Top.Mail.Ru

Як жыхары Чавус вярнулі да жыцця вельмі важны для горада аб’ект

Парк савецкага перыяду

Пра той парк з савецкага мінулага старажылы ўспаміналі з настальгіяй — «пушкінскія» ліхтары, фантан і шмат кветак. Ідэя, як той казаў, лунала ў паветры. І калі актывістка і мясцовы дэпутат Іна Нікіценка яе агучыла, усе дружна ўхапіліся за прапанову. Старшыня райсавета Анатоль Мацюлін першы ж яе падтрымаў. Хуценька распрацавалі канцэпцыю, напісалі праект, заручыліся падтрымкай насельніцтва, якое выказала жаданне паўдзельнічаць, і вылучылі ініцыятыву на конкурс. Яна была падтрымана Магілёўскай абласной асацыяцыяй мясцовых Саветаў дэпутатаў. Праект атрымаў ад яе 63 тысячы рублёў. Яшчэ сем сабрала насельніцтва, сваю лепту ўнеслі прадпрыемствы і арганізацыі горада.

Над рэалізацыяй шчыравалі цэлае лета. Парк стаў не толькі сімвалам адраджэння, але і добрым прыкладам сумеснай працы ў Год добраўпарадкавання. Урачыстае адкрыццё адбылося напярэдадні Дня народнага адзінства, прысутнічала шмат гасцей, жыхароў.

Лакацыя сапраўды цікавая. Ідзём па алеі разам з Інай Нікіценка і захапляемся амаль пушкінскім пейзажам: па баках — лаўкі для адпачынку, вярнуліся ў парк падобныя на тыя, што былі пад даўніну, ліхтары. Нават вершаваныя радкі ў галаву лезуць. Нягледзячы на пахмурнае надвор’е, парк не пусты.

Іна Нікіценка задаволеная, што ініцыятыва аказалася такой важнай для месцічаў. Яна — старшыня КТГС мікрараёна «Сельгастэхніка» і дэпутат райсавета. Жыхары цэняць яе арганізатарскія здольнасці і праз яе трансліруюць свае думкі і чаканні. Ведаюць, што данясе па прызначэнні.

— У пачатку 90-х наш мікрараён квітнеў і тут быў цудоўны парк, — успамінае Іна Анатольеўна. — Гэта было любімым месцам адпачынку для гараджан. Але пасля развалу Саюза ўсё прыйшло ў заняпад. Ад фантана і ліхтароў нічога не засталося. Жыхары мікрараёна даўно прасілі зрабіць такое месца адпачынку, дзе было б утульна і цікава і старэйшаму пакаленню, і моладзі. Суботнікі праводзілі, шмат было смецця. Пушкінскія ліхтары зноў свецяць у нашым парку. На жаль, на фантан сродкаў не хапіла. Адклалі гэту задуму на потым.

Над аднаўленнем парку шмат працавалі камунальныя арганізацыі горада — Водаканал, Жылкамгас. Завод жалезабетонных вырабаў устанавіў арэлі.

З’явіліся ў парку і экзатычныя дрэвы. Каб саджанцы хутчэй прыжыліся, прывезлі ўрадлівай зямлі. Закупілі брызгліны і 10 ніцых вербаў. Іна Нікіценка падзялілася сваёй гартэнзіяй, якую высаджвала ў парку разам з жыхарамі. А потым яшчэ пэўны час хадзілі паліваць пасадкі, каб прыжыліся.

— Да адкрыцця бялілі дрэвы, каб было ўрачыста, парадна, — расказвае актывістка. — Закупілі палкі для скандынаўскай хадзьбы. І падчас адкрыцця людзі сталага веку арганізавана пад апладысменты прайшліся па новай сцяжынцы з дробнаштучнай пліткі. Атрымалася вельмі прыгожа. Наша ініцыятыва, дарэчы, так і называецца «Рух — гэта жыццё». Дарожка ў парку доўгая, у канцы закругляецца — для скандынаўскай хадзьбы або язды на веласіпедзе самае тое.

Суразмоўніца кажа, што асабліва шмат людзей у парку ў выхадныя дні, прытым дзятвы. Нехта на самакаце катаецца, нехта на веласіпедзе, маці з каляскамі гуляюць — прыгажосць. Пакуль немаўля ў калясцы спіць, можна на лаўцы пасядзець, кніжку пачытаць, свежым паветрам падыхаць. Для дзяцей за шчасце на арэлях пагушкацца. Моладзь любіць у альтанцы пасядзець.

— Нам ужо прапановы паступаюць, каб пашырыць магчымасці гэтай тэрыторыі, — усміхаецца Іна Нікіценка. — Жыхары хочуць у канцы парку зрабіць зону барбекю, каб можна было сям’ёй прыйсці, пасмажыць шашлык. А моладзь выказала ідэю побач з арэлямі паставіць турнікі, каб спортам займацца. Так што наш парк становіцца ўсё больш запатрабаваным. Вясной збіраемся тут бэз пасадзіць, каб пах ад яго распаўсюджваўся на ўвесь мікрараён. Наогул, ідэй шмат.

Старшыня Чавускага райсавета дэпутатаў Анатоль Мацюлін:

Грамадзянская ініцыятыва «Рух — гэта жыццё» дапамагла адрадзіць парк па вуліцы 60 гадоў СССР у Чавусах. Работы яшчэ шмат. Налета збіраемся зрабіць там дзіцячую пляцоўку. Галоўнае, што сёння ў парку заўсёды нехта ёсць, таму дзіцячая пляцоўка будзе вельмі дарэчы. На перспектыву ёсць задума рэанімаваць і стары гарадскі парк, які быў закладзены яшчэ ў ХІХ стагоддзі. Моладзь выступіла з прапановай зрабіць яго больш функцыянальным. Але над гэтым трэба будзе яшчэ папрацаваць.

Нэлі ЗІГУЛЯ

фота аўтара

г. Чавусы

Чытайце таксама: У Маладзечанскім раёне адкрыўся новы парк адпачынку па праекце грамадзянскіх ініцыятыў

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю