Размова ішла пра стан выканальніцкай дысцыпліны на прадпрыемствах, бяспеку ў месцах масавага знаходжання людзей, пажарную і крымінагенную абстаноўку, сацыяльную абарону насельніцтва. У пасяджэнні Магілёўскага аблвыканкама прынялі ўдзел намеснік Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь Сяргей Хмарук, іншыя адказныя асобы рэспубліканскіх органаў і ведамстваў.
Тэма бяспекі чалавека вельмі важная і шматгранная, бо датычыцца яго жыцця і здароўя. Умовы яго пражывання, знаходжання на рабоце, у месцах адпачынку і гэтак далей павінны быць бяспечныя і надзейныя. Пра гэта паведаміў намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Алег Стэльмашок, які агучыў ход выканання патрабаванняў Дырэктывы № 1 на Магілёўшчыне за 9 месяцаў.
У вобласці на планавай аснове рэалізуюцца арганізацыйныя і практычныя мерапрыемствы па забеспячэнні бяспекі жыццядзейнасці насельніцтва. Адпрацаваная сістэма інфармавання і навучання людзей па папярэджанні пажараў, алгарытм дзеянняў у выпадку ўзнікнення іншых надзвычайных сітуацый. Прымаюцца меры па аказанні дапамогі адзінокім і адзінока пражываючым састарэлым грамадзянам, інвалідам, сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей, ва ўстаноўцы аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў, рамонце печаў і электраправодкі. Устаноўлены кантроль за забеспячэннем пажарнай бяспекі суб’ектамі гаспадарання. Арганізаваны работы па абсталяванні сістэмамі пажарнай аўтаматыкі аб’ектаў сацыяльнай сферы...
Разам з тым колькасць пажараў за 9 месяцаў гэтага года ў вобласці павысілася на 17,6 % — з 636 да 748, на 24,4 % больш загінулых — 56 чалавек. Па словах начальніка абласнога ўпраўлення МНС Дзмітрыя Голубева, асноўныя прычыны ўсё тыя ж — неасцярожнае абыходжанне з агнём, парушэнне правілаў эксплуатацыі і прылад электраабсталявання, ігнараванне правілаў пажарнай бяспекі пры ўладкаванні і эксплуатацыі печаў. Сярод загінулых на пажарах большасць складаюць пенсіянеры, на другім месцы — беспрацоўныя і тыя, хто вядзе асацыяльны лад жыцця.
— Мы пастаянна звяртаем увагу жыхароў на ўласную бяспеку, кажам пра гэта на сустрэчах з працоўнымі калектывамі, сельскіх сходах, — адзначыў Дзмітрый Голубеў. — На жаль, ёсць людзі, якія ігнаруюць гэтыя нормы і, як вынік, працягваюць папаўняць спіс ахвяр. Але работа праводзіцца сур’ёзная — ва ўзаемадзеянні з мясцовымі органамі ўлады і суб’ектамі прафілактыкі.
Начальнік Магілёўскага абласнога ўпраўлення Дэпартамента дзяржінспекцыі працы Сяргей Жыгуноў ахарактарызаваў сітуацыю па вытворчым траўматызме як абнадзейваючую.
— Лічбы гавораць пра тое, што сёння ў нас ідзе, хай і не значнае, але ж зніжэнне, — падкрэсліў ён. — Колькасць траўміраваных на вытворчасці знізілася на 6 выпадкаў — з 192 леташніх да 186 сёлетніх. Лічба ўсё яшчэ высокая, але яна штогод скарачаецца. Большасць выпадкаў вытворчага траўматызму адбывалася ў сельскай гаспадарцы, на прамысловасці, ў ЖКГ, лясной гаспадарцы. Што датычыцца гібелі людзей на вытворчасці, то па 9 месяцах колькасць засталася на ўзроўні мінулага года. Працаваць ёсць над чым. Трэба ўмацоўваць выканальніцкую і вытворчую дысцыпліну, максімальна матываваць работнікаў выконваць тэхніку бяспекі працы.
П’янства — адна з галоўных рызык узнікнення няшчасных выпадкаў. Пра гэта нагадаў начальнік упраўлення ўнутраных спраў Магілёўскага аблвыканкама Ігар Шчарбачэня. Колькасць здзейсненых у алкагольным стане злачынстваў за 9 месяцаў склала 1128 выпадкаў. Лічба ў параўнанні з мінулым годам знізілася, але па-ранейшаму застаецца высокай. 105 грамадзян памерлі ад атручвання алкаголем (у 2024 годзе было 90), у тым ліку 5 ад атручэння іншымі спіртамі і арганічнымі растваральнікамі.
Намеснік Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь Сяргей Хмарук звярнуў увагу на тое, што вобласці трэба больш рэзультатыўна працаваць над абаронай састарэлых людзей.
— Гэта ўразлівая катэгорыя, якой павінны займацца мясцовыя органы, — падкрэсліў ён. — Гэтыя людзі маюць патрэбу ў асобым характары абароны ад любых відаў замахаў — і на асобу, і на маёмасць. Не павінны заставацца ў баку пытанні пажарнай бяспекі, асабліва ў месцах масавага або кругласутачнага прыбывання грамадзян, больш увагі трэба ўдзяляць пытанням дарожнай дысцыпліны. Каб папярэдзіць ДТЗ, павінны быць праведзены абследаванні і прынятыя меры інжынернага характару. У цэлым злачыннасць на тэрыторыі Магілёўскай вобласці знізілася. Гэта агульны вынік работы і органаў аховы правапарадку, і мясцовых органаў улады, і грамадскасці. Узрасла толькі колькасць пацярпелых ад злачынстваў пенсіянераў і на гэта павінна быць звернутая ўвага.
Нэлі ЗІГУЛЯ