Top.Mail.Ru
321

У Фергане стартаваў ІІ Форум прафесійнай вышэйшай адукацыі Беларусі і Узбекістана


Пляцоўкай для правядзення форуму стаў адзін з вядучых навукова-адукацыйных цэнтраў краіны — Ферганскі дзяржаўны ўніверсітэт. У мерапрыемстве прымаюць удзел каля 40 кіраўнікоў беларускіх ВНУ і ўстаноў прафесійнай адукацыі, а таксама вядучыя спецыялісты сферы з усіх рэгіёнаў дзвюх краін. Беларускую дэлегацыю ўзначальвае першы намеснік міністра адукацыі Беларусі Аляксандр БАХАНОВІЧ.

Вітаючы ўдзельнікаў форуму, ён сказаў: 

— Наша супрацоўніцтва ў сферы адукацыі ў апошнія гады мае пастаянную тэндэнцыю да паглыблення. Імпульс гэтаму быў нададзены дамоўленасцямі, дасягнутымі нашымі глыбокапаважанымі кіраўнікамі — Аляксандрам ЛУКАШЭНКАМ і Шаўкатам МІРЗІЁЕВЫМ

Вынікі гэтага супрацоўніцтва ўражваюць. Як падкрэсліў першы намеснік міністра, гэта больш за 550 дзеючых двухбаковых дагавораў, рэалізацыя звыш 180 сумесных адукацыйных праграм у такіх кірунках, як педагогіка, практычная псіхалогія, хімічная тэхналогія, аўтаматызацыя тэхналагічных працэсаў, архітэктура і аўтамабілебудаванне. Гэта навучанне ў беларускіх ВНУ каля 4 тысяч грамадзян Узбекістана і паспяховая рэалізацыя інавацыйнага праекта па стварэнні профільных педагагічных класаў пры падтрымцы БДПУ імя М. Танка, а таксама актыўнае ўзаемадзеянне на міжведамасным узроўні і наладжванне прамых кантактаў паміж кіраўнікамі адукацыйных устаноў.

Аляксандр Бахановіч таксама запэўніў у гатоўнасці Беларусі і далей нарошчваць супрацоўніцтва, у прыватнасці, у рамках рэалізацыі сумеснага праекта па адкрыцці філіяла ВДУ імя П. М. Машэрава ва Узбекістане для падрыхтоўкі кадраў у сферы дашкольнай адукацыі, аказанні садзейнічання ў стварэнні ў 2026 годзе першага цэнтра прафесійнай падрыхтоўкі на базе Бухарскага тэхнікума энергетыкі, вырашаць іншыя сумесныя задачы. 

У сваю чаргу першы намеснік міністра вышэйшай адукацыі, навукі і інавацый Узбекістана Сардор РАДЖАБАЎ падзякаваў беларускаму боку за супрацоўніцтва і выказаў упэўненасць, што яно будзе працягвацца ў такім жа эфектыўным ключы. У рамках форуму адбылося некалькі ўрачыстых мерапрыемстваў — загадам міністра вышэйшай адукацыі, навукі і інавацый Рэспублікі Узбекістан Кангрэтбая ШАРЫПАВА нагрудным знакам «Выдатнік сярэдняй спецыяльнай і прафесійнай адукацыі Рэспублікі Узбекістан» узнагароджаны рэктар Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі Беларусі Валерый ГАЛУБОЎСКІ. Такі знак ва Узбекістане ўручаюць за самаадданую працу і значны ўклад у развіццё сістэмы сярэдняй спецыяльнай і прафесійнай адукацыі, а таксама за асаблівыя заслугі ў выхаванні падрастаючага пакалення. І яшчэ адна знамянальная падзея — адкрыццё ў Ферганскім універсітэце Аўдыторыі сяброўства Узбекістана і Беларусі, названай у гонар беларускага класіка Якуба Коласа. 

Алена Вінаградава

Чытайце таксама: У Мінску праходзіць XІІІ міжнародны форум «Антыкантрафакт-2025»

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю