Вы тут

Сімвалы адметнасці і адказнасці


10 фактаў і думак пра гербы і пячаткі

Анатоль Цітоў — гісторык, пісьменнік, геральдыст, сфрагіст. Нарадзіўся ў Дрэздэне, да 15 гадоў жыў у Вільнюсе, пасля разам з бацькамі пераехаў у Мінск, дзе жыве па сённяшні дзень. Пэўны час працаваў у Нацыянальным гістарычным архіве і быў адзіным у краіне старшым палеографам (спецыялістам па чытанні старажытных тэкстаў). На пытанне, ці ёсць горад, з якім ён найбольш звязаны, адказаў: «Я не ведаю. Няхай горад сябе са мной атаясамлівае». Аднак у адной з тузіна сваіх кніг напісаў, што існуе пэўная сувязь паміж жыццём чалавека і жыццём горада...

1379367665371_1

1. Геральдыка — прыкмета еўрапейскасці

Геральдыка ўзнікла ў Заходняй Еўропе, яе правілы распаўсюдзіліся па ўсёй Еўропе. Наша краіна — самая ўсходняя тэрыторыя, на якой існавала сапраўдная геральдычная традыцыя. У Маскоўскай дзяржаве, напрыклад, назіраюцца сляды яе зараджэння, але 240 гадоў мангола-татарскага ярма павярнула развіццё культуры ў іншы бок. Толькі Пётр І, пасля таго як пабываў у Галандыі, прайшоўся па тэрыторыі Беларусі агнём і мячом, убачыў, што гэта прыгожая традыцыя. Ён запрасіў галандца, каб стварыць геральдмейстарскую кантору ў Пецярбургу, аднак напачатку справа ішла вельмі млява. Немка Кацярына ІІ паставіла ўсё на прафесійны ўзровень, аднак гэта ўжо позняя геральдыка, у гэты час у Еўропе ўжо пачынаў правіць капітал, а саслоўнае грамадства паступова адыходзіла ў гісторыю. Увогуле ж геральдыка — чыста еўрапейская з'ява.
2. Сучасныя гербы — толькі прыгожая традыцыя

Герб быў народжаны эпохай феадалізму, а мы жывем у постындустрыяльным грамадстве. Як толькі пачалі нараджацца буржуазныя адносіны, патрэба ў гербе адпала. Сучасны герб — як прыгожы матылёк, якога злавілі, накалолі на іголку і на сцяну павесілі...
Раней выявы герба і пячаткі супадалі. Старажытныя прывілеі казалі: «Надаём ім герб на пячатку». Гарадская пячатка адыгрывала ролю своеасаблівага знака якасці. У старажытнасці на ўпакоўкі тавараў, якія ішлі на экспарт з места (напрыклад, Мінскага), ставілі пячаткі: калі тавар першага гатунку — адну, а калі вышэйшага — дзве. А калі ж прадукцыя была ніжэйшага гатунку, то яе ўвогуле не пазначалі. Такім чынам горад прымаў на сябе адказнасць і гарантаваў якасць тавару. Сёння гэтая традыцыя памерла. Усюды выкарыстоўваецца дзяржаўны герб. Ён жа змяшчаецца і на гарвыканкамах, хаця, па логіцы, там павінны быць гербы гарадоў. Даўней рада (гарсавет) мела адзін герб, а гарвыканкам — іншы. І рада, па нормах Магдэбургскага права, была больш галоўнай. Гарвыканкам выконваў тое, што яна яму загадвала.

3. Чым больш старажытны герб, тым больш павагі

Засталася толькі прыгожая традыцыя, аднак галоўнага закону геральдыкі трэба прытрымлівацца: чым больш старажытны герб, тым больш павагі да ўладальнікаў. Таму, выбіраючы сучасны сімвал горада, варта арыентавацца на больш старажытны герб — у большасці краін свету так робіцца. Напрыклад, сучасны герб Гомеля з выявай рысі можна лічыць не зусім дакладным. Бо самым старажытным гербам гэтага горада, атрыманым у 1560 годзе, з'яўляецца срэбны крыж у чырвоным полі, што абазначае абарону ад нячыстай сілы. Калі Беларусь у выніку трох падзелаў Рэчы Паспалітай трапіла ў склад Расійскай імперыі, царскі ўрад імкнуўся выкрасліць нашы геральдычныя традыцыі, бо самакіравання ў царскай Расіі не было. Таму і Гомель замест абарончай сімволікі займеў выяву звера на гербе, які выкарыстоўваецца і цяпер.

4. Чырвоны воск — асаблівы прывілей

Каралеўская ўлада магла памяняць пэўны абстрагаваны герб на новы, аднак гэта было звязана з важнымі гістарычнымі падзеямі. Напрыклад, у Магілёве спачатку быў герб «Вежа пад вастракутным дахам», нададзены каралём Стэфанам Баторыем у 1577 годзе. Аднак у 1661 годзе каралём польскім і вялікім князем літоўскім Янам Казімірам быў нададзены новы герб: «У блакітным полі тры вежы, у адчыненай сярэдняй браме — рыцар у панцыры з уздзетай шабляй у руцэ; на вежы круглая шыльда з выявай дзяржаўнага герба». Гэта адбылося пасля паўстання супраць царскіх войскаў у 1661 годзе. Дарэчы, гэтыя падзеі апісаны ў апавяданні Уладзіміра Караткевіча «Нельга забыць». Спачатку магілёўцы адкрылі вароты царскім войскам, але тыя пачалі рабаваць іх. Гараджане дамовіліся і паднялі паўстанне. Бурмістр Магілёва Леановіч выскачыў з крыкам «Пара!» на ганак ратушы — гэта быў сігнал для паўстання. Яны знішчылі ўсіх царскіх стральцоў, толькі адзін застаўся ў жывых, які быў у гасцях у адной магілёўскай удавіцы (пасля і грамадзянства Рэчы Паспалітай прыняў). За гэта горад займеў новы герб і быў прыраўнаваны да сталічнага, як Вільня. Акрамя таго, горад атрымаў права пячатаць свае дакументы чырвоным воскам. Гэта, як правіла, маглі рабіць каралеўская і велікакняжацкая канцылярыі, буйныя князі, магнаты, напрыклад Радзівілы. Звычайна ў гарадскіх канцылярыях ва ўжытку быў воск зялёнага колеру, натуральнага, — а чырвоны воск абазначаў асаблівы прывілей.

5. Магдэбургскія правы — сведчанне статуса

Гербы надаваліся не населеным пунктам, а жыхарам горада (мяшчанам), усёй іх грамадзе, і гэта часта залежала не ад іх колькасці, а ад самаадданасці і самаахвярнасці на карысць дзяржаве. Паказальным з’яўляецца прыклад Пераброддзя. У ім стаяла ўсяго тры рыбацкія хаткі. Аднак жыхары атрымалі Магдэбурскае права ад караля Стэфана Баторыя за тое, што падчас Лівонскай вайны паказалі каралеўскім войскам брод праз азёры, калі яны ішлі вызваляць Полацк.

6. Пячаткі выраблялі толькі «злотнікі»

Адзіная група рамеснікаў, якая вырабляла пячаткі, называлася «злотнікамі». Яны бралі за гэта даволі вялікую суму грошай. Калі ж асоба, што хацела займець пячатку, была небагатая, яна звярталася да «партачоў» — няцэхавых рамеснікаў, якія не прайшлі поўны курс адукацыі, не здалі іспыты і працавалі падпольна.
У статутах злотніцкіх цэхаў было сказана, што кожны падмайстар, каб атрымаць званне майстра, павінен зрабіць «шэдэўр», або «штуку». У яе, сярод трох прадметаў, уваходзіла пячатка, якую трэба было выразаць з гелмам, шчытом і літарамі вакол. Гэту працу падавалі калегіі майстроў. Калі яны рабілі пэўныя заўвагі, падыспытны меў час іх выправіць. А пасля будучы майстар набываў бочку піва і рабіў «каляцыю» — частаванне ўсіх сяброў цэха. Акрамя таго, кожны таварыш (падмайстар), каб быць дапушчаным да іспытаў, мусіў здзейсніць гадавую вандроўку ў замежныя краіны. Там папрацаваць і прывезці дакументы, што пацвярджалі гэта, і водгукі. Калі ён вяртаўся, то працаваў яшчэ год, і толькі пасля гэтага атрымліваў дазвол здаваць іспыты на званне «майстра».

7. у Рамеснікаў свае гербы
Герб — гэта знак, які дазваляе адрозніць аднаго чалавека ад другога, адну ўстанову ад іншай. Раней людзі былі недастаткова пісьменнымі, таму патрэбен быў візуальны вобраз, каб чалавек запомніў і заўсёды мог пазнаць. Гэту функцыю і выконваў герб.
На гербах рамесных цэхаў маглі быць выяўлены прылады працы, вырабы, пэўныя святыя, якія былі заступнікамі таго або іншага рамяства. Маглі быць і абстрагаваныя выявы — грыфы, але гэта радзей. Напрыклад пячатка мінскага збройніцкага цэха была надзвычай прыгожай: гадзіннік (згарэк), скрыжаваныя шабля і пісталет, а ўнізе падкова і ключ. Бо цэх гэты быў аб'яднаны — згарніцкі, слясарскі, кавальскі і збройніцкі.

8. Герб — быў пад «двухгаловым арлом»

Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай некаторым гарадам усходняй Беларусі давалі новыя гербы. На верхняй іх частцы была выява двухгаловага арла, на ніжняй — герб Вялікага Княства Літоўскага. Гэта рабілася для таго, каб прынізіць жыхароў, маўляў: «Вось у вас дзяржаўны герб, а вы пад арлом ходзіце». Таму памылкова думаць, што царскі ўрад пасля таго, як прыйшоў да ўлады, надаваў гарадам герб ВКЛ. Дакументы сведчаць, што пецярбургскія геральдмейстары рабілі ўсё, каб падкрэсліць імперскія памкненні ўрада.

9. Калабарацыяністы сімвалаў не мелі

Падчас Вялікай Айчыннай вайны калабарацыяністы спрабавалі зацвердзіць у немцаў нацыянальныя сімвалы: гістарычныя герб, сцяг і кветку васілёк. Перапіска Берліна і Мінска па гэтай тэме працягвалася некалькі гадоў. На першы ліст, адпраўлены ў 1941 годзе, немцы адказалі: «У сувязі з тым, што будучыня Беларусі яшчэ не вызначана, заўчасна гаварыць пра нацыянальныя сімвалы». Апошні ліст з Германіі прыйшоў у чэрвені 1944 года, у ім напісана: «У сувязі з абставінамі на франтах лічым далейшую перапіску немэтазгоднай». Гэтыя дакументы называюцца «Берлінскі сшытак» і захоўваюцца ў Берліне. У 1991-1992 гадах іх копіі перавезлі ў Мінск па просьбе Галоўнага архіўнага ўпраўлення, была сфарміравана справа. Такім чынам, беларускія калабарацыяністы спрабавалі зацвердзіць у немцаў пэўныя сімвалы, аднак дазволу не атрымалі і карысталіся імі стыхійна.

10. Пячатка — сродак легалізацыі

Маюцца дакументы, што на тэрыторыі Беларусі напярэдадні Кастрычніцкай рэвалюцыі бальшавікі распаўсюджвалі ўлёткі, аднак сяляне не верылі тым паперам, бо на іх не стаяла пячатка. Калі спецыяльнага водціску няма — гэта не дакумент, гэта шпаргалка. Менавіта пячатка — сродак легалізацыі.
Увогуле інстытуту пячаткі 8000 гадоў. Беларуская найбольш старажытная — з часоў Ізяслава Уладзіміравіча, які памёр у 1001 годзе, таму мы можам казаць, што маем 1000-гадовую гісторыю сфрагістыкі (навукі, якая займаецца вывучэннем пячатак).

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ. Фота Марыны БЕГУНКОВАЙ.

1379367667376_2

1379367668155_3

1379367669932_4

Першы герб Гомеля, атрыманы ў 1560 годзе, — срэбны крыж
у чырвоным полі — мае абарончую сімволіку. Другі, нададзены Расійскай імперыяй у 1855 годзе, —
рысь, якая знаходзіцца пад двухгаловым арлом, над імі — гарадская карона. Трэці — сучасны герб Гомеля, зацверджаны ў 1997 годзе.

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.