Вы тут

Смак бульбы


...Пажылы, з белай чупрынай мужчына, які ў маладосці, мусіць, быў чарнявым, сядзеў за столікам вулічнай кавярні.

— Можна да вас? Месцы не занятыя? — пачуў ён раптам.

— Не занятыя... Сядайце.

Перад ім стаяла маладая сям'я: сужэнцам гадоў па трыццаць, іх сыну — можа, з дзясятак. Яны, як многія тут, заказалі сабе катлеты па-кіеўску з бульбай на гарнір, па шклянцы соку, па порцыі марозіва. Пакуль елі, мужчына пацягваў з куфля светлае піва. Талеркі яго стаялі збоку, пустыя.

Сужэнцы са сваіх таксама падчысцілі ўсё, а вось сынок іх... Памалу, быццам праз сілу, з'еў катлету, адсунуў у бок гарнір і — узяўся за марозіва.

— Як цябе завуць? — раптам спытаў у хлопчыка сівы мужчына.

— Дзіма. Мы з Гомеля, прыехалі Кіеў паглядзець, — выдаў малы і запытальна глянуў на бацькоў. Тыя маўчалі — чакалі, што будзе далей.

— Паглядзі, Дзіма, як трэба есці, — мужчына павёў вачыма на свае чыстыя, нібы памытыя, талеркі, потым на ягоную — з некранутым гарнірам. — Расказаць табе, як бульба ўратавала жыццё?

Дзіма недаверліва паглядзеў на незнаёмца, потым на бацькоў, як бы пытаючы: «Слухаць ці не?». Бацька згодна кіўнуў: «Чаму ж не?.. Можа, і цікава».

— Было гэта з паўвека таму, — загаварыў стары. — Служыў я тады ў марфлоце. Першы час вельмі цяжка было — даставала гойданка. А калі трохі прывык, давялося апынуцца на баржы. Гэта судна такое для перавозкі грузаў. Дык вось аднойчы яно адарвалася ад буксіра, і мы, чацвёра, засталіся як бы на возе, але без каня. Але ж з воза і саскочыць можна — на дарогу, на зямлю, а пасярэдзіне акіяна скакаць няма куды.

У нас не было ветразяў, у нас не было ні вады, ні ежы, ні сувязі. Але ж мы, «салагі», як нас называлі, былі ўпэўнены, што нас вось-вось знойдуць, аб'явяць героямі, ад пуза накормяць макаронай па-флоцку... З надзеяй мы паглядалі ў розныя бакі...

Адкуль нам было ведаць, што наша пасудзіна аказалася ў квадраце, закрытым пад сакрэтныя выпрабаванні, што нас не будуць шукаць...

Наш камандзір ведаў не больш за нас, ён быў толькі на год старэйшы і па службе, і па ўзросце. Але ж патлумачыў, што «загараць», магчыма, давядзецца доўга і даў каманду: не панікаваць, слухаць яго загады і... зацягнуць папругі.

А яны і так былі на апошняй дзірачцы.

Ад голаду і ад няма чаго рабіць мы агледзелі кожны куточак пасудзіны, на якой апынуліся. І... Нам страшэнна пашчасціла: мы знайшлі невялічкую кучку бульбы — дзевятнаццаць штук, грамаў сто солі, з паўкіло прасяных круп і паўлітровую конаўку!

З сістэмы ахаладжэння мы збіралі ржавую ваду і варылі суп. Бралі адну бульбіну, рэзалі яе на маленькія кавалачкі, дадавалі да яе трошкі круп і солі.

Што атрымлівалася!? Не расказаць, бо бульба, відаць, доўга валялася і нацягнула саляркі. Ад аднаго толькі паху ў першы дзень нас пачынала выварочваць...

Але ж праўду кажуць: голад — не цётка. З кожным днём той суп здаваўся ўсё смачнейшым. Мы стараліся расцягнуць яго на двое сутак. Але ж, як ні эканомілі, настаў той дзень, калі мы зварылі і з'елі апошнюю бульбіну.

Пасля яе ў ход пайшлі чаравікі, мех гармоніка, зубная паста... Як мы гэта елі — цяпер не ўявіць.

Мы, можна сказаць, даходзілі ўжо, калі нас падабрала іншаземнае судна. Высветлілася, што мы прабылі на баржы сорак дзевяць дзён!

Нам прапаноўвалі застацца ў той краіне, абяцалі залатыя горы. Але яны нам былі не патрэбны — мы рваліся дадому...

Сёння з нашай чацвёркі жывыя толькі я і камандзір. Ён жыве пад Ленінградам, плавае па Няве — капітан буксіра. Час ад часу мы сустракаемся, успамінаем нашу баржу... Пасля «падарожжа» на ёй мы па-іншаму сталі глядзець на свет. Мусіць жа, праўду кажуць: каб нешта па-сапраўднаму навучыцца цаніць, яго трэба страціць, — завяршыў сваё апавяданне пажылы чалавек.

За столікам павісла цішыня, якую парушыў ціхі шоргат: хлопчык, ні слова не сказаўшы, падцягнуў да сябе талерку, з апетытам даеў бульбу, дапіў сок і толькі потым падняў вочы на пажылога чалавека.

А той глядзеў некуды ўдалеч: ён быў, відаць, са сваімі сябрамі — на адзінокай баржы, якая дрэйфавала пасярод акіяна.

Раіса ДЗЕЙКУН, г. Гомель

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.