Вы тут

Трэба думаць, як утрымаць у сістэме адукацыі перспектыўных педагогаў


Падчас нядаўняга форуму сталічных педагогаў міністр адукацыі Сяргей Маскевіч звярнуўся да мэра сталіцы з прапановай пашукаць у гарадскім бюджэце сродкі, каб узняць педагогам заробак. Вядома, горад і так даплачвае педагогам сталічных устаноў адукацыі не першы год — у дадатак да вызначанага заканадаўствам. Але заробкі школьных настаўнікаў і тым больш выхавальнікаў усё роўна не ідуць ні ў якое параўнанне з сярэднімі заробкамі мінчан. «Дык чаму б сталіцы не пераняць досвед Расіі, дзе заробкі педагогаў не могуць быць меншымі за сярэдні заробак у рэгіёне?» — прапанаваў Мікалаю Ладуцьку кіраўнік галіны, і зала апладысментамі сустрэла яго прамову.

Сацыяльны статус педагога — сёння праблема нумар адзін. Моладзь не прывабліваюць педагагічныя спецыяльнасці. Маладыя спецыялісты не затрымліваюцца ў школах. Колькасць педагогаў-мужчын змяншаецца штогод. Парадокс, але ў некваліфікаваных рабочых заробкі сёння вышэйшыя, чым у педагогаў. Аб праблемах, якія хвалююць беларускіх педагогаў, мы гутарым са старшынёй ЦК Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Аляксандрам БОЙКАМ:

Даведка «Звязды»:

У Расійскай Федэрацыі ў І квартале 2013 года сярэдняя заработная плата педагагічных работнікаў агульнаадукацыйных устаноў склала ў сярэднім 25,7 тыс. рублёў, або 93,9% ад сярэдняй па эканоміцы.

Пры гэтым колькасць суб'ектаў РФ, якія забяспечылі давядзенне заработнай платы педагагічных работнікаў агульнаадукацыйных устаноў да сярэдняй па рэгіёне, павялічылася да 52 (з 13 — па выніках ІV квартала 2012 года). А ў чатырох рэгіёнах Расійскай Федэрацыі (Рэспубліцы Татарстан, Хабараўскім краі, Твярской і Белгародскай абласцях) сярэднія заробкі педагогаў перавысілі ў І квартале сярэдні заробак па рэгіёне на 110% і нават больш .

1378247214488_4-34

1378247214488_4-34

 

— Напярэдадні навучальнага года традыцыйна ўсіх перапаўняюць станоўчыя эмоцыі, але не буду ўтойваць, што ў новы навучальны год мы ўваходзім не толькі з новымі надзеямі, але і з пэўнай трывогай. Дэмаграфічная сітуацыя, асабліва ў сельскай мясцовасці, не паляпшаецца. Перад нашай галіной стаяць пытанні аптымізацыі штатнай колькасці работнікаў асобных арганізацый. З 1 верасня штотыднёвая нагрузка на педагогаў павышаецца, але гэта зусім не значыць, што заробкі педагогаў пры гэтым адчувальна ўзрастуць. Між іншым, для прафсаюза няма больш важных задач, чым заробкі і занятасць работнікаў устаноў адукацыі.

— Наколькі я ведаю, ідэя павелічэння штотыднёвай нагрузкі на педагогаў была ўспрынятая прафсаюзам без асаблівага энтузіязму...

 

— Узгадняючы рашэнне аб змяненні нормаў педагагічнай нагрузкі, мы ўлічвалі планаванае павышэнне тарыфнай стаўкі на 30%. Але ў сувязі з тым, што з шэрагам рэгіёнаў гэты праект не быў узгоднены, тарыфная стаўка адпаведных катэгорый педагагічных работнікаў была павялічана на 25%, што фактычна кампенсавала толькі рост педагагічнай нагрузкі. Многімі сродкамі масавай інфармацыі рашэнне было ўспрынята як павелічэнне заробкаў педагогаў на 25%. Таму даводзіцца весці сярод педагогаў тлумачальную работу. Раней для таго, каб разлічыць тарыфную стаўку педагогу з нагрузкай 20 гадзін, памер яго тарыфнай стаўкі дзяліўся на 18 гадзін і памнажаўся на 20. Цяпер тарыфная стаўка педагога з нагрузкай 20 гадзін адпавядае памеру тарыфнай стаўкі. Адпаведна яго заробак павялічыўся нязначна — у сярэднім на 3%: у залежнасці ад кваліфікацыйнай катэгорыі і іншых фактараў павелічэнне вагаецца ад 1,8 да 5%.

Больш значная розніца будзе толькі ў выпадку, калі павялічыцца нагрузка на канкрэтнага педагога. Так, пры павышэнні нагрузкі з 18 да 20 гадзін павелічэнне заробку складзе ў сярэднім 14,5%. Але гэтыя гадзіны трэба яшчэ знайсці ў межах вучэбнага плана. Гэта значыць, што ў нейкіх школах настаўнікі будуць працаваць з нагрузкай менш чым на стаўку, а дзесьці і ўвогуле застануцца без работы.

Безумоўна, станоўча адаб'ецца на даходах педагогаў і запланаванае з 1 верасня павышэнне памеру тарыфнай стаўкі першага разраду. Не трэба забывацца і пра рэкамендацыю ўрада, адрасаваную Мінскаму гарадскому і абласным Саветам дэпутатаў — не скарачаць па выніках правядзення аптымізацыі ўстаноў адукацыі аб'ёмы бюджэтнага фінансавання ўсёй сістэмы адукацыі. Важна, каб сродкі, вызваленыя ў выніку аптымізацыі, накіроўваліся на павелічэнне заработнай платы педагогаў. Тут ёсць куды расці ўсім рэгіёнам.

— Міністр адукацыі Сяргей Маскевіч агучыў журналістам наступную лічбу: у выніку павышэння нагрузкі на педагогаў будзе скарочана па краіне 17 тысяч ставак...

— Калі ў папярэднім навучальным годзе сярэдняя нагрузка на настаўніка складала па краіне 1,22 стаўкі і вар'іравалася ад 1,11 да 1,36 стаўкі ў залежнасці ад рэгіёна, то зараз гэты паказчык можа знізіцца да адной стаўкі. Мы лічым, што ў вырашэнні пытанняў занятасці арыфметычны падыход не дапускаецца. І колькасць скарочаных ставак не павінна адпавядаць колькасці скарочаных работнікаў, бо за кожнай скарочанай стаўкай стаіць лёс канкрэтнага чалавека. Таму ў рамках новых тыпавых штатных раскладаў трэба разглядаць усе магчымасці, каб не развітвацца з людзьмі, працаўладкаванне якіх у нашай галіне ў далейшым будзе праблематычным.

— А што змянілася ў сістэме дашкольнай адукацыі: ці адчулі выхавальнікі дашкольных устаноў абяцанае павышэнне заробкаў?

— Сапраўды, з 1 ліпеня на 25% былі павышаны тарыфныя стаўкі выхавальнікаў і на 10% — памочнікаў выхавальнікаў устаноў дашкольнай адукацыі, што прывяло да росту заработнай платы выхавальнікаў у сярэднім на 12-13%. Сярэдні заробак выхавальнікаў складае сёння 2,6—2,7 млн рублёў, а ў памочнікаў выхавальнікаў сярэдні заробак узрос толькі на 7%. 1,5 мільёна рублёў, якія зарабляюць памочнікі выхавальнікаў, — гэта многа ці мала? Як відаць, заробкі ў сістэме дашкольнай адукацыі застаюцца ўсё роўна вельмі нізкімі, а па шэрагу катэгорый работнікаў устаноў дашкольнай адукацыі яны і ўвогуле не пераглядаліся.

Далейшыя дзеянні Міністэрства адукацыі і нашы будуць скіраваны на павышэнне заработнай платы работнікаў усёй галіны, паколькі намінальная налічаная сярэднемесячная заработная плата ў сістэме адукацыі ў ліпені склала 3 млн 410 тысяч рублёў, што з'яўляецца адным з самых нізкіх паказчыкаў па відах эканамічнай дзейнасці. Яшчэ ніжэйшы гэты паказчык толькі ў сферы сацыяльных паслуг.

Ёсць пытанні і па суадносінах паказчыкаў сярэднямесячнай заработнай платы ў адукацыі і прамысловасці. Калі па выніках 2011 года гэтыя суадносіны складалі 68,6%, то па выніках 2012 года сярэднямесячныя заробкі ў адукацыі складалі толькі 65,6% ад заробкаў у прамысловасці. Вынік першага паўгоддзя 2013 года несуцяшальны: далейшае зніжэнне да 64,5%. І гэта на фоне паказчыка індэкса спажывецкіх цэн за шэсць месяцаў гэтага года 107% і непераадоленага перакосу ў даходах работнікаў галіны ў сувязі з інфляцыйнымі працэсамі 2011 года.

— Нядаўна з'явілася інфармацыя, што дзейная сістэма аплаты працы педагогаў можа змяніцца. Гэта навіна не на жарт усхвалявала школьных настаўнікаў: чамусьці ўсе ўпэўнены, што змяненні наўрад ці будуць у лепшы бок...

— Сапраўды, зараз распрацоўваецца новая галіновая сістэма аплаты працы. Плануецца, што ў гэтым навучальным годзе яе апрабуюць у некалькіх школах і гімназіях. Наша пазіцыя па гэтым пытанні была прынцыповая — эксперымент магчымы толькі пры значным павелічэнні асігнаванняў на аплату працы, паколькі самым уразлівым месцам у дзейнай сёння сістэме аплаты працы педработнікаў застаюцца нізкія памеры іх тарыфных ставак . Хачу адзначыць, што распрацоўшчыкі ўлічылі пажаданні членаў рабочай групы, у склад якой уваходзілі і прадстаўнікі прафсаюза. У рамках рэалізацыі эксперыменту заробак педагогаў узрасце, праўда, не ў тых аб'ёмах, як бы нам хацелася. Але нават гэтае рашэнне — істотны крок наперад. Заробак ніводнага з работнікаў устаноў, што ўдзельнічаюць у эксперыменце, не можа быць ніжэйшым за ўзровень, вызначаны ў рамках дзейнай цяпер сістэмы аплаты працы.

У дачыненні да работнікаў гэтых устаноў будзе прыпынена дзеянне цэлага шэрагу нарматыўных прававых актаў. Але ў той жа час пашыраюцца галіновыя асаблівасці ў фарміраванні заработнай платы: я маю на ўвазе галіновае павышэнне да тарыфных акладаў (ставак), даплаты за ўзровень кваліфікацыі педагагічнага работніка і галіновыя выплаты за выкананне асобных відаў работ. Новая сістэма аплаты працы будзе стымуляваць педработнікаў да павышэння іх прафесійнага ўзроўню. А новыя паўнамоцтвы, якія атрымаюць кіраўнікі гэтых устаноў, дазволяць ім рэгуляваць аплату працы непасрэдна ў калектывах. Спадзяёмся, што ў гэтай сітуацыі ўзрасце і роля прафкамаў, якія не застануцца ўбаку ад вырашэння такіх важных для кожнага члена педагагічнага калектыву пытанняў.

— Аляксандр Аляксандравіч, новая Інструкцыя аб парадку атэстацыі педагагічных работнікаў энтузіязму ў педагогаў не выклікала: вышэйшую катэгорыю ім цяпер давядзецца пацвярджаць кожныя пяць гадоў, але ж даплаты за катэгорыі можна назваць хутчэй сімвалічнымі...

— Павышэнне педагогам кваліфікацыйнага ўзроўню абавязкова павінна адбівацца і на яго заробках — гэта наша глыбокае перакананне. Галіна павінна больш плаціць за кваліфікацыйны ўзровень, каб педагог імкнуўся да павышэння сваёй кваліфікацыі. Бо атрыманне і пацвярджэнне катэгорыі «настаўнік-метадыст», як і вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі, цяпер ператвараецца ў сур'ёзную працэдуру. Але што педагог будзе мець на выхадзе? Мінімальную даплату?

Цяпер за наяўнасць другой кваліфікацыйнай катэгорыі настаўнікі атрымліваюць надбаўку ў памеры 15% ад тарыфнай стаўкі, за першую — 20% і вышэйшую — 30%. Мы лічым, што трэба павялічыць нарматывы надбавак за кваліфікацыйныя катэгорыі ў некалькі разоў. Трэба думаць пра тое, як утрымаць у сістэме адукацыі таленавітых і перспектыўных педагогаў, як іх заахвоціць...

З улікам пазіцыі прафсаюза Міністэрству адукацыі ўдалося вырашыць пытанне з аплатай працы настаўнікаў, якія маюць кваліфікацыйную катэгорыю «настаўнік-метадыст». Такім настаўнікам была ўстаноўлена надбаўка ў памеры 40% ад тарыфнай стаўкі і тарыфны разрад па іх пасадах на чатыры разрады вышэйшы за вызначаны заканадаўствам. Для іх уведзена 15-працэнтнае павышэнне тарыфнай стаўкі за ўкараненне інавацыйных падыходаў і ўдзел у рабоце па павышэнні кваліфікацыі педагагічных кадраў. Але для настаўнікаў, якія маюць іншыя кваліфікацыйныя катэгорыі, памеры надбавак не змяніліся.

— Дык якой жа будзе розніца ў заработнай плаце паміж настаўнікам, які мае катэгорыю «настаўнік-метадыст», і настаўнікам з вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыяй?

— У выпадку работы гэтых настаўнікаў на стаўку розніца складзе каля 350 тысяч рублёў з улікам гарантаваных выплат. Хачу дадаць, што пасля павышэння тарыфных ставак з 1 верасня назіраецца наступная тэндэнцыя: працэнт гэтага павышэння ў настаўнікаў без катэгорыі вышэйшы, чым у настаўнікаў, якія маюць кваліфікацыйныя катэгорыі. Праблема ў тым, што надбаўка за катэгорыі невялікая, і яна не з'яўляецца акладаўтваральнай. У сувязі з гэтым мы падтрымліваем прапанову Мінадукацыі ўлічваць наяўнасць кваліфікацыйных катэгорый пры вызначэнні памераў матэрыяльнага стымулявання, перш за ўсё надбавак. Гэтую меру можна разглядаць выключна як часовую, паколькі гэтую праблему трэба вырашаць на ўзроўні нарматыўных прававых актаў.

— Апошнім часам многія любяць паразважаць пра сацыяльны пакет для педагогаў. А як на вашу думку: што павінна ўваходзіць у гэты пакет?

— Прафсаюз накіраваў у Міністэрства адукацыі свае прапановы па напаўненні сацыяльнага пакета. Яны закранаюць мноства кірункаў, у тым ліку пенсійнае забеспячэнне педагогаў, медыцынскае абслугоўванне, санаторна-курортнае лячэнне, камунальныя плацяжы, ільготныя ўмовы крэдытавання будаўніцтва жылля, кампенсацыі педагогам іх выдаткаў на праезд, гарантыі ў сферы адукацыі, заахвочванне высокіх прафесійных дасягненняў, зніжкі пры наведванні культурна-гістарычных і фізкультурна-спартыўных аб'ектаў і нават устанаўленне для педагогаў ільготных тарыфаў на мабільную сувязь і доступ у інтэрнэт. Не забыліся мы і, так бы мовіць, пра асветніцкі кірунак — патанненне метадычнай, навуковай і мастацкай літаратуры і ўвядзенне для работнікаў галіны асобных тарыфаў пры падпісцы на перыядычныя выданні.

Сёння, напрыклад, па-ранейшаму застаецца праблемай значная аддаленасць месцаў работы многіх работнікаў устаноў адукацыі, размешчаных у сельскай мясцовасці, ад населеных пунктаў, у якіх яны пражываюць. Таму на парадку дня — пытанне кампенсацыі ім выдаткаў на праезд. Дзесьці неабходна задумацца і аб прадастаўленні педагогам жылля. Не сакрэт, што на фоне ўсеагульнага ўхвалення практыкі выдзялення жылля на вёсцы работнікам арганізацый сацыяльна-культурнай сферы, ёсць гаспадаркі, дзе маюцца незаселеныя дамы. А настаўнікі і работнікі іншых бюджэтных арганізацый вымушаны жыллё арандаваць. Мы ўпэўнены, што гэта няправільна.

Адным словам, праблем шмат. Таму мы будзем шчыра ўдзячныя кіраўніцтву рэгіёнаў за разуменне патрэб сістэмы адукацыі і падтрымку яе ініцыятыў.

Гутарку вяла Надзея НІКАЛАЕВА

Загаловак у газеце: Аляксандр БОЙКА: «Трэба думаць, як утрымаць у сістэме адукацыі перспектыўных педагогаў»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.