паднябеснай. Актыўна вядзецца работа па рэалізацыі новых сумесных адукацыйных праграм, навуковых даследаванняў і канферэнцый.
Нагадаем, візіт беларускай дэлегацыі ў Кітай праходзіць у гэтыя дні з мэтай пашырэння міжнародных сувязяў, узмацнення экспартнай лініі, стварэння дадатковых сэрвісаў для замежных студэнтаў. Для вырашэння гэтых намераў кіраўніцтва БДУ правядзе шэраг двухбаковых сустрэч з кітайскімі партнёрамі, сярод якіх — Пекінскі Цэнтр замежных талентаў пры Міністэрстве працоўных рэсурсаў і сацыяльнага забеспячэння, сталічны педагагічны ўніверсітэт, Наньчанскі авіяцыйны ўніверсітэт, Хайнаньскі інстытут праграмных тэхналогій, Пекінскі ўніверсітэт. Вынікам праведзеных перагавораў стане падпісанне пакета дакументаў аб супрацоўніцтве.
Важнай падзеяй візіту ў Кітай стане ўдзел дэлегацыі БДУ ў маштабным 22-м Пекінскім форуме «Гармонія цывілізацый і росквіт для ўсіх», дзе Андрэй Кароль выступіць з дакладам «Штучны інтэлект у люстэрку адукацыі: праблема дыялогу».
Алена ВІНАГРАДАВА